
Паміж гэтымі датамі чатырыста гадоў, але іх яднае многае, і ў першую чаргу – горад і друкарскі станок. Роўна 100 гадоў таму ў Полацку выйшаў першы нумар гарадской газеты «Революционный голос».
А 500 гадоў таму менавіта палачанін Францыск Скарына выдаў першую друкаваную кнігу. Таму полацкія друкары і журналісты сталі прамымі нашчадкамі свайго знакамітага земляка. І хоць, магчыма, яны ў той час пра яго не надта ведалі, але друкаванае слова для простых людзей прыйшло ў горад як працяг таго, што здзейсніў Скарына, пачаўшы сваю асветніцкую справу.
Сёння на старонках “Полацкага весніка” (так называецца цяпер старэйшае на Беларусі перыядычнае выданне) шмат друкуецца матэрыялаў, прысвечаных Скарыніяне і маючаму адбыцца Дню пісьменства ў горадзе. А само выданне таксама можа ганарыцца ўласнай гісторыяй.
З лютага 1926 года газета атрымала новую назву “Чырвоная Полаччына”. Яна не раз яшчэ мяняла назву, але нязменнымі заставаліся родная беларуская мова і патрыятычны запал яе журналістаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны, калі вораг акупаваў родны горад, газета не спыніла свайго існавання, друкавалася ў партызанскім атрадзе і ўносіла свой уклад у народную барацьбу з захопнікамі.
З выданнем звязаны лёс многіх выдатных журналістаў, пісьменнікаў. Тут працавалі Пятрусь Броўка, Эдуард Самуйлёнак, Алесь Савіцкі, на яе старонках друкавалі свае першыя творы Тарас Хадкевіч, Генадзь Бураўкін, Валянцін Лукша.
Зрабіць першыя свае крокі ў журналістыцы выпала шчасце і мне менавіта ў полацкай газеце “Сцяг камунізма”. Амаль дзесяць гадоў я працаваў пад кіраўніцтвам Івана Фёдаравіча Лемеша, які запрасіў на працу карэктара мяне, тады дзевятнаццацігадовага транспарціроўшчыка полацкага завода шкловалакна.
Гэта быў па-сапраўднаму легендарны чалавек. У партызанскім атрадзе юнак Лемеш атрымаў раненне ў нагу. Аперацыю рабілі без наркоза. Партызанскі хірург як мог стараўся, але нагу захаваць не ўдалося. Так Лемеш стаў інвалідам з самых юных гадоў. Газета стала для яго выратаваннем. З пасляваенных гадоў ён прайшоў шлях ад радавога супрацоўніка – спачатку да адказнага сакратара, а потым – да рэдактара. Яго вызначала высокая патрабавальнасць да сябе і калег, крыштальная сумленнасць і адданасць прафесіі.
З удзячнасцю ўзгадваю той час, старэйшых калег-журналістаў, былых воінаў і партызан Вольгу Жарчанка, Рыгора Голанда, Фаіну Фейгіну, будучых вядомых пісьменнікаў Германа Кірылава, Івана Стадольніка, з якімі і сёння звязвае мяне трывалае сяброўства.
Праца ў полацкай газеце падаравала мне шмат сустрэч з цудоўнымі людзьмі, навучыла мяне многаму. У першую чаргу – высокай адказнасці за напісанае слова, імкненню выслухаць і зразумець суразмоўцу, дапамагчы людзям у іх праблемах, абавязковасці і працавітасці.
Сёння ў выданні працуюць новыя людзі. Але велічная слава горада, любоў да сваёй прафесіі, да людзей вызначае дружны калектыў, які не толькі не страціў пазіцыі выдання, але зрабіў газету такой жа папулярнай, такой жа патрэбнай, якой яна заўсёды была. Сённяшняму тыражу полацкай газеты могуць пазайздросціць і некаторыя цэнтральныя выданні. На яе старонках можна знайсці нямала цікавых, змястоўных матэрыялаў пра гісторыю і сённяшні дзень роднага краю.
Вечарам у вялікай зале мясцовага Палаца культуры збяруцца сотні палачан і шаноўных гасцей, каб павіншаваць журналістаў і чытачоў з юбілеем, пажадаць плёну і трывалых крокаў у новае стагоддзе свайго існавання.