Поделиться:
Музычны дзённік. Меладычны летапіс краіны... Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
16 ноября 2016
Музычны дзённік. Меладычны летапіс краіны... Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Далёка не ўсе могуць пахваліцца тым, што атрымліваюць віншаванні з прафесійным святам два разы на год, і гэта, дарэчы, выгадна адрознівае супрацоўнікаў Беларускага радыё ад прадстаўнікоў іншых прафесій. Для нас, бадай, аднолькава важныя і 7 мая – Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, і 15 лістапада – Дзень нараджэння Беларускага радыё.

Нягледзячы на тое, што ўчора не адбылося нічога неардынарнага, быў звычайны працоўны дзень, усё ж сама лічба 91 навявае пэўныя думкі і нагадвае, што мы – частка вялікай, цікавай і, нават, унікальнай гісторыі. Хтосьці да яе прычыніўся нядаўна, хтосьці звязаў з ёй свой лёс, у любым выпадку радыё для большасці з нас стала ладам жыцця.

Асабіста для мяне гэтая гісторыя пачалася ў дзяцінстве, калі радыё, насамрэч, было акном у свет. Мае далёкія ўспаміны звязаны з прыгожай паліраванай радыёлай на ножках, якія надавалі ёй нават нейкую вытанчанасць. Радыёла для мяне была своеасаблівай віртуальнай канцэртнай залай. Я, дарэчы, да цяперашняга часу не магу пазбавіцца гэтай асацыяцыі. Канешне, вабіў знешні выгляд, магчымасць паслухаць грампласцінкі, але самае галоўнае – гэта тое, што можна было плаўна пераключацца на розныя эфірныя хвалі, вандраваць па іншых краінах, знаёміцца з музыкай, якую немагчыма было пачуць больш нідзе. Гэта зачароўвала, давала ўсведамленне, што ёсць іншы вялікі свет. Ён рэальны, але разам з тым пакуль недаступны. Мае гарызонты пазнання пашыраліся дзякуючы і Беларускаму радыё.

Да гэтага часу помню, як чакала перадачы «Музычныя далягляды», «Моладзі пра музычнае мастацтва», што выходзілі ў эфір позна ўвечары. Тады, у 70-80-ыя гады, актыўна працаваў Эстрадна-сімфанічны аркестр Беларускага радыё пад кіраўніцтвам Барыса Райскага. Яго запісы гучалі ў эфіры, бадай, кожны дзень, уражвалі чысцінёй, дасканаласцю, невытлумачальнай гукавой аўрай.

Дарэчы, гісторыя калектыву пачалася амаль што разам з гісторыяй радыё – у 1929 годзе, калі быў створаны вялікі сімфанічны аркестр радыёцэнтра, але другое нараджэнне адбылося ў красавіку 1958 года. Гэта дата і лічыцца афіцыйным днём стварэння калектыву. Яго першым дырыжорам стаў Самуіл Ратнер, але літаральна праз два месяцы аркестр узначаліў Юрый Бяльзацкі. Гэта быў выдатны музыкант, піяніст, дырыжор, аранжыроўшчык, кампазітар, выпускнік вышэйшай музычнай школы iмя Ф. Шапэна ў Варшаве, які па волі лёсу ў канцы 30-ых гадоў апынуўся ў Беларусі. За тры гады работы з аркестрам Беларускага радыё Юрый Бяльзацкі даў калектыву ўдалы творчы старт і ў многім падрыхтаваў паспяховую дзейнасць свайго паслядоўніка Барыса Райскага, які ўзначаліў аркестр у 1961  годзе.

Жыццё любога творчага калектыву, як і жыццё чалавека не бывае роўным, але практычна заўсёды за поспехамі – асоба кіраўніка. Яркі след пакінуў і выдатны дырыжор народны артыст Расіі Генадзь Праватораў.

Зусім нядаўна Сімфанічны аркестр узначаліў яго вучань Вячаслаў Воліч – вопытны дырыжор, вядомы далёка за межамі Беларусі. Сам гэты факт дае надзею на захаванне пераемнасці, якая заўсёды была і застаецца асновай развіцця і творчага пошуку. Апошняе не прымусіла доўга чакаць. Крыху больш за месяц таму Сімфанічны аркестр прыняў удзел у арыгінальным праекце «Класіка плюс спорт», дзе суправаджаў хакейны матч у прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 5».

Што ж, будзем чакаць наступных цікавых ідэй, а таксама спадзявацца на тое, што яны супадуць з творчымі пошукамі яшчэ аднаго старэйшага калектыву краіны – акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі. Зусім нядаўна вялікім канцэртам у філармоніі ён адзначыў 85-гадовы юбілей. Святкаванне гэтай даты музыканты прымеркавалі да дня нараджэння народнага артыста СССР, прафесара Віктара Уладзіміравіча Роўды. 10 лістапада яму споўнілася б 95. Менавіта з імем гэтага легендарнага дырыжора і музыканта звязаны залаты перыяд у гісторыі калектыву.

Віктар Уладзіміравіч аддаў хору 42 гады і заставаўся з ім да апошніх дзён жыцця. У свой час мне давялося адчуць магію і маштаб асобы маэстра. Гэтыя некалькі інтэрв’ю з Віктарам Уладзіміравічам сёння я магу назваць і ўрокам, і майстар-класам, і цёплай, добрай размовай з мудрым чалавекам, якога, найперш, трэба ўважліва слухаць. Здавалася, ён ведаў адказы на ўсе пытанні, нават на тыя, якія не задаваліся, але, напэўна, чыталіся па вачах. Нават у сталым узросце ён уражваў яснасцю і лагічнасцю думак, глыбінёй, эмацыянальнасцю, магутнай духоўнай сілай і энергіяй, што не кожнаму ўдаецца захаваць. Напэўна, гэта можна патлумачыць не толькі прыродай, але і прагай пазнання, якая вяла яго па жыцці.

Насамрэч, гэта быў чалавек цікавага лёсу. Сын свяшчэнніка, скончыў духоўную семінарыю, Літоўскую кансерваторыю, аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі, меў медыцынскую адукацыю, выкладаў у Маскоўскім харавым вучылішчы і Маскоўскай кансерваторыі, больш за 40 гадоў узначальваў кафедру  харавога дырыжыравання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, арганізоўваў харавыя святы, словам, быў у пастаянным творчым пошуку. Трэба прызнаць, асобы такога маштабу з’яўляюцца нячаста. Таму і па сённяшні дзень імя Віктара Уладзіміравіча Роўды – эталон прафесіяналізма і адданасці справе. Пра гэта сведчыць і тое, што канцэрт 9 лістапада прайшоў з аншлагам.

85-годдзе Акадэмічнага хору Белэлерадыёкампаніі і 95 годдзе Віктара Роўды – гэта нават не проста двайны юбілей, а свята ўсёй харавой супольнасці. І так атрымліваецца, што яе калыска – Беларускае радыё, якому ўчора споўніўся 91 год. Менавіта таму сёння мне захацелася звярнуць увагу, што яго музычнае аблічча – гэта не толькі эфір, але і цудоўныя калектывы, якія і канцэрціруюць, і шмат працуюць у студыі, і ўжо многа гадоў сваімі запісамі ствараюць музычны летапіс краіны.
Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: