
У нашай праграме сёння зноў будуць гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя з незабыўнымі песнямі. На жаль, не ўсе мелодыі, якія вы ўзгадваеце ў сваіх пісьмах, мы можам знайсці, але робім усё магчымае, каб “вярнуць” вам любімыя песні. І яшчэ: зноў нагадваю, што наша перадача - не віншавальная і не канцэрт па заяўках. Мы чакаем ад вас пісем, пажадана з невялікім успамінам пра тое, дзе вы ўпершыню пачулі любімую песню і якія падзеі былі звязаны з яе з’яўленнем у вашым жыцці.
Чытаю першы ліст. Яго даслала Валянціна Леанідаўна Сташэвіч са станцыі Крулеўшчызна Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці.
“У 1969 годзе мы скончылі Смальянскі саўгас-тэхнікум. Мы - гэта студэнты 54-й групы заатэхнічнага аддзялення. Раз’ехаліся па ўсіх кутках Беларусі. Сёлета спаўняецца 48 гадоў пасля нашага выпуску. З дзесяццю выпускнікамі я падтрымліваю сувязь, і мы прыедзем на сустрэчу з выпускнікамі цяпер ужо Смальянскага аграрнага каледжа. Сустрэча адбудзецца 10 чэрвеня 2017 года. І гэта будзе вялікая сустрэча выпускнікоў усіх гадоў.Ёсць ужо нават і праграма сустрэчы. Праз вашу праграму запрашаю на сустрэчу Анатоля Набойшчыкава, Мікалая Макарава, Ніну Сыч, Іну Прышчэпаву, Людмілу Зуеву, Аню Дзяржынскую, Яўгенію Клімакову, Галіну Карчэўскую, Галіну Лугаўцову, Галіну Ханкевіч. Мне вельмі падабаюцца песні ў выкананні Яўгена Мартынава. Уключыце, калі ласка, для ўсіх нас песню “Встреча друзей”.
Пісьмо Вольгі Уладзіміраўны Сідаравец з Гомеля.
“У 1962-м мне было 18 гадоў. Побач – каханы, гулялі па гарадскіх вуліцах і напявалі сваю любімую песню: ”Не страшны нам горе и печали, и пути-дороги без конца. Если мы друг друга повстречали, и друг другу отдали сердца”. На жаль, шчасце было вельмі кароткім. Не склалася ў нас. Але засталіся любімая дачка і песня, якую помню ўсё жыццё. Калі ласка, уключыце яе ў перадачу, і няхай яна нагадае цудоўнае юнацтва”.
(Песня “Люблю тебя”)
Чытаю наступны ліст.
“Піша вам Валянціна Віктараўна Ярмаловіч са Слоніма. Слухаем з мужам вашу перадачу і не хочам верыць, што мы – людзі сталага ўзросту. Як хутка праляцелі гады, быццам песня праспявалася! Часта ўспамінаю мудрыя словы бацькоў. Мая свякроўка часта казала мне: “Вось каб пасля таго, як забяруць мяне нябёсы, прачнуцца і паглядзець, як ўсё існуе, калі мяне няма”. Нашых дарагіх працалюбівых бацькоў даўно ўжо няма. Застаўся дом у вёсцы. І хаця ён дагледжаны, адрамантаваны і ўсё ў ім зроблена па-сучаснаму, дом без гаспадароў – быццам чалавек без душы. Я аднойчы чула песню, у якой былі словы “Разбудите меня через тысячу лет”. Перадайце яе, калі ласка, для майго мужа Аляксандра, сястры Ліліі і цётачкі Клаўдзіі”.
(Песня “Колокольчик”)
А вось ліст Асі Георгіеўны Кіпніс з Гродна, Лідзіі Георгіеўны Станік і Таісіі Іванаўны Новік са Слуцка.
“У далёкія 50-ыя гады мінулага стагоддзя на экраны СССР выйшаў фільм “Возраст любви”. У ім гучала песня ў выкананні Лаліты Торэс. Калі ласка, уключыце яе ў перадачу”.
(“Песня о любви”)
Пісьмо Марыі Мікітаўны Аўхімовіч з аграгарадка Ухвала Крупскага раёна Мінскай вобласці.
“Хачу расказаць пра свайго земляка Віктара Іванавіча Нікіфарэнку. У маладосці мы жылі ў вёсцы Купленка. Віктар Іванавіч старэйшы за мяне, але я добра памятаю той час. Віктар Іванавіч вельмі добра іграў на баяне і прыгожа спяваў. Пасля дэмабілізацыі паступіў у педвучылішча ў горадзе Пінску. Затым нейкі час працаваў там настаўнікам музыкі і спеваў. У той жа час у нашай вёсцы настаўніцай пачатковых класаў працавала Ядвіга Андрэеўна Кнацько. Пазней яны пасябравалі і стварылі сям’ю. Віктар Іванавіч закончыў завочна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна (гістарычны факультэт). Яны пераехалі ў вёску Касянічы Крупскага раёна і сталі працаваць у вясковай школе. Віктар Іванавіч выкладаў гісторыю, але з музыкай не расставаўся. Зараз яго няма сярод нас. Ядвіга Андрэеўна жыве там жа, у Касянічах. Мы часта размаўляем па тэлефоне. Яна вельмі любіць вашу перадачу і хацела б паслухаць адну з любімых песень Віктара Іванавіча. Я да гэтага часу памятаю яго голас, калі ён спяваў песні з рэпертуару Рашыда Бейбутава”.
(“Песня первой любви”)
А гэты ліст даслаў Уладзімір Фёдаравіч Семянчукоў з Віцебска.
“Перадайце, калі ласка, песню у выкананні адной з самых прыгожых і папулярных спявачак Савецкага Саюза Эдзіты П’ехі “Только мы с тобой одни на белом свете”. Яе я хачу прысвяціць усім шчаслівых сямейным і проста закаханым парам”.
(Песня “Только мы с тобой”)
Перада мной наступнае пісьмо.
“Спяшаюся сказаць вам “шчырае дзякуй” за перадачу. Слухаю вас заўсёды. Усе справы і клопаты, хваробы і сум адыходзяць. Я, Уладзімір Васільевіч Цюхлоў. З жонкай Надзеяй мы пражылі ўжо 58 гадоў, вырасцілі траіх дзяцей, маем чатырох унучак і аднаго ўнука. Дзяцінства маё прайшло ў вёсцы Стараселле. У 1956-м скончыў сярэднюю школу. У 1959-м – Мар’іна-Горскі сельгастэхнікум, атрымаў спецыяльнасць малодшага агранома-палявода. Гэта быў цудоўны час, я атрымаў добрыя веды. А тэхнікум быў сапраўнай кузняй сельскагаспадарчых кадраў. З 1959-га года жыву і працую ў Полацкім раёне. Пачынаў сваю працоўную дзейнасць брыгадзірам. Потым быў кіраўніком аддзялення саўгаса “Зялёнка”, старшынёй Экіманскага сельсавета, сакратаром парткама калгаса і саўгаса. Год працавў дырэктарам Полацкага ільнозавода. Я ўдзячны ўсім людзям, з якімі мне давялося працаваць. Асабліва прыемныя ўзаемаадносіны склаліся ў мяне з маімі аднакурснікамі - Пятром Канстанцінавічам Сліжэўскім, Міхаілам Лявонцьевічам Гурбо, Мікалаем Даліннікам. У нас было цікавае жыццё: вучоба, спартыўныя спаборніцтвы, праца ў паляводстве і жывёлагадоўлі, удзел у мастацкай самадзейнасці. У той час па радыё выконвалі песню з такімі словамі: “Земля и оденет, земля и накормит. Ты только себя для неё не жалей”. Прашу выканаць яе”.
(Песня “В земле наши корни”)
А гэты ліст даслаў мінчанін Юрый Аляксеевіч Смолій.
“Тэрміновую службу я праходзіў у Краснаярску, быў радыстам, адтуль паступіў у Таганрогскі радыётэхнічны інстытут. Пасля яго заканчэння мяне накіравалі ў Мінск. Тут я ажаніўся. У мяне двое дзяцей - сын і дачка, і тры ўнучкі. На 4-м курсе інстытута нас павезлі на ваенную практыку ў Севастопаль і размеркавалі на караблі. Я трапіў на тральшчык, які быў дзяжурным па флоту, і цэлы месяц мне давялося быць у плаванні. У памяць пра тыя гады прашу выканаць песню “Чёрное море моё”.
Пётр Іосіфавіч Рубан з Маладзечна піша:
“Мне ўспамінаецца далёкі ваенны 1944-ы год. Нарэшце, Беларусь вызвалена ад немцаў, фронт пайшоў на захад. Мы, дзеці вайны, засумавалі па школе. 1 верасня, урэшце, сабраліся ў школе вёскі Навасёлкі Валожынскага раёна. Вучняў было не вельмі шмат. Час быў цяжкі, але жыццё наладжвалася. Нам было радасна і весела ў школе. Пакуль не вучыліся, пазабывалі некаторыя літары і лічбы, не кажучы ўжо пра памнажэнне і дзяленне. Пісаць не было чым, паперы не хапала. З абутку - толькі лапці. У школе былі 4 класы. І спачатку наш настаўнік, Іосіф Адамавіч, размеркаваў усіх па класах. Я з сябрамі трапіў у трэці. Уся першая чвэрць прайшла ў аднаўленні забытых ведаў. Набліжалася свята Вялікага Кастрычніка. Вырашылі арганізаваць канцэрт сіламі вучняў. Нашаму 4\3-му класу і настаўніцы, Марыі Пятроўне Сліжэўскай, было даручана развучыць песню “По долинам и по взгорьям”. На свята вучні і бацькі (у асноўным, маці) сабраліся ў самым вялікім класе школы, і мы давалі канцэрт. Пасля кожнага выступлення гучалі бурныя апладысменты. Былі і вершы, і гумарэскі. Вучань Віктар Трус выступаў і казаў: ”Долой лапоть! Мы по нём не будем плакать! Бот-каташ назаўсёды наш!” А ў самога лапці лыкавыя, вялікія і стаптаныя. Вечарам маці дома мне казала: ”Канцэрт быў вельмі добры, але глядзець на вас у лапцях і лахманах было крыўдна і шкада да слёз”.
Прашу вас для дзяцей вайны, якія так жадалі вучыцца, перадаць песню “По долинам и по взгорьям”.
(“Песня амурских партизан”)
Наступны ліст.
“Піша вам Аляксандра Міхайлаўна Дзянісава з горада Лоева Гомельскай вобласці. Пачула аднойчы вашу перадачу і стала пастаяннай яе слухачкай. Вось і мне захацелася падзяліцца ўспамінам, які звязаны з адной цудоўнай песняй. У маіх бацькоў была радыёла, і яны часта слухалі пласцінкі. Адной з самых першых песень, якая запомнілася мне з далёкага дзяцінства, была песня ў выкананні Валерыя Лявонцьева “Исчезли солнечные дни”. Яна і цяпер абуджае самыя цёплыя ўспаміны пра дзяцінства, чароўныя зімовыя вечары і маю сям’ю.”
(Песня “Исчезли солнечные дни”)
Пісьмо з Мінска. Яго даслала Соф’я Мікалаеўна Грыбава.
“Слухаю вашу праграму пастаянна. А пішу таму, што ўспомнілася мне добрая песенька пра тое, як дзеці хочуць больш часу пабыць з бацькамі. Там такія словы: “Ну неужели в самом деле
Не хватило вам недели
Вам недели не хватило
Чтоб хоть день побыть со мной”.
Няхай яна прагучыць у вашай перадачы”.
(Песня “Выходной”)
Яшчэ адзін ліст з Мінска. Наша слухачка, Галіна Міхайлаўна, піша:
“Пісьмы слухачоў і мелодыі незабыўных часоў выклікаюць безліч эмоцый: і радасць, і смутак, і шчасце, і боль, і вяртанне ў думках на малую радзіму, і ўспаміны, і настальгію… Успамінаюцца школьныя гады, бацькі, сябры, аднакласнікі, настаўнікі, школьныя выпускныя вечары. Выпускныя вечары былі сапраўднымі святамі ўсёй, калісьці вялікай, вёскі. Збіраліся жыхары і ўся сельская моладзь. Пасля ўручэння атэстатаў для ўсіх іграў да самай раніцы вялікі мясцовы духавы аркестр. А мы, выпускнікі, адчувалі сябе свабоднымі, гордымі, маладымі і шчаслівымі. З той пары прайшло 55 гадоў. Для ўсіх выпускнікоў сярэдніх школ далёкага 1961 года прашу вас уключыць у перадачу “Вальс” Дзмітрыя Шастаковіча”.
Пісьмо Сафіі Нікіціны Хацяновіч з гарадскога пасёлка Любань Вілейскага раёна.
“Мне - 76 гадоў. Кожны чалавек, які нарадзіўся ў час вайны ці адразу пасля яе. Усе жыццёвыя цяжкасці пераадольваў сам. Узаемаадносіны былі ў той час больш душэўныя сардэчныя. Мы ў свой час не грэбавалі ніякай працай. У мяне была сястра Надзея. Яна з сяброўкамі шмат працавала. А пасля працы, нягледзячы на стомленасць, разам з сяброўкамі спявала песні пад гармонік. У 70-ыя гады я была аграномам у Вілейскім раёне. Мы тады вырошчвалі лён. Старшынёй калгаса “Октябрь” быў Генадзь Фаміч Паўлоўскі, уважлівы, тонкай душы чалавек. Сёння такіх не сустрэнеш. Прашу ўключыць у перадачу песню “Синий лён” у выкананні Ларысы Мондрус. Песня - гэта бальзам для душы, усе хваробы знікаюць”.
Аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Людміла Латушкіна, вядучы Алег Вінярскі. Праграма “Сустрэчы з песняй” гучыць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў суботу ў 17-00 і паўтараецца ў нядзелю у 21-00.