Поделиться:
“Сустрэчы з песняй”, 5.11.2016 (аўдыё)
8 ноября 2016
“Сустрэчы з песняй”, 5.11.2016 (аўдыё) Сябры! У нашай праграме зноў гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя  з незабыўнымі песнямі.

Чытаю першы ліст. Яго даслала Валянціна Ягораўна Новікава з горада Жлобіна.
“Нарадзілася я ў вёсцы Стараград Кармянскага раёна. Там усе людзі добрыя, але я цяпер не з імі, а ў сваіх дзяцей. Жыву ў дачкі з зяцем, Рыгорам Васільевічам Сянько. Яны ў мяне залатыя. Увогуле, мае ўсе дзеці залатыя, а іх у мяне пяцёра: дочкі Галіна, Анжэла і Наталля, сыны Уладзімір і Ігар. Прашу вас уключыць у перадачу песню з кінафільма “Весна на Заречной улице”. Няхай яе паслухаюць усе, хто мяне ведае”.
(Песня “Когда весна придёт, не знаю”).

Пісьмо Ірыны Аляксандраўны Купрык з вёскі Гірмантоўцы Баранавіцкага раёна Брэсцкай  вобласці.
“Люблю вашу праграму, слухаю заўсёды. Звяртаюся з просьбай выканаць песню са словамі: ”А любовь у нас была не длинной, может просто не дождались мы любви. Я приду к тебе на свадьбу, мой любимый. Посмотреть твою невесту я приду”.
(Песня “Позови меня на свадьбу”).

А гэты ліст даслала Людміла Іванаўна Пятроўская з Наваполацка.
“Летам 1980 года ў Маскве праходзіла Алімпіяда. За два дні да яе пачатку я хадзіла па маскоўскіх магазінах, каб купіць сувеніры сабе і сваім родным. Я купіла сабе сарафан з касынкай прыемнага колеру, з эмблемай “Алімпіяда, Масква-80”. Але галоўным сувенірам быў  Алімпійскі Мішка. Сувенір  зрабілі з пластмасы, быў ён розных памераў. Куплялі Мішку ахвотна. Падчас закрыцця Алімпіяды гучала песня “До свиданья, Москва”. Над стадыёнам вісеў талісман Алімпійскіх гульняў – Мішка. На словах “Олимпийская сказка, прощай” Мішка паступова падымаўся ў неба. Людзі на стадыёне плакалі, так гэта кранала. Такое не забудзеш. Скажыце, калі ласка, хто напісаў такую цудоўную песню і ўключыце яе ў перадачу”.
Паважаная Людміла Іванаўна! Песню “До свиданья, Москва” напісалі паэт Мікалай Дабранраваў і кампазітар Аляксандра Пахмутава. А выконваюць яе Леў Лешчанка і Таццяна Анцыферава.

Перада мной наступнае пісьмо.
“Піша вам Алёна Уладзіміраўна Канько з горада Ганцавічы Брэсцкай вобласці. Мая мама, Яўгенія Фёдараўна Бернат, і мая свякроў Соф’я Андрэеўна Канько родам з адной вёскі – Боркі. Там я часта бывала ў дзяцінстве. Аднойчы ў перадачы мы пачулі песню са словамі: ”Деревенька моя старая, поклонюсь я тебе до земли. Ты прости, что тебя мы оставили и корнями в тебя не вросли”. Мама плакала, а свякроў паўтарала прыпеў. Перадайце гэту песню, калі ласка. Можа хто яшчэ пачуе яе і ўспомніць сваё дзяцінства”.
(Песня “Деревенька моя старая”).

Жанна Фёдараўна Міхнікевіч з Маладзечна піша:
“Ваша перадача вельмі патрэбна людзям. Усяго за адну гадзіну колькі хвалюючых момантаў з жыцця нагадвае яна! І суровыя гады вайны, і цяжкі пасляваенны час, і незабыўную школьную пару, і студэнцкае юнацтва… А якія цудоўныя песні гучалі ў тыя часы! Мы з мужам больш за 40 гадоў прысвяцілі педагагічнай працы, цяпер – на пенсіі. З задавальненнем слухаем кожную вашу перадачу.  Я асабліва люблю рамансы. Будзем вельмі ўдзячныя, калі прагучыць у вашай перадачы раманс Пятра Булахава “Не пробуждай воспоминаний” у выкананні вакальнай групы “Чысты голас”.

А гэта пісьмо даслала Лідзія Ільінічна Рагавая з Віцебска.
“Я – шчаслівы чалавек. З мужам  мы вырасцілі і выхавалі дваіх сыноў, маю 7 унукаў, унучку, дзве праўнучкі і праўнучка. Бог дасць, дажыву і яшчэ да прыемных навін пра папаўненне сямейства. Маю дзве вышэйшыя  адукацыі – лесагаспадарчую і эканамічную. Расла сіратой. Бацька партызаніў і загінуў у пачатку 1945 года ад выбуху міны. Мы з мамай працавалі ў калгасе і вучыліся. У мяне былі два браты і сястра, якая жыве цяпер ва Ўкраіне. Вельмі люблю слухаць Беларускае радыё, яно мне больш роднае, чым іншыя радыёстанцыі. Няхай у вашай перадачы прагучыць “Лясная песня” (”Ой, бярозы ды сосны”). Яна  аб’яднала галоўныя моманты ў маім жыцці: напамінае пра бацьку-партызана і быццам вядзе ў маю любімую лесагаспадарчую спецыяльнасць”.

Чытаю пісьмо мінчаніна Мікалая Мікалаевіча Наварыча.
“Калі чую чароўны і непаўторны голас цудоўнага спевака Віктара Вуячыча, успамінаю невялікі фрагмент з майго дзяцінства. Наша вёска Лунін – адна з найцудоўнейшых у Лунінецкім раёне, ды і зараз у вёсцы – каля дзвюх тысяч жыхароў.
Мне было гадкоў 12, быў сакавік месяц. У нядзелю рана ва ўрочышчы Пітомнік папіў халоднага бярозавіка, на другі дзень у мяне пачаўся жар. Бацькі лячылі мяне хатнімі сродкамі: сок рэдзькі, мёд, адвар з ліпавых кветак і глухога балотнага бабоўніку. Я доўга не засынаў. Дзесьці апоўначы па вуліцы прайшла моладзь з клуба, і – цішыня. Але раптам пачуліся гукі гармоніка, і гарманіст зацягнуў песню “Одинокая гармонь”. Некалькі разоў гарманіст праходзіў па доўгай вуліцы, і песня лілася ў цемень ночы. Гэтага гарманіста звалі Міша Саловіч. Прыгажун, танцор, гарманіст, добры працаўнік і гаспадар… У той час мне вельмі было шкада гармоніка, які ноччу шукаў сваю сяброўку. Пад самы ранак я заснуў і праспаў каля 18 гадзін. Пайшоў на папраўку і праз 4 дні вярнуўся ў свой клас. Няхай для мяне, жыхароў вёскі Лунін, маіх родных і сям’і таго начнога гарманіста прагучыць песня “Одинокая гармонь” у выкананні Віктара Вуячыча, бо гэты твор  ніхто не выконвае на эстрадзе з такім натхненнем, як ён”.

Перада мной наступны ліст.
“Піша вам Алена Иванаўна Шастак з Магілёва. Вялікі дзякуй за вашу праграму, якая прыносіць свята ў дом нашых бацькоў. Яны ўспамінаюць свае маладыя гады. Мае бацьк і – тата Іван Іосіфавіч Шастак і маці Яніна Міхайлаўна – родам з вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна, пастаянна слухаюць вашу перадачу. Бацька – музыкант, больш за 40 гадоў працаваў у Новамышскім Доме культуры. Ніводнае свята ў вёсцы ці агляд мастацкай самадзейнасці не абыходзіліся без яго. Танцы для моладзі заўсёды ладзіў па суботах і нядзелях. Усе ведалі, што ў канцы маладзёжнага вечара прагучыць любімая песня Івана Іосіфавіча – “Молодость моя, Белоруссия”. Я хачу, каб для бацькі ў вашай перадачы прагучала яго любімая песня.
Мама мая 40 гадоў працавала медсястрой у Новамышскай сельскай бальніцы. За добрасумленную працу яна ўзнагароджана Ордэнам Працоўнай Славы. Усе жыхары паважаюць маму за працавітасць і дабрыню. Яна вельмі добра спявае. Уключыце, калі ласка, для яе песню “Я приеду к тебе, моя мама”.

Пісьмо Людмілы Жукавай з Мінска.
“Я разумею, што па адным радку песню знайсці амаль немагчыма, але можа ўсё ж такі вы яе знойдзеце. Яна пачыналася такімі словамі: ”Двести лет цыганка мне жизни нагадала”.

Яшчэ адзін ліст з Мінска. Анатоль Мікалавіч Герашчанка піша:
“На адрас вашай перадачы прыходзяць пісьмы са словамі ўдзячнасці за любімыя песні і мелодыі, якія падтрымліваюць  людзей, ствараюць добры настрой, вяртаюць у шчаслівыя гады маладосці. Я цалкам далучаюся да добрых пажаданняў усім, хто рыхтуе гэту праграму. Асабліва ўдзячныя мы – пажылыя і адзінокія людзі. Мне ўжо 84 гады, і любая добрая песня ці мелодыя радуе душу, дае зарад бадзёрасці. Песні, якія мне спадабаліся, я запісваю на магнітафон. Такіх песень запісана 58. Буду ўдзячны, калі ў адной з чарговых перадач прагучыць песня “Ветер с моря дул” у выкананні Наталі”.

Чытаю пісьмо Таццяны Дыбкінай з гарадскога пасёлка Хоцімск  Магілёўскай вобласці.
“Хачу расказаць пра цудоўную жанчыну – Марыю Дзям’янаўну Прохараву. 40 гадоў яна працавла медсястрой раённай бальніцы. Вельмі любіць песні. Разам з мужам, маім свёкрам, шмат гадоў была ўдзельніцай народнага хору ветэранаў пры раённым Цэнтры культуры. Марыя Дзям’янаўна слухае вашу перадачу заўсёды. Перадайце ёй, калі ласка, музычнае прывітанне і самыя найлепшыя пажаданні. Няхай для Марыі Дзям’янаўны прагучыць песня “Маленькая деревенька” у выкананні групы “Белый день”, якую яна разам з мужам доўгі час выконвала на сцэне”.

Аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Людміла Латушкіна, вядучы Алег Вінярскі. Праграма “Сустрэчы з песняй” гучыць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў суботу ў 17-00 і паўтараецца ў нядзелю у 21-00.
Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: