Поделиться:
Роздум. Ганарыцца сваім! Радыёблог Навума Гальпяровіча (аудыё)
29 сентября 2016
Роздум. Ганарыцца сваім! Радыёблог Навума Гальпяровіча (аудыё) Вітаю сябры!
Пачну з нядаўняга паведамлення ў прэсе пра чарговы набытак важнай гістарычнай каштоўнасці.
Кожны раз, калі прыходзіць такая вестка, хочацца радавацца, бо тое, чым ганарыцца наша краіна, што з’яўляецца прадметам большага пазнавання нашай гісторыі і культуры ў свеце, знаходзіць матэрыяльнае ўвасабленне і спрыяе іміджу нашай дзяржавы ў сусветнай супольнасці.
Так сталася, што многія нашы культурныя каштоўнасці аказаліся раскіданымі па свеце і вяртанне іх на радзіму – падзеі, безумоўна, важныя і значныя.
"Малая падарожная кніжка" – невядомы да нядаўняга часу асобнік першага выдання кнігі Францыска Скарыны на беларускіх землях – набытая Белгазпрамбанкам і застанецца ў Беларусі!
Кіраўнік Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка падкрэсліў, што расцэньвае набыццё рарытэта як знакавую падзею для ўсёй краіны.
“Наступны год – год Скарыны, і мы спадзяемся ў гэтым годзе яшчэ раз прадэманстраваць адзінства беларускай і еўрапейскай культур”,- заявіў ён.
Набытак банка мае вялікае значэнне, бо раней у нашай краіне мелася толькі 10 пражскіх выданняў першадрукара (у Нацыянальнай бібліятэцы). Цяпер жа да іх дадаліся яшчэ 18 кніг-частак, надрукаваных у Вільні каля 1522 года.
Дарэчы, Белгазпрамбанк на працягу некалькіх апошніх гадоў сістэматычна ажыццяўляе  фінансаванне сацыяльных і культурных праектаў, накіроўваючы на гэтыя мэты частку прыбытку.
І яшчэ адно паведамленне на тэму, якое з'явілася ў агенцтве БЕЛТА напярэдадні. Замкавы комплекс "Мір" заключыў сенсацыйную здзелку па набыцці калекцыі партрэтаў князёў Радзівілаў. Сцены Партрэтнай залы Мірскага замка цяпер упрыгожаны арыгінальнымі партрэтамі, якія музей набыў у князя Канстанціна Гогенлоэ-Шылінгсфюрста, які жыве ў Германіі. Упершыню гэту калекцыю беларусы ўбачылі ў маі 2014 года на выстаўцы. На працягу 17 месяцаў дырэктарат музея вёў перагаворы з уласнікам партрэтаў князем Канстанцінам. І вось нарэшце Міністэрства культуры Германіі дало дазвол на перамяшчэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей
Мне не раз даводзілася гаварыць пра тое, як нашы культурныя каштоўнасці, помнікі, прыродныя багацці атрымліваюць усё большую папулярнасць у многіх краінах, у тых турыстаў, якія ўсё часцей завітваюць на нашу Радзіму.
Пра гэта сведчыць і пошта, якую мы атрымліваем на нашым радыё не толькі з краін Еўропы, такіх як Германія, Францыя, Італія, а таксама з Пакістана,
Індыі, вялікага Кітая, краін Лацінскай Амерыкі.
Таму, як дбайныя гаспадары, мы прымаем гасцей і знаёмім іх са славутасцямі нашай зямлі, з тым, чым самі ганарымся і што беззапаветна любім.
У гэтай сувязі вялікае значэнне мае захаване і рэстаўрацыя не толькі найбольш вядомых і значных помнікаў гісторыі і архітэктуры, але і многіх паўразбураных старажытных збудаванняў, закінутых паркаў і сядзіб, якія шмат могуць расказаць пра даўнія часы, пра былых гаспадароў.
Здавалася б, нямала значных і надзённых заняткаў для сучаснікаў: будуюцца новыя дамы, вуліцы і праспекты, упрыгожваюцца і добраўпарадкуюцца нашы гарады і паселішчы.
Але не трэба забывацца, што захаванне нашай спадчыны –  ці гэта помнік архітэктуры, ці знойдзены старадрук –  мае не  менш важнае значэнне як для тых, хто будзе жыць у гэтых дамах, хадзіць і ездзіць па сучасных праспектах, так і для нашых гасцей .
Гэта тычыцца і мовы народа, на якой створаны шэдэўры беларускага пісьменства, на якой складзена нямала цудоўных песень і казак.
Дарэчы, шэдэўрамі нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці з’яўляюцца і народныя абрады, частка з якіх унесена ў скарбніцу ЮНЕСКА.
Глыбей спазнаваючы сябе, сваю гісторыю і культуру, мы становімся багацейшыя духоўна, усведамляючы прыналежнасць да свету сваім самабытным тварам, нясём святло нашай існасці ў вялікую сям’ю народаў.
І гэты гонар ні ў якім разе не павінен вырастаць у фанабэрыстасць ці супрацьстаўленне іншым народам і культурам.
Ганарыцца сваім – значыць верыць у будучыню роднай зямлі і быць адкрытым і годным для ўсяго свету!  

Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: