Поделиться:
Роздум. Сустракаючы гасцей... Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
3 ноября 2016
Роздум. Сустракаючы гасцей... Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Прывітанне, сябры!
Напэўна, многія лічаць, што восень, асабліва даждлівы і туманны лістапад – не самая лепшая пара для адпачынку і падарожжаў; але для сапраўдных аматараў пошуку яркіх станоўчых уражанняў яна не перашкода. У выхадныя і святочныя дні нямала аматараў паўдзельнічаць у цікавых паездках, пазнаёміцца з выдатнасцямі розных краін.
Прыемна, што адным з месцаў, якое прыцягвае турыстаў, з’яўляецца наша сталіца. Як пішуць на многіх турыстычных парталах, Мінск па-ранейшаму сярод тых гарадоў, ўто ўзначальваюць рэйтынг гарадоў Еўропы для паездак на лістападаўскія святы.
У спіс увайшлі еўрапейскія гарады, папулярныя ў расіян і турыстаў з блізкага і далёкага замежжа для асенніх падарожжаў. Эксперты ацанілі бюджэт паездак з разліку на аднаго чалавека па такіх параметрах, як пражыванне ў атэлі 2-3 зоркі ў радыусе пяці кіламетраў ад цэнтра горада; комплексны абед у недарагім кафэ; кошт агляднай экскурсіі па горадзе; транспартная картка на адзін дзень для праезду ў грамадскім транспарце; цана білета ў самы папулярны музей; праезд ад аэрапорта да цэнтра горада на грамадскім транспарце.
Эксперты  раяць турыстам, якія наведваюць Мінск, прагуляцца па праспекце Незалежнасці – архітэктурным шэдэўры, вытрыманым у адзіным стылі першых пасляваенных гадоў, а таксама наведаць Верхні горад – месца гістарычнай забудовы, дзе з XII стагоддзя жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.
Сярод іншых выдатных мясцін названы касцёл Імя Прасвятой Дзевы Марыі – галоўны каталіцкі храм Мінска, і музей авіяцыі, дзе сабрана рэдкая авіяцыйная тэхніка: 23 самалёты і 6 верталётаў.
Безумоўна, вельмі прыемна, што выдатнасці нашага горада вабяць падарожнікаў. Тым больш, што развіццё турызму ў краіне садзейнічае не толькі іміджу Беларусі ў свеце, але і прыносіць упаўне адчувальныя эканамічныя выгады.
У гэтай сувязі важна, каб гэта разумелі многія нашы суайчыннікі, бо яшчэ па-ранейшаму можна сустрэцца з вельмі недалёкім меркаваннем, што, маўляў, навошта траціць грошы на аднаўленне і рэканструкцыю помнікаў старажытнасці , адкрыццё атэляў, кэмпінгаў і месц харчавання для турыстаў, бо ёсць надзённыя, больш актуальныя задачы. Між тым, сапраўдны гаспадар павінен жыць не толькі сённяшнім днём.
Пры належнай арганізацыі і падыходах да развіцця турызму ў краіне такія затраты акупяцца даволі хутка. А калі дадаць да гэтага іміджавы складнік , то, безумоўна, справа гэтая патрэбная і важная.
Так склалася, што, раскрываючы для сусвету родную Беларусь,  мы і самі лепш пазнаём сябе, здабыткі ўласнай гісторыі і культуры. Бо ёсць што паказаць і пра што расказваць не толькі ў Мінску. Славутасці старажытных Полацка і Гродна, Брэста і  Магілёва, Наваградка і Нясвіжа не саступяць многім гістарычным цэнтрам Еўропы.
Важна толькі на месцах пераадолець атавізм правінцыйнасці, нежаданне бачыць перспектыву, няўменне вызначыць прыярытэты.
Вывучаць гісторыю роднага краю дапамогуць кнігі , даведачныя  матэрыялы,  якіх становіцца ўсё болей. І гэта карысна не толькі школьнікам. Хацелася б, каб за безліччу гаспадарчых спраў і кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў,  прадстаўнікі раённых уладаў знайшлі час, каб пацікавіцца мінулым роднага краю, паклапаціцца пра помнікі старажытнасці, многія з якіх яшчэ патрабуюць такога гаспадарскага клопату.
Нямала трэба яшчэ зрабіць і ў знешнім афармленні дарог і паселішчаў: размяшчэнні ўказальнікаў, стэндаў і білбордаў, добраўпарадкаванні тэрыторый. Прычым важна, на мой погляд, каб і наглядная агітацыя больш гаварыла пра нашу самабытную культуру. Так, прыемна, што ўжо сталі з’яўляцца білборды з выявамі выдатных дзеячаў нацыянальнай культуры, надпісы на беларускай мове. А то, бывае часам, што падарожніку, гледзячы на вулічнае афармленне нашых некаторых паселішчаў, цяжка разабрацца, дзе ён знаходзіцца і куды можна заехаць і зайсці.  
Наперадзе адна са значных падзей не толькі для Беларусі – пяцьсотгоддзе ўсходнеславянскага кнігадрукавання, пачатак якому паклаў палачанін Францыск Скарына. Гэта – акрамя ўсяго іншага – і нагода запрасіць на радзіму першадрукара шматлікіх гасцей, паказаць тое, чым ганарыцца наша зямля.
Дык зробім яшчэ больш утульным і вабным наш дом, і няхай да нас едуць людзі, каб палюбіць і яшчэ больш запаважаць нашу слаўную зямлю, стаць яе добрымі і надзейнымі сябрамі!
Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: