Поделиться:
15 ноября 2016
Невыпадкова сёння я павітаў вас менавіта такімі словамі; у гэты дзень, толькі 91 год таму, пачалася гісторыя Беларускага радыё, пачалася менавіта са слоў “Гаворыць Мінск” – гэта першыя два беларускія словы, якія прагучалі на хвалях радыёэфіру. Зрэшты, хвалі гэтыя тады разыходзіліся на адносна невялікую адлегласць, дый пачуць іх маглі нямногія.

Вы ніколі не задумваліся, чаму ўвогуле з’явілася радыё? Не, я не пра тэхнічны момант гэтай гісторыі, не пра знакамітую спрэчку Папова і Марконі – хто першы прыдумаў? Дакладней так: раз яны шукалі тэхнічную магчымасць перадаць слова або гук на адлегласць, значыць, у людзей была ў тым патрэба. Нават калі дакладна яе ніхто не сфармуляваў – яна проста лунала ў паветры як ідэя, жаданне.

Мая версія такая. Людзей заўсёды цікавіла: “А што там адбываецца ў іншых”? На суседняй вуліцы, у суседняй вёсцы або хутары, у далёкай сталіцы або, нарэшце, у іншай краіне? Чым яны там жывуць? І калі родныя, суседзі, знаёмыя, проста выпадковыя людзі дзяліліся адзін з адным апошнімі навінамі, перадавалі інфармацыю – гэта і быў правобраз радыёвяшчання.

Так, у іх былі кнігі, былі пасля і газеты. Але ж я настойваю – людзі жадалі не прачытаць, а пачуць. Пачуць слова – бо толькі так можна адчуць эмоцыю. Зрэшты, і самім сказаць, падзяліцца. Толькі ў большым маштабе, глабальна – кажучы сённяшнімі паняццямі. І не толькі прамовіць, але і заспяваць. Калі старэйшае пакаленне спявала адвечныя песні маладым – што гэта, як не правобраз сённяшніх музычных праграм на радыё?

Як па мне, то і тэлебачанне з’явілася як працяг гэтай ідэі – падзяліцца навінамі, даведацца, што там у іншых. Толькі гуку ўжо не хапала, фантазія патрабавала большага, не толькі расказаць, але і паказаць! Праўда, тут са мной могуць паспрачацца аматары сінематографа – маўляў, тэлебачанне выйшла адтуль.

Аднак, у любым выпадку – калі была патрэба, то з’явіліся з часам і тэхнічныя магчымасці. А галоўнае – адораныя людзі, якія змаглі імі скарыстацца. Так, не адразу ўсё атрымлівалася, нараджэнне паўнацэннага радыёвяшчання не было імклівым, а дзе бывае інакш? Беларускае радыё пачыналася з 30-ці хвілін вяшчання на дзень у радыусе 300 вёрст. Сёння вы можаце слухаць нас 24 гадзіны ў суткі ў любой кропцы планеты – хоць у Судане, хоць у Аўстраліі. Удакладнім – усюды, дзе ёсць інтэрнэт.

Дарэчы, цікавая акалічнасць. Сёння мы ў інфармацыйных праграмах на радыё     таксама можам расказаць вам, што адбываецца ў канкрэтнай вёсцы? Толькі гэта будзе пасяленне, ну скажам, у Сальвадоры, а прычынай увагі да яго стане, напрыклад, нейкі незвычайны жыхар. Сёння любы чалавек у любым рэгіёне можа ў момант праславіцца на ўсю планету (зрэшты, гэтак жа хутка пра яго і забудуцца – як толькі з’явяцца іншыя навіны). Гэта праявы глабалізацыі. Але я пра іншае. Калі вы пачуеце пра таго ўяўнага жыхара сальвадорскай вёскі, у вас дакладна будзе адчуванне: “гэта ж адбываецца недзе побач, як быццам у суседнім горадзе”. Прыкладна такое ж адчуванне было ў нашых продкаў, калі яны дзяліліся навінамі адзін з адным яшчэ да з’яўлення радыё. Да з’яўлення тэлебачання і інтэрнэта. Так што змянілася ўсё – і штосьці ўсё ж засталося нязменным.  

  
Сапраўдным зрухам, калі не рэвалюцыяй, у развіцці радыё стаў той момант, калі з’явіліся кампактныя транзістарныя прыёмнікі. Радыё стала магчымым насіць з сабой. Яно ператварылася ў мабільнага спадарожніка, які заўсёды побач – на адпачынку,  у вандроўках, на прагулцы. А сёння ўсё яшчэ прасцей ў дзесяць разоў! Не дзіўна, што з часам радыё стала ўспрымацца многімі практычна як дадатковы член сям’і.

Дакладна ведаю – ёсць такія людзі і сярод нашых слухачоў. Асабліва тыя, хто дрэнна або зусім не бачыць. Для іх радыё – не толькі вушы, але і вочы. І калі яно па нейкіх прычынах змаўкае, яны блізкія да роспачы.

Дарэчы, ці ведаеце вы, што радыё лічаць адным з самых “асабістых” сродкаў масавай інфармацыі? Прычыны псіхалагічныя. Растлумачу, у чым сэнс. Любое дзеянне на радыё ствараецца толькі ва ўяўленні слухача. Як выглядаюць героі рэпартажа, музычнай праграмы, тэатральнай пастаноўкі; дзе ўсё адбываецца, у якіх пейзажах або інтэр’ерах і гэтак далей – усё гэта слухачы не бачаць, а толькі чуюць і ўяўляюць. Прыдумваюць сабе самі. Яны – актыўныя ўдзельнікі працэсу. А чалавек, як правіла, пазітыўна адносіцца да таго, што робіць сам, заўважаюць псіхолагі. Таму і давер да радыё большы.

Канечне, сёння радыёвядучых або гасцей праграм можна і ўбачыць – сусветнае радыёвяшчанне актыўна карыстаецца магчымасцямі тэлебачання і інтэрнэту. Не выключэнне і Першы нацыянальны канал Беларускага радыё – на нашай старонцы ў Youtube вы можаце ўбачыць тое, што раней толькі чулі. Але ўсё ж, гэта проста дадатковыя магчымасці. Так, мы актыўна карыстаемся новымі тэхналогіямі, аднак, паверце – ні інтэрнэт сам па сабе, ні сацыяльныя сеткі, нішто іншае не «заб'е» радыё. Як тэлебачанне не «забіла» кіно, а кіно ў сваю чаргу не змагло нічога зрабіць з тэатрам.

90 гадоў таму геніяльны вынаходнік Нікола Тэсла прадказаў: «У будучыні радыё будзе пераўтворана ў «вялікі мозг», усе часткі стануць часткай адзінага цэлага, а інструменты, дзякуючы якім гэта стане магчымым, будуць лёгка змяшчацца ў кішэні». Так, спатрэбілася амаль стагоддзе, каб яго словы ўвасобіліся ў жыццё. І наўрад ці на гэтым можна ставіць кропку – радыё будзе ўдасканальвацца. Але сутнасць яго наўрад ці зменіцца. Пакуль людзі жадаюць чуць і самі расказваць – «а што там у іх адбываецца»?
Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: