Поделиться:
“Сустрэчы з песняй”, 1.04.2017 (аўдыё)
3 апреля 2017
“Сустрэчы з песняй”, 1.04.2017 (аўдыё) У нашай праграме зноў гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя з незабыўнымі песнямі.
На жаль, не ўсе мелодыі, якія вы ўзгадваеце ў сваіх пісьмах, мы можам знайсці, але робім усё магчымае, каб “вярнуць” вам любімыя песні. Нагадваю, што наша перадача – не віншавальная і не канцэрт па заяўках. Мы чакаем ад вас пісем, пажадана з невялікім успамінам пра тое, дзе вы ўпершыню пачулі любімую песню і якія падзеі былі звязаны з яе з’яўленнем у вашым жыцці.

Чытаю першы ліст. Яго даслала Вера Антонаўна Дземідзенка з Магілёва.
“Дзяцінства маё прайшло ў час ваеннага ліхалецця. Жылі мы на хутары Даравішча Мядзельскага раёна. Пасля вайны часта збіраліся ў адной хаце і спявалі больш хорам. Адной з любімых песень была “Тонкая рябина”. Прашу ўключыць яе ў праграму”.
Надзея Фёдараўна Казімірчык  з вёскі Емяльянавічы Брэсцкай вобласці піша:
“Было гэта пасля вайны. Мы жылі ў вёсцы. Бацька з вайны не вярнуўся. Памятаю, як абвясцілі першыя выбары ў сельсавет. Прызначылі дату галасавання. Мама пайшла на выбары. Мы, чацвёра дзяўчынак, з нецярпеннем яе чакалі. Мама прынесла пакет пячэння. Мы спыталі: ”Гэта табе ў сельсавеце далі?”, бо ведалі, што ў мамы не было грошай купіць пячэнне. А яна нам і кажа: ”Не. Было шмат людзей, і адзін дзядзька згубіў галош, а я знайшла і аддала яму. А ён быў вельмі ўдзячны і купіў мне гэта пячэнне”. Да гэтай пары памятаю гэту гісторыю. Перадайце, калі ласка, у праграме маю любімую песню “Тонкая рябина”.
А гэты ліст даслаў мінчанін Анатоль Мікалаевіч Герашчанка.
“Для нас, сталых людзей, падтрымкай у жыцці сталі любімыя песні і мелодыі. Вашу перадачу з вялікім задавальненнем слухаюць мая родная сястра Ніна Мікалаеўна Ячнева, яе муж Яўген Іванавіч, мая ўнучка Таццяна, мая свацця Алена Аляксандраўна Пракудзіна. Няхай для іх прагучыць песня “Тонкая рябина”.

Перада мной наступнае пісьмо.
“Звяртаецца да вас Уладзімір Арсеньевіч Курбацкі з вёскі Папоўцы Слуцкага раёна. Успамінаю канец 60-х гадоў. Мы, маладыя, энергічныя, ездзілі па суседніх вёсках з канцэртамі. А было гэта ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці. Мы спявалі з братам ваенныя і лірычныя песні. Не думалі пра грошы,  выступалі ў сельскіх клубах вёсак Кароцькі, Высокае, Хізаў. Я іграў на баяне. Наш Кармянскі  раён апынуўся пад чарнобыльскай радыяцыяй, таму давялося пакінуць родныя мясціны і перабрацца ў Мінскую вобласць. А памяць пра маладыя гады не пакідае мяне і цяпер. Я вельмі прашу перадаць “Балладу о красках”.

Ліст з вёскі Востраў Ганцавіцкага раёна.
“Даўнія песні вяртаюць у маладосць, навяваюць светлыя ўспаміны. Сярод людзей, якія звяртаюцца да вас з просьбай выканаць тую ці іншую песню, пачула прозвішча Таісіі Іванаўны Новік са Слуцка. Хочацца сказаць некалькі цёплых слоў пра яе, бо ў маладосці Таісія Іванаўна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры Гуцянскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна, выпускніцай якой у далёкім 1959 годзе была я, Лідзія Міхайлаўна Рудкоўская. Працаваць у гэтай школе Таісія Іванаўна пачала недзе ў сярэдзіне 50-х гадоў. Добра памятаю яе маладой, прыгожай, бадзёрай, заўсёды з густам апранутай. Яе любілі вучні, паважалі калегі. Яна была душой мерапрыемстваў, што праводзіліся ў той час у школе. Памятаю, як на школьных канцэртах Таісія Іванаўна задушэўна выконвала песні “Вы парайце мне, ясныя зоры”, ”Не магу я знайсці тое слова”. З многімі былымі вучнямі Таісія Іванаўна і зараз не парывае сувязі. Падтрымлівае сяброўскія адносіны з былымі калегамі ў Гуцянскай школе – Любоўю Кліменцьеўнай Вярбіцкай і Аляксандрай Аляксандраўнай Шахрай. Я была рада ўбачыць Таісію Іванаўну ў чэрвені 2015 года на сустрэчы былых выпускнікоў і настаўнікай нашай школы. Яна ўсё такая ж: бадзёрая, добразычлівая і… маладая. Маладая ў сваіх адносінах да жыцця, да людзей. Таісія Іванаўна пакінула сярод жыхароў навакольных вёсак, вучні з якіх наведвалі Гуцянскую сярэднюю школу, добрую памяць ужо тым, што імя Таіса раней не сустракалася ў нас сярод жанчын. А пасля таго, як дзеці і іх бацькі і родныя пазнаёміліся з Таісіяй Іванаўнай, імя гэта, прыгожае і мілагучнае, стала даволі распаўсюджаным у кожнай з навакольных вёсак. Буду вельмі ўдзячна, калі ў перадачы прагучыць  Песня Марыны  з кінафільма “Гадзіннік спыніўся апоўначы” для Таісіі Іванаўны Новік, Любові Кліменцьеўны Вярбіцкай, Аляксандры Аляксандраўны Шахрай і ўсіх выпускнікоў нашай Гуцянскай школы. Да маіх пажаданняў усім шчаслівага даўгалецця далучаецца і мая малодшая сястра Ірына, таксама выпускніца Гуцянскай сярэдняй школы”.

Чытаю наступнае пісьмо.
“Піша вам Генрык Уладзіслававіч Сухоцкі з вёскі Чырвоны Бор Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Успамінаю свае маладыя пасляваенныя гады. Мне ўжо 82.  Мы з жонкай Нінай Іванаўнай вырасцілі і выхавалі траіх дзяцей (двух сыноў і дачку), маем сем унукаў і адну праўнучку. У пачатку 50-х гадоў я скончыў курсы трактарыстаў і працаваў на трактары да 1966 года. У той час працавалі дзень і ноч, без выхадных, не было водпускаў і адгулаў. З 1966-га да 1988 года працаваў загадчыкам вытворчасці калгаса “Дружба” і саўгаса “Парэчча”. Давялося працаваць з добрым аграномам  Арсеніем Мікалаевічам Савашынскім, старшынёй калгаса “Дружба” Анатолем Мікалаевічам Біялтам, а таксама Мікалаем Мікалаевічам Вашкевічам, Міхаілам Іванавічам Сончыкам, Тадэвушам Бушэйкам. Прашу вас выканаць для іх і для маёй нявесткі Алесі Мікалаеўны Сухоцкай песню “Молодой агроном”.

Мінчанка Таццяна Канстанцінаўна Бугрымава з Мінска піша:
“Скончыліся першыя вясновыя святы, людзі віншавалі і па тэлефоне, і ў інтэрнэце. А вось раней, памятаю, сядзіш палову дня, пакуль напішаш  віншавальныя паштоўкі родным і сябрам. Пісала за тыдзень наперад, ведала, што пошта будзе перагружаная. Бачыла, як паштальёны не маглі змясціць у адну сумку ўсю прэсу, закідвалі даверху нашы паштовыя скрыні. І паштальёны не скардзіліся на перадсвяточныя цяжкасці, ведалі, што нясуць нам радасныя вестачкі. Няхай прагучыць песня са словамі:
“Отворите скорей, почтальон у дверей!
Он вам письма принес  от родных и друзей!
От отцов сыновьям и отцам от детей.
И от верных любимых влюбленным.
Отворите скорей, почтальон у дверей,
Улыбнитесь, друзья, почтальону!”
(“Песенка почтальона”).

А гэты ліст даслаў Аляксей Іванавіч Буцько з Гродна.
“Калі я аднойчы ўспамінаў маладосць, прыйшла ў галаву думка, што многа прыгожых і здатных хлопцаў было ў вёсках і пасёлках Свіслацкага раёна. Яны былі падобныя да зорак Галівуда, такіх, як Рычард Гір, Кёрк Дуглас. Але ў кожнага чалавека свая сцежка ў жыцці. Мае знаёмыя і сябры былі трошкі стылягамі: зачэсвалі валасы з ілба, насілі вузкія штаны і шырокія ў плячах пінжакі. Яны вучыліся танцаваць твіст і іграць на гітары. Гэта браты Казакевічы, браты Міхнюкі, Валодзя Новік, Ірэнэуш Казановіч, Валодзя Крот. Перадайце, калі ласка, песню “Если бы парни всей земли”, папулярную ў пачатку 60-х гадоў. Маладосць тым і прывабная, што ёсць у ёй прыгажосць, любоў і прага да жыцця”.

Перада мной  пісьмо з Мінска.
“Піша вам Валянціна Сафонаўна Смірнова. Мая малая радзіма-пасёлак Атоліна, што непадалёк ад Мінска. Тут прайшлі мае дзяцінства і маладосць. У нас быў клуб. У суботу і нядзелю паказвалі кіно, а потым былі танцы. Сабіралася шмат моладзі. У 1956-57 гадах недалёка ад нашага  пасёлка стаяла воінская часць. Салдаты, якія прыходзілі на танцы, былі з Чарнігава. Гэта Саша Драбашэўскі і Жэня Фамін. Я з імі сябравала. Жэня прыходзіў на танцы са сваім баянам. Ён хораша іграў, быў віртуозам. Помню, ставіў стул на сцэну, сядаў і іграў. Буду вельмі ўдзячна, калі ў вашай праграме прагучыць “Кіеўскі вальс”.

Чытаю наступны ліст.
“Я Зыгмунт Кетрыс з Панскай Вёскі, што каля Ашмян. Звяртаюся з просьбай выканаць песню “Ручнікі”. У 60-ыя гады мы з жонкай Ядвігай працавалі на будоўлі Нурэкскай ГЭС у Таджыкістане. Мая жонка добра спявае, і спявае па сённяшні дзень. Да нас прыходзілі сябры, а гэта былі ўкраінцы, татары, літоўцы і рускія,  і прасілі Ядвігу спяваць беларускія песні, і ўсе нам падпявалі. Многія сем’і, а Нурэк быў горадам маладых, называлі сваіх дачок Алёнамі. Вядома, што песню “Ручнікі” у свой час  запісалі “Песняры”, але мне хочацца пачуць яе першапачатковы варыянт”.

Анфіса Пятроўна Дуліна з горада Мядзеля піша:
“Неяк у вашай перадачы пачула ад слухачкі Аляксандры Рыгораўны Падаляк аповед пра горад Лісічанск. Адкрыла свой архіў, перагортвала альбом з фотаздымкамі, чытала паштоўкі з Лісічанска ад цётачкі Марыі Горлавай, а таксама паштоўкі з Макееўкі, Горлаўкі, Данецка. А потым у інтэрнэце паглядзела перадачу “Линия  жизни” пра майго мужа – Уладзіслава Дзмітрыевіча Дуліна. Ён нарадзіўся ў Лісічанску. У 1942-м у горадзе ішлі цяжкія баі, і ён, 15-гадовы хлопчык, далучыўся да калоны бежанцаў і пад абстрэлам дабраўся да вызваленай Чырвонай Арміяй тэрыторыі. Потым вучыўся ў Горным тэхнікуме, пасля заканчэння якога паступіў і Інстытут горных распрацовак. Пасля інстытута ў 1950-м годзе яго накіравалі на працу ў Караганду. Тады мне было 10 гадоў, і ў сне  не магло прысніцца, што сустрэну такога чалавека, які моцна пакахае мяне, стане мужам, пакажа мне свет, пазнаёміць са сваімі знакамітымі, цудоўнымі сябрамі. Так ва ўспамінах праляцела ноч. Дзякую і вашай пастаяннай слухачцы Марыі Патапаўне Сакавец, якая адзначыла мой аповед пра Лідзію Русланаву. Цудоўная спявачка  з няпростым лёсам была сяброўкай  нашай сям’і. А вось у яшчэ адной нашай сяброўкі, Марыі Мардасавай, лёс склаўся добра. Яна часта прыязджала да нас у госці на цаліну. Уключыце, калі ласка, у перадачу частушкі “В Барнаул уехал милый” у выкананні Марыі Мардасавай. Няхай яны прынясуць усім хвілінкі радасці і цеплыні!”

Яўгенія Сяргееўна Дзмітрыева з горада Пружаны Брэсцкай вобласці піша:
У 80-ыя гады ў нас у Пружанах быў хор ветэранаў “Красная гвоздика”. Я ў ім удзельнічала. Прашу вас перадаць  песню “Поклонимся великим тем годам”.

А гэты ліст даслала Тамара Мікалаеўна Лебедзева з вёскі Паўловічы Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці.
“Мы з мужам, Уладзімірам Дзмітрыевічам, заўсёды слухаем вашу перадачу. Слухаем, падпяваем. Здараецца, і паплачам. Калі былі маладзейшыя, збіраліся сем’ямі на святы, вяселлі. Спявалі застольныя песні. Мой брат Валодзя вельмі добра спявае, і ён заўсёды спяваў песню са словамі: ”За круглым домашним столом полней наливайте бокалы…” Калі ласка, няхай гэта песня прагучыць у вашай перадачы”.
(Песня “За круглым домашним столом”).

Пісьмо Ліліі Мікалаеўны Лукашэвіч з пасёлка Радашковічы Мінскай вобласці.
“Я пішу ўпершыню, хаця вашу перадачу слухаю заўсёды. Я даўно пенсіянерка. Ваша перадача вяртае нас у далёкае мінулае, дае нам радасць, бадзёрасць, робіць жыццё энергічным. У далёкай маёй маладосці было каханне, якое я часта ўспамінаю, і быў у мяне каханы. Ён заўсёды спяваў мне сваю любімую песню, якая пачынаецца словамі: ”Как у нас на озере лилии цветут, а мою любимую Лилией зовут”. Бясконца буду ўдзячна вам, калі пачую гэту песню”.
(Песня “Как у нас на озере”).

Аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Людміла Латушкіна, вядучы Алег Вінярскі. Праграма “Сустрэчы з песняй” гучыць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў суботу ў 17-00 і паўтараецца ў нядзелю у 21-00.
Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: