
Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Лілія Давідовіч усё жыццё працавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. З самых першых роляў выявілася здольнасць актрысы ствараць моцныя, валявыя характары. Галерэя яе жаночых вобразаў, увасобленых на тэатральнай сцэне, вельмі багатая і шматпланавая. Найчасцей гэта натуры гордыя і незалежныя, узнёслыя і лірычныя. Ганна ў “Людзях на балоце” Мележа, Марыя Сяргееўна “Залатая карэта” Лявонава, Дзіяна “Канец – справе вянец” Шэкспіра, Рая “Пагарэльцы” Макаёнка, Юлія Тугіна “Апошняя ахвяра” Астроўскага, Філіпа Джэймс “Умовы дыктуе жанчына” Эліса і Рыза ды іншых. Каля 70 роляў было сыграна актрысай на купалаўскай сцэне за 40 гадоў.
Асобная старонка яе творчай біяграфіі – Беларускае радыё, дзе яна таксама была шмат занята ў радыёспектаклях і пастаноўках, як у класічных творах, так і сучасных аўтараў.
На працягу “Юбілейнага тыдня” ў “Тэатры Беларускага радыё” прагучаць радыёспектаклі, у якіх галоўныя ролі выконвае народная артыстка Беларусі Лілія Давідовіч. 19-21 снежня слухайце радыёкампазіцыю спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “І змоўклі птушкі” паводле аднайменнай п’есы Івана Шамякіна (Наталля Фадзееўна), 22 снежня – радыёпастаноўка “Вераснёвыя ночы” паводле аднайменнага апавядання Кузьмы Чорнага (Агата), 23-25 снежня – радыёспектакль “Людзі на балоце” паводле “Палескай хронікі” Івана Мележа (Ганна), а таксама 25 снежня прагучыць радыёпастаноўка “Краіна Цыганія” паводле апавядання Уладзіміра Караткевіча (Яня).