Поделиться:
13 апреля 2017
Непадалёк ад таго месца, дзе прайшло маё дзяцінства, ля Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку, на ўзбярэжжы вірлівай рэчачкі Палаты было поле, і мы часта гулялі там. Асабліва летам там было дужа прыгожа: духмянае разнатраўе, сілуэт цэркаўкі Спаса, высокі палатоўскі бераг з навясным мастком праз раку… І не адразу кідалася ў вочы сціплая таблічка, якая паведамляла, што тут, угэтай зямлі, знаходзяцца рэшткі закатаваных і забітых людзей.  
У жніўні 1941 года побач са Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыром, на тэрыторыі былога вайсковага гарадка размясціўся транзітны ваенны лагер для савецкіх ваеннапалонных — Дулаг–125. Тут утрымліваліся таксама і мясцовыя цывільныя грамадзяне.
Смяротнасць у лагеры дасягала двухсот чалавек у дзень. Усіх хавалі на былым стрэльбішчы. Працэс нагадваў канвеер, калі траншэі з аднаго боку толькі яшчэ адкопваліся, з другога — у іх ужо скідвалі трупы і прысыпалі зямлёй. Целы памерлых і забітых ляжалі тут у 8 слаёў. Сюды ж звозілі расстраляных і павешаных з грамадзянскага лагера "Грамы", тут жа закопвалі закатаваных зняволеных гарадской турмы і гестапа...
У 2010 годзе Полацкая гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання «Беларускі фонд міру» абвясціла пра збор сродкаў на ўзвядзенне мемарыяльнага комплексу на месцы масавага пахавання ва ўрочышчы Пяскі. Нядаўна тут з'явіліся першыя помнікі будучага мемарыяла ў памяць загінуўшых сарака тысяч чалавек.
Пра гэта я згадаў яшчэ і таму, што тыдні была сумная дата - Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Адзінаццатага красавіка 1945 года вязні канцлагера Бухенвальд каля нямецкага горада Веймар падняліся на ўзброенае паўстанне і не далі гітлераўцам схаваць сляды злачынства, знішчыўшы перад уцёкамі сведкаў страшэннай трагедыі – масавага забойства людзей розных нацыянальнасцяў.
У 1946 годзе міжнародны трыбунал у Нюрнбергу прызнаў існаванне лагераў смерці і выкарыстанне паднявольнай працы грамадзян розных дзяржаў на карысць фашысцкай Германіі не толькі ваенным злачынствам. Яно было кваліфікавана як злачынства супраць чалавецтва.
На акупаванай фашыстамі тэрыторыі Беларусі было створана больш як 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. Найбольш вядомыя з іх Трасцянец, Мінскае гета (буйнейшае ў Еўропе), Азарычы, дзіцячы канцлагер Чырвоны бераг. Па прыблізных дадзеных у лагерах смерці на тэрыторыі нашай краіны нацысты знішчылі каля паўтара мільёна мужчын, жанчын, старых і дзяцей.
Здавалася, ніколі не сціхне боль і жудасць ад гэтых фактаў і лічбаў, што чалавецтва назаўсёды пракляне катаў і ніколі ў свеце не паўторацца падобныя трагедыі. Ды як зарастае зямля травой, так зарастае ў некаторых памяць жудасным чартапалохам і ядавітымі раслінамі.
Штодня то ў адной, то ў другой частцы планеты адбываюцца злачынныя атакі на мірных людзей, чалавецтва сатрасаюць ваенныя канфлікты, л'ецца кроў.
Хітрасплеценыя інтрыгі розных недабрасумленных і некампетэнтных тлумачальнікаў былых падзей вытраўліваюць з новых пакаленняў памяць пра ахвяры, пра барацьбу з чумой дваццатага стагоддзя.
І ўжо сеецца ў некаторых недавер да вызначаных фактаў і лічбаў, да ацэнак дзейнасці тых ці іншых асоб у гісторыі.
Сёння ў інтэрнэце можна знайсці розныя інсінуацыі і ацэнкі падзей Другой Сусветнай вайны. Падвяргаюцца сумненню лічбы колькасці ахвяр, робяцца спробы калі не апраўдаць, то хоць зразумець матывы тых, хто змагаўся за чысціню расы ці выступаў супраць цэлых народаў, этнасаў і рэлігій.
Нямецкі фашызм і пачынаўся з малога – незадаволенасці і зайздрасці, нацыянальнай перавагі і пагарды да іншых. Нездарма яго называлі карычневай чумой. Як любая эпідэмія, яна распаўсюдзілася вельмі хутка і прынесла шмат бед чалавецтву.
Але мікробы яе могуць муціраваць і распаўсюджвацца і цяпер, калі іх не спыняць і з імі не змагацца. Бо любая ксенафобія, нацыянальны і рэлігійны фанатызм могуць перарасці ў новую чуму, згубную і страшную.
Перасцерагаць ад гэтага павінна памяць пра жудасныя ахвяры фашызму ў дваццатым стагоддзі. І хоць праходзяць гады, памяць не павінна зарастаць травой забыцця.
Як пісаў паэт, гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым...
Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: