
У нашай праграме зноў гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя з незабыўнымі песнямі.
На жаль, не ўсе мелодыі, якія вы ўзгадваеце ў сваіх пісьмах, мы можам знайсці, але робім усё магчымае, каб “вярнуць” вам любімыя песні. Нагадваю, што наша перадача – не віншавальная і не канцэрт па заяўках. Мы чакаем ад вас пісем, пажадана з невялікім успамінам пра тое, дзе вы ўпершыню пачулі любімую песню і якія падзеі былі звязаны з яе з’яўленнем у вашым жыцці.
Чытаю першы ліст. Яго даслала Надзея Іванаўна Ярашэвіч з Жодзіна.
“Я 35 гадоў адпрацавала бухгалтарам. Люблю спяваць і вязаць, шыць і слухаць сваё любімае радыё. Хачу ўзгадаць выпадак з майго дзяцінства. Было гэта зімой 1941 года. Мае бацькі, Іван Міхайлавіч і Марфа Васільеўна Лях, перад вайной пабудавалі новы дом. Тата пафарбаваў падлогу, лаўкі, стол і нават веранду. Уся вёска была ў захапленні ад прыгажосці нашага дома. Было гэта ў вёсцы Стаі Ульскага /цяпер Ушацкага/ раёна Віцебскай вобласці. Вырашылі ўзяць на кватэру траіх маладых і прыгожых настаўніц - Клаўдзію Данілаўну з вёскі Малыя Бортнікі, Марыю Конашаву і Вольгу Іванаўну. За 6 кіламетраў ад нашай вёскі ў пасёлку Ула быў аэрадром. Зімой, на лыжах, у спартыўных касцюмах да нашых настаўніц прыязджалі лётчыкі – маладыя, вясёлыя, прыгожыя. Мне запомніўся адзін вечар. Нашы бацькі паехалі ў лес па дровы, а нас, траіх дзяцей, пакінулі дома. Мне – 6 гадоў, сястры Ніне – 4, а браціку Мішу –два. Тут у хату заходзяць трое дзядзек, двое адразу пайшлі да дзяўчат, а адзін падышоў да нас і стаў частаваць цукеркамі, супакойваць маленькага Мішу, казаць, што бацькі хутка прыедуць з лесу. Моладзь спявала песні, мне запомніліся дзве - “Дождливым вечером” і “Любимый город может спать спокойно”. Мне мама пасля вайны расказала, што Клаўдзія Данілаўна аднойчы везла партызанам прадукты і трапіла на міну. Засталася жывая, але нічога не бачыла. Марыя Конашава загінула: іх партызанскі атрад трапіў у нямецкую засаду. А вось пра Вольгу Іванаўну нічога не ведаю. Прашу перадаць адну з узгаданых песень. Няхай яе паслухаюць родныя і жыхары нашай вёскі Стаі і пасёлка Ула”.
(Песня “Пора в путь-дорогу”)
А гэты ліст даслаў Павел Адамавіч Шыдлоўскі з вёскі Прысынак Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.
“Музыку, песні я люблю з маленства. А песню, якую прашу ўключыць у перадачу, чуў даўно. У майго суседа быў патэфон, ён заводзіў яго, калі прыходзілі госці, суседзі. Адбывалася гэта звычайна ў якія-небудзь святы, нядзелю. Мы, хлапчукі, таксама забягалі да яго, каб паслухаць пласцінкі. Сярод песень Вольгі Кавалёвай, Лідзіі Русланавай, Леаніда Уцёсава гучала і гэта, якая запомнілася на ўсё жыццё. Там былі такія словы: ”Тучи над городом встали, в воздухе пахнет грозой, за далёкою Нарвской заставой парень идёт молодой”. Буду рад, калі вы знойдзеце яе”.
Чытаю наступны ліст.Вольга Іосіфаўна Іванова з Мінска піша:
“Раскажу і я пра сваю незабыўную сустрэчу з песняй. У верасні 1959 года, я, Козел Вольга Іосіфаўна, прыехала на вучобу ў Кіеўскі геолагаразведачны тэхнікум з вёскі Тульгавічы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці (вёску, на жаль, выселілі пасля Чарнобыльскай бяды). Адразу далі мне месца ў інтэрнаце. У пакоі была радыёкропка. Аднойчы, калі я засталася адна і чытала кнігу, па радыё аб’явілі песню “Рэве та стогне Дніпр широкій” у выкананні капэлы пад кіраўніцтвам Рыгора Вяроўкі. Я стаіла дыханне, баялася зварухнуцца – так зачаравала мяне выкананне гэтай цудоўнай песні. А пасля яе заканчэння, я чамусьці заплакала і доўга сядзела ў задуменні. Гэтае пачуццё засталося са мной на ўсё жыццё. Мела я і пласцінку з гэтай песняй, але ў жыцці было многа пераездаў, і яна згубілася, альбо разбілася. Калі вы знойдзеце гэтую песню, яе з задавальненнем паслухаю не толькі я, але пачуюць і мае сябры, з якімі я вучылася, і мае калегі – геолагі-геафізікі, якія прыехалі на працу ў Беларусь. Гэта Ганна Іванаўна Піліпенка, Зінаіда Іванаўна Антановіч, Мікалай Пятровіч Антановіч, Іван Нікіфаравіч Маслюк, Багдан Маслянко, Элеанора Габрыэлян і іншыя.
А гэты ліст даслала Святлана Герасімаўна Пачопка з аграгарадка Узмёны Міёрскага раёна Віцебскай вобласці.
“Я заўсёды слухаю вашу перадачу, песні і ўспаміны з мінулага. Прыгадаю выпадак, які пакінуў яскравы след у маім жыцці. Было гэта ў лютым 1970-га года. У нас праводзілася мерапрыемства пад назвай “Дзень Зімы”. Гэта былі праводзіны зімы, Масленіца. Быў канцэрт, ладзіліся розныя гульні, арганізавалі латэрэю. Я і яшчэ адна дзяўчына разыгрывалі латэрэю, калі да нас падышоў прыгожы, высокі хлопец. Ён купіў два білеты. У адным выйгрышам былі духі, а ў другім – пярсцёнак. Духі ён выліў на галовы дзяўчат, а потым падышоў да мяне і папрасіў руку. Я з абыякавасцю падала яму левую, але ён папрасіў правую. Я са смехам падала правую, і ён надзеў на мой палец выйграны пярсцёнак. Так я пазнаёмілася з юнаком, яго звалі Валерыем. Потым былі танцы, а пасля ён праводзіў мяне дадому. Затым нашы шляхі на момант разышліся. І вось у 1971 годзе я прыехала працаваць у калгас “Першае Мая” бухгалтарам, а Валерый – шафёрам. Сталі сустракацца. 8-га сакавіка 1972 года Валерый падарыў мне букет руж, на пялёстках якіх было напісана: ”Я кахаю цябе”. У маі 1972-га згулялі вяселле. І вось ужо 45 гадоў крочым па жыцці разам, ёсць сын, нявестка і двое ўнукаў. Прашу ўключыць у перадачу “Восточную песню” у выкананні Валерыя Абадзінскага. Пад гэту песню мы танцавалі. Мой муж спявае, іграе на баяне і гітары. Няхай гэта песня нагадае яму мінулае, якое помніцца, але ніколі не вернецца”.
Пісьмо нашай пастаяннай слухачкі Валянціны Ігнацьеўны Філіпенка з Мінска.
“Сёння хачу расказаць пра мае дарогі. Колькі іх было, наземных і водных, за ўсё маё доўгае жыццё! Першы ўспамін пра дарогі трэба аднесці да майго асэнсаванага дзіцячага даваеннага дзяцінства. Наша сям’я – Філіпенка (тата –Ігнацій Максімавіч, кадравы афіцэр воінскай сакрэтнай часці, мама – Праскоўя Ільінічна – тэлеграфістка ў той жа часці, брат Вадзім – школьнік, на чатыры гады старэйшы за мяне і я, маленькая Цінка – так называў мяне мой брат) жыла на тэрыторыі воінскай часці ў Падмаскоўі, у мястэчку Царыцына-Дачнае з чароўнымі прыроднымі і скульптурнымі каштоўнасцямі. Я расла любімай, пяшчотнай, уражлівай, але некалькі хваравітай дзяўчынкай. Тата, каб умацаваць маё здароўе, кожны год накіроўваў мяне да Чорнага мора ў крымскія санаторыі (Судак, Феадосія, Еўпаторыя). Але пачалася Вялікая Айчынная вайна, тата з першых дзён пайшоў на фронт, а мы ўтраіх – мама, брат і я – апынуліся ў эвакуацыі на Урале, спачатку ў Чалябінску, потым была Уфа.
Так з’явілася мая новая дарога. Дабіраліся да месца прызначэння па чыгунцы, таварняком. Жылі і станавіліся дарослымі ў цяжкіх умовах. 9-га мая 1945 года сустрэлі з велізарнай радасцю і надзеяй на лепшае жыццё.
Аднак вайна для нас яшчэ не скончылася: наперадзе чакалі яшчэ больш жудасныя цяжкасці, калі ў канцы мая 1945 года наша воінская часць была накіравана ў Львоўскую вобласць, былую нямецкую калонію Дорнфельд. У Дорнфельдскай школе было 5-гадовае навучанне, а мне на той момант трэба было вучыцца ў 6-м класе. Мама вымушана была адвезці мяне за 30 кіламетраў у Львоў, уладкаваць на кватэры, каб я магла жыць і вучыцца. Там мне давялося, акрамя вучобы, выконваць ролю нянькі для траіх дзяўчынак гаспадыні, ім было ад 3-х да 7-і гадоў, хадзіць на базар за прадуктамі і гатаваць ежу.
Дзякуй Богу, тата вярнуўся з фронта жывы і атрымаў ад ваеннага кіраўніцтва дазвол забраць сям’ю ў Балгарыю (горад Плоўдзіў), дзе размяшчалася яго часць. Такім чынам, адкрыўся мой новы шлях у Плоўдзіў праз Румынію (Бухарэст) з пераправай на пароме па Дунаі. Цэлы год майго жыцця прайшоў у Сафіі, у былым аўстрыйскім пасольстве, дзе быў арганізаваны інтэрнат для дзяцей савецкіх ваеннаслужачых. Цяжка перадаць захапленне дзяцей, якія перажылі жахі вайны, і раптам трапілі ў сапраўдны палац з яго бляскам, цеплынёй, прыгажосцю.
Далей была дарога ў горад Катоўск Адэскай вобласці. Пасля дэмабілізацыі таты ў 1947 годзе мы апынуліся ў Магілёве. Горад сустрэў нас суцэльнымі руінамі. У 1950-м я скончыла 10-ы клас сярэдняй школы №1. Скончылася і маё дзяцінства, пачалося самастойнае дарослае асваенне асабісітых дарог.
Для далейшага навучання і жыцця я выбрала Ленінград, самы лепшы горад у свеце. Ён стаў маёй вечнай любоўю. У гэтым горадзе адбыліся важныя падзеі майго жыцця: я набыла прафесію ўрача, захапілася сапраўдным мастацтвам, з’явіліся новыя сябры.Тут я перажыла першае чыстае каханне. А далей дарогі сталі яшчэ цікавейшымі.
Я атрымала размеркаванне на Далёкі Ўсход, у Амурскую вобласць - “край тайгі, рамантыкі, усурыйскіх тыграў” (так абяцалі мне члены камісіі па размеркаванні). Аказалася, што адзіным транспартам тут была чыгунка, на Далёкі Ўсход самалёты не ляталі. Шлях па чыгунцы ад Масквы да Благавешчанска, даўжынёй 10 тысяч кіламетраў, займаў 10 сутак і быў вельмі цікавы. Доўгая дарога праз усю нашу краіну кожны раз на працягу 5 гадоў выклікала адчуванне велізарнага шчасця. Я бачыла пра вагонныя вокны шмат прыгажосці і прыроднай, і створанай рукамі чалавека. А колькі розных чалавечых лёсаў за 10 сутак паездкі прайшло перада мной.
Добрыя словы, сяброўскія адносіны збліжалі зусім чужых людзей, і на душы станавілася цёпла і светла. Уражвалі мелодыі, якія гучалі з вагоннага дынаміка. Колькі цудоўных песень пачула я!. Асабліва хвалявалі песні Ціхана Хрэннікава з кінафільма “Поезд идёт на Восток” у выкананні Уладзіміра Бунчыкава, Уладзіміра Нячаева, Івана Шмялёва. Гэта было так актуальна ў той час!
Прыемна ўспомніць абстаноўку ў вагоне, калі служачыя вагона-рэстарана разносілі судкі з абедам, выкрыкваючы: ”Борщ краснофлотский!”, ”Суп гороховый!” А яшчэ, на кожным прыпынку цягніка мясцовыя жыхары прыносілі да вагонаў шмат чаго смачнага: гарачую бульбачку з агурком, садавіну, гародніну і вельмі каштоўную рыбку – омуль, якую ў нашых беларускіх краях не паспрабуеш. Цяжка пералічыць колькасць дарог за ўсё маё жыццё! Асабліва палюбіла я пасажырскія цягнікі. Люблю нават глядзець кінафільмы, дзея якіх адбываецца ў цягніку. Выканайце, калі ласка,для мяне песню з кінафільма “Поезд идёт на Восток”, яна нагадае мне маё незабыўнае мінулае”.
Пісьмо Зінаіды Раманаўны Зюлікавай з Мінска.
“Зноў пішу вам і хачу пачуць песні маёй маладосці. Маладосць ніколі не забываецца, яе нельга вярнуць, а можна толькі ўспомніць у думках і песнях. Мае маладыя гады былі вясёлыя, узгадваю сустрэчы, спатканні і расстанні. У 60-ыя гады мы з маім будучым мужам часта бывалі ў парку Чалюскінцаў, дзе на танцпляцоўцы гучалі з пласцінкі песні Майі Крысталінскай. У той час яна была вельмі папулярнай спявачкай. З адкрытых вокнаў можна было часта пачуць яе голас. Перадайце, калі ласка, у выкананні Майі Крысталінскай песню “Дождь идёт”, дзе ёсць такія словы: ”Дождь стучит покрыше, я его не слышу, я его не вижу, я всё жду тебя”…
Анатоль Шынкевіч з Мінска піша:
“Мы з жонкай Марынай і яе сёстрамі, Валянцінай і Фаінай, з задавальненнем слухаем вашу перадачу, яна ўзнімае настрой. Калі ласка, уключыце ў праграму для нас песню “Одинокая ветка сирени”.
Чытаю наступны ліст.
“Пішу вам, каб парадаваць маіх бабулю, Ніну Іванаўну Рак, і дзядулю Івана Васільевіча. Яны заўсёды чакаюць суботу, каб пачуць свае любімыя песні. Бабуля заўсёды плача, потым пачынае ўспамінаць матулю, сясцёр, сябровак… Мае бабуля і дзядуля нарадзіліся ў вёсцы Слабада Пухавіцкага раёна. Мне вельмі хочацца, каб здароўе не прадводзіла іх, а дзеці, унукі і праўнукі часцей прыязджалі ў госці. Бабуля расказала мне, што калі яны былі маладыя, часта спявалі песні “Зачем меня окликнул ты”, “Мне берёзка дарила серёжки”, ”Сердце моё”. Вельмі прашу перадаць адну з іх у вашай праграме”.
Пісьмо Феафаніі Міхайлаўны Яўсей з вёскі Забердава Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.
“Мы з мужам, Анатолем Аляксандравічам, слухаем перадачу і ўспамінаем маладыя гады. Я хачу прыгадаць наша вяселле, якое адбылося 59 гадоў таму. Мы жылі тады на хутары ў маленькай хаце, дзе і адбылося вяселле. Усё было сціпла, але госці засталіся задаволеныя. Іграў нам на акардэоне сляпы музыкант-самавук па прозвішчы Чарноцкі, жонка яго была барабаншчыцай. Ён умеў іграць усё. І вось на нашым вяселлі зайграў песню “На крылечке твоём”, а мы з жаніхом спявалі яе. Уключыце, калі ласка, гэту песню ў праграму”.
Перада мной наступны ліст.
“Піша вам Казімір Пятровіч Маркевіч з аграгарадка Ахрэмаўцы, што на Браслаўшчыне. У 1980-82-м гадах я служыў у арміі ў Германіі. Гэта ніколі не забудзецца. Ніколі не забудуцца мае саслужыўцы-землякі: Гена Лапата з Мінска, Сяргей Лабанаў з Віцебска, Саша Манчынскі з вёскі Гулідава Глыбоцкага раёна, Юра Левы з Баранавіч. Спадзяюся, яны час ад часу слухаюць радыё. Аднойчы пачуў па радыё песню ў выкананні Валяніцны Талкуновай “Здравствуй, сынок”. Яна вельмі кранула душу. Адразу ўспомнілася, як маці пісала мне лісты, калі я служыў у арміі. Укключыце, калі ласка, гэту песню ў вашу праграму”.
Аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Людміла Латушкіна, вядучы Алег Вінярскі. Праграма “Сустрэчы з песняй” гучыць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў суботу ў 17-00 і паўтараецца ў нядзелю у 21-00.