
Першае, што адзначаюць замежныя турысты ў Мінску, гэта чысціню, і часам дадаюць: такога чыстага горада не бачылі нідзе. Мы прывыклі да гэтай чысціні. І нават не задумваемся: хто наводзіць гэты парадак і куды знікае смецце? Цікава, а якія гарады свету самыя чыстыя і дагледжаныя? Да чаго варта імкнуцца? Як у іншых краінах вырашаюць праблемы адходаў і клапоцяцца пра экалогію?
Кінуў паперку ў сметнік і адразу ж атрымаў заўвагу ад дворніка: «Можна было і міма кінуць. Калі ўсе перастануць смеціць, мяне звольняць з працы!» Было гэта ў Італіі. Не ведаю, наколькі там цяжка знайсці працу дворніка, але смецця, вядома, хапае. А што рабіць, калі, напрыклад, Венецыю, у якой жывуць 260 тысяч чалавек, кожны год наведваюць больш за 20 мільёнаў гасцей? Натуральна, праблема смецця будзе вострай, прыкметнай воку. Ціск турыстычнай галіны стаў настолькі вялікім, што пагражае як самому гораду, так і яго насельнікам.
Жыхары і госці Неапаля надоўга запомнілі смеццевы крызіс 2007 года. Смецце не было каму прыбіраць і куды вывозіць. Уся прыгажосць старажытнага Неапаля была абсыпана тонамі смецця. Вуліцы надоўга ператварыліся ў перапоўненыя смуродныя звалкі. Ад экалагічнай катастрофы Неапаль выратавала Германія, якая пагадзілася забраць і перапрацаваць у сябе адходы з Італіі. Але гэта было часовае выйсце. Праблема смецця не вырашана і зараз.
Цярпенне італьянцаў скончылася. Пачалася кампанія па змяншэнні колькасці смецця на вуліцах. Зараз паперку міма сметніка не кінеш. У першую чаргу новы закон закрануў курцоў – любы акурак міма урны абернецца штрафам у 300 еўра. Акрамя таго, выкінутая жвачка караецца штрафам у 30 еўра, аднаразовы посуд – 150.
У іншых краінах пакаранне яшчэ мацней. У Іспаніі прачытаў таблічку на смеццевым баку: «Калі кінеш міма, штраф 600 еўра». А ў Германіі, кажуць, ёсць «смеццевыя дэтэктывы» – людзі, якія фіксуюць факты выкідання смецця і адпраўляюць інфармацыю ў паліцыю.
Славіцца сваімі штрафамі Сінгапур. Насмеціў – заплаці 1000 мясцовых долараў. А ўлічваючы, што ўвесь горад абсталяваны відэакамерамі, пазбегнуць пакарання складана. Дзеля справядлівасці адзначу, што і ў Сінгапуры смецце на вуліцах таксама сустракаецца.
Мабыць, адзіная краіна, якая здзіўляе – гэта Японія. У гарадах чысціня ідэальная. Там няма не толькі смецця, але і сметнікаў. Паперкі, акуркі і іншыя адходы носяць з сабой увесь дзень у пакеце, каб вечарам выкінуць дома або ў гасцініцы. Праўда, аднойчы ў цэнтры Токіа выйшаў раніцай на вуліцу раней за дворнікаў і ўбачыў знаёмую карціну: на тратуары пакеты, бляшанкі, акуркі. Так што не бывае абсалютнай чысціні, нават у Японіі.
Вядома, чысты горад – гэта не толькі адсутнасць смецця. Гэта спрыяльнае асяроддзе, добрая экалогія. З гэтага пункту гледжання цікавы міжнародны рэйтынг самых экалагічна чыстых гарадоў планеты. Параметры ацэнкі: атмасфера, якасць пітной вады, утылізацыя смецця, здароўе насельніцтва. Звернем увагу на некаторых лідараў рэйтынгу.
Нямецкі Фрайбург вядомы як эка-горад, адзін з самых чыстых і зялёных. Славіцца высокімі стандартамі жыцця, прыгожымі краявідамі і дарогамі, свабоднымі ад машын. У швейцарскім Цюрыху паспяхова ўкаранёныя «зялёныя» віды транспарту і біялагічнае паліва, а колькасць машын скарачаецца. У Капенгагене і Вене пастаянна з'яўляюцца новыя паркі і зялёныя зоны, праводзяцца шматлікія сацыяльныя кампаніі, якія прапагандуюць хадзьбу і язду на веласіпедзе як альтэрнатыву аўтамабілю.
Чыкага – адзін з буйнейшых гарадоў ЗША, але мае рэпутацыю вельмі чыстага горада. Тут рэалізуецца праект па азеляненні дахаў па ўсім горадзе, іх ператвараюць у сады, каб палепшыць якасць паветра. Улады горада таксама заахвочваюць сваіх жыхароў карыстацца грамадскім транспартам дзеля скарачэння шкодных выкідаў.
Горад, які патанае ў зелені – Адэлаіда. Сталіца Паўднёвай Аўстраліі нагадвае вялікі парк. Галоўная турыстычная славутасць сталіцы Новай Зеландыі – навакольнае асяроддзе. Мільёны турыстаў прыязджаюць у Велінгтон дыхаць свежым паветрам, гуляць па чыстых вуліцах. У горадзе шмат прыроднай прыгажосці, зялёных месцаў, гор, пляжаў, што робіць яго адным з самых прывабных для жыцця.
На вяршыні спіса самых чыстых гарадоў – канадскі Калгары. Тут шмат заводаў, але горад ацанілі не за якасць паветра, а за меры, якія прымаюць улады, каб выратаваць свой горад ад забруджвання. Дзякуючы сучасным праектам Калгары практычна цалкам змаглі пазбавіць ад выкідаў. А смеццевых звалак няма нават на ўскраінах.
Каб быў парадак, патрэбны і пуга, і пернік. А першы крок да чысціні – жаданне кожнага прыбіраць за сабой.