
Чытаю ўнуку “Маўглі”,адну з любімых казак дзяцінства- “Мы з табой адной крыві –ты і я”…”Дзядуля , і мы таксама?”,-пытаецца малы. –“Так , Мацвейка, усе людзі, і ўсе жывыя істоты адной крыві. Гэта пра тое , што трэба сябраваць, паважаць , дапамагаць у бядзе…”
Каторы раз чытаю захапляючую і шчымлівую гісторыю пра хлопчыка ў дзікіх джунглях , які не толькі навучыўся разумець мову мясцовых насельнікаў , а нават арганічна ўліўся ў сям’ю дзікіх звяроў і птушак. Аўтар аповяду англійскі пісьменнік Рэдзьярд Кіплінг стварыў сапраўды геніяльны твор, аднолькава цікавы для дзяцей і дарослых.
Так, і для дарослых , бо праз казачныя вобразы і персанажы праступае роздум пра вечныя ісціны , пра дабро і зло, вернасць і здраду.
Але першае знаёмства з творам пачынаецца для многіх з дзіцячага ўзросту. І кніжка , і мульфільм , і амерыканская экранізацыя пагружаюць юнага чытача, слухача і гледача ў фантастычны свет прыроды. Расповед цікавы яшчэ і тым , што дзятва атрымлівае ўяўленне пра многіх жывёл , якіх яна пакуль не бачыць ужывую , але ва ўяўленні пазнае характэрныя рысы , нават звычкі кожнага насельніка джунгляў. І хай гэтыя вобразы крыху фантастычныя , але яны пашыраюць абсяг ведаў малых пра навакольны свет.
Я чаму так падрабязна спыняюся менавіта на творы “Маўглі”. Прайшло столькі гадоў пасля яго напісання , але і сёння практычна ўвесь свет перажывае падзеі гэтай захапляючай гісторыі , і на дзесятках , а то і сотнях мовах дзеці і дарослыя сочаць за лёсам маленькага хлопчыка сярод дзікіх жывёл.
Вялікая загадка і таемная аўра дзіцячай літаратуры – выхоўваць дабрыню і спагаду , мужнасць і веру праз захапляючыя гісторыі і казачныя персанажы.
Тут патрэбны не толькі талент апавядальніка , а ўменне аўтара прасякнуцца дзіцячай псіхалогіяй , самому верыць беззапаветна ў высокія ідэалы і рамантыку свету.
Колькі пакаленняў вырасла на кніжках Барто і Чукоўскага, Джані Радары і Джоан Роўлінг , Маршака і Шарля Перо, Лінгрэн і Андэрсэна , нашых Янкі Маўра і Міхася Лынькова!..
І тут я вяртаюся да ранейшых размоў і разваг пра вартасць чытання. І калі калега з лёгкім сумам шкадуе , што безліч спраў , вірлівы рытм жыцця не дае яму магчымасці чытаць столькі мастацкай літаратуры , як раней , то гэта сведчыць пра тое , што з дзяцінства харошая літаратура захапіла яго душу і патрабуе вяртання да той асалоды знаёмства з творамі любімых аўтараў , якую ён спазнаў з маленства.
Да слова , у нас апошнім часам дзіцячай літаратуры выходзіць нямала. Але часам , корпаючыся ў стэлажах кнігарань , не так проста выбраць такую кнігу , якая магла б па эмацыйным уздыме параўнацца хаця б крыху з лепшымі кніжкамі нашага дзяцінства.
Бывае, што нізкі мастацкі ўзровень некаторых аўтараў , можа толькі адцягнуць дзіця ад чытання, адбіць у яго жаданне нават гартаць такія кнігі.
“Пісаць для дзяцей гэтак жа складана , як і для дарослых , -- казаў мне мой даўні сябар цудоўны паэт Алесь Пісьмянкоў, -- таму для дзяцей трэба пісаць нават лепш. Гэта надзвычай адказна”.
Хацелася б верыць , што мой маленькі Мацвей , калі падрасце і стане дарослым , будзе чытаць сваім дзецям і ўнукам разам з ужо стаўшымі класічнымі творамі і кніжкі сучасных аўтараў , не менш захаляючыя і павучальныя.