Поделиться:
“Сустрэчы з песняй”, 8.04.2017 (аўдыё)
9 апреля 2017
“Сустрэчы з песняй”, 8.04.2017 (аўдыё) У нашай праграме зноў гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя з незабыўнымі песнямі.
На жаль, не ўсе мелодыі, якія вы ўзгадваеце ў сваіх пісьмах, мы можам знайсці, але робім усё магчымае, каб “вярнуць” вам любімыя песні. Нагадваю, што наша перадача – не віншавальная і не канцэрт па заяўках. Мы чакаем ад вас пісем, пажадана з невялікім успамінам пра тое, дзе вы ўпершыню пачулі любімую песню і якія падзеі былі звязаны з яе з’яўленнем у вашым жыцці.

Чытаю першы ліст. Яго даслала Антаніна Васільеўна Чапырка.
“Пішу вам з аграгарадка Пяскі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Палюбіць вашу перадачу мне дапамог муж, Іван Аляксандравіч Чапырка. І калі я зараз слухаю вас, мне здаецца, што муж побач. Мы пажаніліся ў 1954 годзе. Мой муж быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічаў у штурме Берліна. Расказваў, як фарсіравалі раку Одэр. Такога супраціўлення фашыстаў не памяталі нават бывалыя франтавікі. А вакол была вясна, свяціла сонца, цвілі сады… Асабліва запомніў Іван Аляксандравіч квітнеючы абрыкос. Кроплі дажджу на пяшчотна-ружовых пялёстках нагадвалі крывавыя слёзы. Здавалася, сама прырода аплаквала тыя жудасныя страты, якія прынесла чалавецтву вайна. Калі ласка, уключыце ў перадачу песню “В землянке”.

А гэты ліст даслаў Антон Антонавіч Гармаза з горада Заслаўе Мінскага раёна.
“Песні, якія гучаць у вашай перадачы, дазваляюць у думках вяртацца ў далёкія гады маладосці, успамінаць хоць і цяжкія, але залатыя часіны жыццяч. Я – ветэран працы, маю паўвекавы працоўны стаж. Усё працоўнае жыццё прайшло ў горадзе Бабруйску. Працаваў на кандытарскай фабрыцы “Чырвоны харчавік”, занесены ў Кнігу працоўнай славы прадпрыемства. У пасляваенныя гады на фабрыку прыслалі многа маладых дзяўчат, якія ў гады вайны страцілі сваіх родных. Яны рана сталі дарослымі. Наш калектыў быў вельмі дружны. Калі ласка, выканайце для ўсіх нас, дзяцей вайны, песню “Я люблю тебя, жизнь”.

Зоя Аляксандраўна Жаваранкава з аграгарадка Тулава Віцебскага раёна піша:
“Нарадзілася я ў вёсцы Дуброва Смаленскай вобласці. Колькі сябе памятаю, заўсёды спявала. Мой “спеўны дэбют” адбыўся на рускай печы, а першымі гледачамі былі мае цёткі і дзядзькі, якія па выхадных збіраліся ў нашай хаце на вячоркі. Маленькая, сінявокая, пяцігадовая дзяўчынка з доўгімі цёмнымі валасамі выконвала сур’ёзную песню “Называют меня некрасивою”. Яна так старанна і пераканаўча выводзіла мелодыю са словамі: ”Если скажут, что я некрасивая, не поверю теперь никому”, тут ужо немагчыма было ёй не паверыць. У 1970-м годзе я прыехала ў Беларусь і паступіла ў культасветвучылішча на музычна-педагагічнае аддзяленне па спецыяльнасці харавое дырыжыраванне. Праз чатыры гады скончыла вучылішча, была ўжо замужам і мела маленькую дачку. На сцэне спявала да 58-і гадоў. Зараз у мяне дзве дарослыя дачкі і дзве дарослыя ўнучкі. Бабуляй я стала ў 37 гадоў. Памятаю, як даўно, на юбілеі нашага хору, адзін з гасцей заспяваў песню, у якой былі словы: ”Сорвала я цветок полевой, приколола на кофточку белую”. Яна адразу кранула мяне. Пазней я часта спявала гэту песню для сябе. Буду ўдзячна, калі пачую яе ў вашай перадачы”.
(Песня “Назначай поскорее свидание”).

Перада мной наступнае пісьмо.
“Піша вам Міхаіл Лукіч Цішук з горада Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Гады з 1952-га да 1956-га помняцца як самыя светлыя ў маім жыцці. Я вучыўся ў Брэсцкім педагагічным інстытуце імя Пушкіна. Помню выкладчыкаў і сяброў-аднакурснікаў. У той час у інстытуце былі толькі тры факультэты: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны і філалагічны, на якім вучыўся я. Студэнты ведалі адзін аднаго. Пасля заканчэння інстытута маладыя педагогі працавалі ў школах, дзе і аддавалі свае веды, перадавалі жыццёвы вопыт, вучылі любіць працу, родны край. Прайшлі гады. Але светлая памяць пра маіх педагогаў і сяброў-аднакурснікаў жыве ў маім сэрцы. Прашу ўключыць у перадачу раманс “Гори, гори, моя звезда”.

Галіна Лявонцьеўна Немчык з вёскі Рудня Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці піша:
“У суботу і нядзелю адкладаю ўсе справы і слухаю песні нашай маладосці, маладзею душой. Ёсць у мяне добрыя, дарагія суседзі – Людміла Аляксееўна і Генадзь Уладзіміравіч. Выканайце, калі ласка, для іх песню “Серая лошадка”.

Чытаю ліст Аляксандры Емяльянаўны Вадап’янавай з Мінска.
“Хачу прадоўжыць свой аповед пра вядомага музыканта Мікалая Набокава і спыніць увагу на мацярынскай лініі роду Фальц-Фейнаў. Фальц-Фейны – гэта магнацкі нямецкі род. У сярэдзіне 19-га стагоддзя яго прадстаўнікі выкупілі велізарную стэпавую зону (каля 11-і тысяч гектараў у Херсонскай вобласці Украіны) у дынастыі Асканіяў. Некрануты плугам, кавыльны стэп Фальц-Фейны  ператварылі ў запаведнік з рэдкімі раслінамі і пародамі жывёл. І зараз – гэта сусветнавядомы музей флоры і фаўны. Як ужо вядома, напрыканцы 19-га стагоддзя Фальц-Фейны выкупілі Любчанскі маёнтак, дзе і нарадзіўся Мікалай Набокаў. Лідзія Фальц-Фейн, маці Набокава, таксама зрабіла добрую справу. Яна своечасова звярнула ўвагу на адоранасць мясцовага хлопчыка, які штодзённа маляваў на беразе Нёмана. Спачатку гаспадыня маёнтка дапамагала юнаму мастаку паперай, фарбамі, літаратурай. А пазней пахадайнічала пра залічэнне таленавітага юнака ў Санкт-Пецярбургскую школу малявання, дырэктарам якой быў Мікалай Рэрых. Вось, каб не гэты выпадак, не было б вядомага мастака-нашага земляка Мікалая Васільевіча Дучыца з Любчы. Летась споўнілася 120 гадоў з дня яго нараджэння. Карціны Мікалая Дучыца на ваенную тэматыку “Сляды вайны” знаходзяцца ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны. Пейзажы і графічныя работы – у Нацыянальным мастацкім музеі. Некалькі палотнаў на нёманскую тэматыку мастак падарыў Любчанскаму музею. Любчанская скарбонка захоўвае таксама шмат легенд і паданняў, таму што Любча ўпамінаецца ў летапісах з 13-га стагоддзя. У знак павагі да сваіх аднакласнікаў Алены Дзмітрыеўны і Таццяны Астапаўны, а таксама аднавяскоўцаў – Таісіі Дзмітрыеўны і Валянціны Лявонцьеўны, паважаных працаўнікоў сяла, якія выгадавалі і добра выхавалі па двое-трое сыноў і дачок і шмат унукаў, няхай прагучыць песня “Зямля мая”.

А зараз па просьбе нашай слухачкі з горада Дзятлава Гродзенскай вобласці Марыі Іванаўны Шымук прагучыць украінская песня “Дывлюсь я на неба”.

Чытаю наступнае пісьмо. Яго даслала Соф’я Паўлаўна Батура з горада Узда Мінскай вобласці.
“Мне падабаецца ваша перадача, бадай, не столькі за песні, колькі за тую чалавечую споведзь сэрца пра самае дарагое і памятнае. Вось і я хачу  падзяліцца ўспамінамі. Да вайны і вызвалення Беларусі мы жылі ў вёсцы Белькавічы Пухавіцкага раёна. Вёска мнагалюдная, хаты стаяць гусценька, многа дзяцей. Уздоўж вёскі цякла рака Пціч, паўнаводная, у суседняй вёсцы быў вадзяны млын. Насупраць нашай хаты – лужок да рэчкі, чамусьці яго называлі аселіцай. І вось быў цуд: у паводку на самую вуліцу прыплыла таўсценная льдзіна ды так і засталася ляжаць, пакуль не растала, а мы бегалі па ёй. Бацька мой быў рыбак заядлы і лавіў рыбу не вудай, а сеткай, сежай, нератамі. У нас кожны дзень круглы год была печаная рыба, залітая смятанай. Можа таму я жыву так доўга. Помню, якіх вялікіх шчупакоў, бялуг, лінёў, язяў прыносіў бацька, не тое, што плотак ды акунёў. І вось яшчэ цуд. Аднойчы злавіў у сежу сома, болей за 20 кілаграмаў. Сусед з лодкай дапамог выцягнуць. Як цяпер бачу, як бацька нясе сома на рамні, галава ляжыць на плячы, а хвост цягнецца па траве, а ў жываце было з высокі стакан ікры. Людзі ішлі глядзець на гэты цуд, а мама разразала рыбу на кускі і раздавала, халадзільнікаў жа не было.
Праз тыдзень ад пачатку вайны з’явіўся нямецкі абоз, тэхнікі не было. Вялізныя, крытыя павозкі заставілі ўсю аселіцу. Праз некалькі дзён усе з’ехалі. Мы немцаў не бачылі да канца вайны, бо з’явіліся партызаны. Мянялі коней, адпачывалі пасля задання, ідучы з чыгункі. Людзі ў вёсцы пяклі ім хлеб, мая мама шыла маскіровачныя халаты. Але ў адзін дзень у небе з’явіліся два кукурузнікі і спалілі ўсю вёску, не бамбілі, ніхто не загінуў, а вёска згарэла. Засталіся чатыры хаты. Мы жылі ў зямлянцы. А як нас вызвалілі, прыехаў дзедка на падводзе і забраў да сябе на Уздзеншчыну. Я вельмі плакала, бо ведала, што нідзе так хораша больш не будзе.
Прайшлі гады. Летам 1963-га года павяла я свой клас у паход па партызанскіх мясцінах, завяла і ў свае Белькавічы. На аселіцы паставілі палаткі, рыхтавалі ежу. Я расказала і паказала вучням усё, што змагла. Мы начавалі там. Цяпер бываю ў вёсцы рэдка. Мне ніколі не бывае там весела, усё нейкі сум. Я помню кожную хату, дзе яна стаяла і хто ў ёй жыў. Там амаль усё пуста. З тых, то мяне памятае, засталася адна пажылая жанчына, сястра маёй былой сяброўкі Таісы. У Юрыя Антонава ёсць песня пра любоў да родных мясцін, выканайце яе, калі ласка”.
(Песня “Родные места”).

А гэты ліст даслала Зінаіда Раманаўна Зюлікава з Мінска.
“Я часта ўспамінаю маму і сваё дзяцінства, гляджу яе фатаграфіі з татам, перачытваю яе пісьмы. Маці цяжка было расціць нас, траіх малых дачок. Тата з вайны не вярнуўся, прапаў без вестак у верасні 1944-га. А потым быў яшчэ стрэс, калі сказалі, што загінуў мой брат – Уладзімір Антоненка. Аказалася, што ён не загінуў, а быў цяжка паранены і доўгі час знаходзіўся ў шпіталі ў польскім горадзе Лодзі. Прашу вас у памяць пра маю маму перадаць песню “Огонёк”. Мама вельмі любіла яе слухаць, калі песню выконваў на баяне Аляксей, муж сястры”.

Ала Сяргееўна Стальная з вёскі Барсукі Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці піша:
“Нарадзілася я ў вялікай (10 дзяцей) сям’і. Усе выраслі, раз’ехаліся. Калі я слухаю вашу перадачу, здаецца, і сіл у мяне прыбаўляецца. Прашу вас уключыць у перадачу песню “Развяжите мои крылья”.

Пісьмо Ірыны Аляксандраўны Купрык з аграгарадка Гірмантаўцы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
“У маладосці я вельмі паважала і любіла тых, хто хораша спяваў і ў каго быў прыгожы голас. Аднаго такога хлопца моцна кахала, і ён мяне – таксама. Пайшоў служыць у армію. Я не дачакалася. Толькі час ад часу ўспамінаю песню, якую ён мне спяваў: ”Помню, помню мальчик я, босой, в лодке колыхался над волнами…”
(Песня “Иволга”).

Аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Людміла Латушкіна, вядучы Алег Вінярскі. Праграма “Сустрэчы з песняй” гучыць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў суботу ў 17-00 і паўтараецца ў нядзелю у 21-00.
Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: