
Прачытаў я тут нядаўна два тэксты- яны супалі абсалютна выпадкова, спачатку адзін чытаў, потым другі на вочы трапіўся. Але супалі цікава, з сэнсам. Згодна з адным, мы, людзі, у хуткім часе ледзь не багамі зробімся - і ўсё дзякуючы развіццю найноўшых тэхналогій. Згодна з другім - чакае нас у бліжэйшы час адзін непрыемны прыродны катаклізм, і ўвогуле незразумела, ці перажывём мы яго, і якія ўжо там тэхналогіі! Дык каму верыць? Зараз раскажу падрабязней - і вырашайце самі.
Першым я прачытаў інтэрв'ю расійскаму выданню РБК вядомага футуролага, эксперта кіберкультуры Кевіна Келлі. Сярод іншага, 66-гадовы Келлі кансультуе рэжысёраў фільмаў пра будучыню, напрыклад, Стывена Спілберга. Аўтар кніг пра развіццё тэхналогій заўважае: сёння іх узровень пранікнення ў грамадства настолькі вялікі, што мы ўжо не можам ігнараваць іх уплыў на наша жыццё. Пакуль прагрэс быў павольным, пакаленне сыноў жыло прыкладна гэтак жа, як іх бацькі. Але сёння ўсё пастаянна змяняецца, змены робяцца ўсё хутчэйшымі, і нам даводзіцца задумвацца: а што рабіць далей?
Келлі дае свае прагнозы на бліжэйшую будучыню (адразу заўважу, прагнозы дыскусійныя - там ёсць з чым паспрачацца). Так, ён лічыць, што ў будучыні прыватную ўласнасць заменіць так званая шэрынгавая мадэль: калі аўтамабілі, кватэры, іншыя рэчы проста бяруцца ў арэнду. Эксперт прыводзіць прыклад: у вас ёсць машына. Але гэта суцэльныя клопаты: яе трэба дзесьці паркаваць, страхаваць, чыніць, запраўляць і гэтак далей. А калі паўсюль ёсць станцыі каршэрынга, вы можаце проста ўзяць машыну ў любы час, калі захочаце, даехаць куды вам трэба і пакінуць яе іншым людзям. За пэўную плату, безумоўна. І галава не баліць, што з ёй рабіць у перапынках паміж паездкамі. Падобны зрух ужо адбыўся з лічбавымі прадуктамі - многія людзі аддаюць перавагу не захоўваць у сябе музыку, фільмы, кнігі, гульні, а карыстаюцца імі онлайн у інтэрнэце. І тут я дадам ад сябе: пакуль ёсць злучэнне з інтэрнэтам. Калі яно знікне, то і магчымасцей гэтых не будзе.
Кевін Келлі каменціруе і распаўсюджаны страх, маўляў, штучны інтэлект адбярэ ў людзей працу. Так, нейкія прафесіі знікнуць, але ж развіццё тэхналогій створыць дзясяткі тысяч новых прафесій, - напрыклад, гандаль віртуальнымі прадметамі. Затое механічнае павышэнне прадукцыйнасці працы можна будзе пакінуць робатам - яны ўсё роўна з гэтым справяцца лепш. Людзям жа застанецца творчасць, новыя ідэі.
Футуролаг лічыць: у бліжэйшыя 30-50-100 гадоў асноўныя перамены адбудуцца не ў матэрыяльным свеце вакол нас. Гарады будуць прыкладна такія ж, як сёння, - магчыма, толькі вышэйшымі. Галоўныя змены адбудуцца ў тым, якія зносіны мы маем паміж сабой, як працуем, як праводзім свой час.
Асноўную ж небяспеку бліжэйшай будучыні Келлі бачыць у кібервойнах. Бо тут няма ніякіх правілаў гульні. У звычайнай вайне, напрыклад, забаронена ўжываць хімічную зброю. А ў кіберканфлікце ніякіх абмежаванняў няма - і тэарэтычна можна наносіць урон інфраструктуры гарадоў, дзе жывуць мільёны людзей. У гэтым інтэрв'ю футуролаг робіць нечаканую выснову: ідэя бога ў новым тэхналагічным свеце нікуды не знікне, бо рана ці позна мы самі станем багамі, навучымся ствараць штучнае жыццё - робатаў, якія думаюць.
Не паспеў я "пераварыць" гэтае інтэрв'ю, як на вочы трапіўся артыкул у часопісе "Союзное государство". Асноўная яго ідэя: паводле даных амерыканскіх і брытанскіх вучоных, у бліжэйшыя гады магнітныя полюсы Зямлі могуць памяняцца месцамі. Як гэта адаб'ецца на нашай цывілізацыі? Ды цалкам магчыма, што адкіне ў развіцці на сотні гадоў. Магнітнае поле - галоўная абарона нашай планеты ад касмічнага выпраменьвання, у тым ліку сонечных пратонаў. Яны ўпіраюцца ў яго, як у паветраны шарык: прасцей абагнуць, чым прайсці праз яго.
І ўсё было б добра, калі б гэтая наша абарона была пастаяннай. Але па разліках вучоных, прыкладна раз на 400-450 тысяч гадоў магнітнае поле Зямлі змяняе полюсы - калі казаць проста, паўночны магнітны полюс перамяшчаецца на поўдзень і наадварот. У гісторыі нашай планеты такое бывала больш за 10 разоў. Апошні з іх быў 780 тысяч гадоў таму (зноў жа калі навукоўцы ўсё правільна падлічылі). Карацей, чарговая "перапалюсоўка" ужо моцна затрымалася, і ёсць розныя ўскосныя прыкметы, што хутка можна яе чакаць. Тэма гэта складаная, глыбокая - калі ёсць жаданне, можаце самі знайсці больш падрабязнасцей у інтэрнэце.
Асноўная ж выснова, якую я зрабіў, падсумаваўшы меркаванні вучоных у часопісе: ніхто дакладна не можа адказаць, як гэтая перапалюсоўка адбываецца. Таму што, ведаеце, калі нейкія спецыялісты за ёй і назіралі ў мінулы раз, то нам - праз 800 тысяч гадоў - ніякіх сведчанняў не пакінулі. Усе адказы захоўвае толькі зямля. Калі ўсё пойдзе па найгоршым варыянце, і магнітнае поле на пэўны час проста знікне, то энергасістэмы, усе нашы камп'ютары, тэлевізары і тэлефоны проста перагараць. Само чалавецтва таксама практычна не зможа абараніцца ад жорсткай касмічнай радыяцыі. Нават калі і гэта не будзе нам смяротным прысудам, рэзка знізіцца працэнт нараджэння здаровых дзяцей, і цывілізацыя будзе адкінута на стагоддзі назад. І тут ужо будзе не да робатаў і не да інтэрнэт-тэхналогій. Вы спытаеце: гэта проста фантазіі вучоных або яны могуць стаць рэальнасцю? Думаю, ніхто не дасць адназначнага адказу.
Між тым, важную думку выказаў адзін з расійскіх вучоных, падводзячы рысу пад абмеркаваннем гэтай тэмы ў часопісе "Союзное государство". Тым, хто баіцца "канца свету", трэба задумацца вось пра што: глабальныя катастрофы могуць здарыцца зусім па іншых, больш рэальных прычынах. І крыніцай для іх стане зусім не прырода, а сам чалавек.