Поделиться:
“Тыдзень памяці” пісьменніка і драматурга Пятра Васючэнкі
24 сентября 2019
“Тыдзень памяці” пісьменніка і драматурга Пятра Васючэнкі З 23 па 29 верасня 2019 года ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

Выбітны навуковец, загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта, аўтар найцікавейшых літаратуразнаўчых манаграфій і даследаванняў, пісьменнік, які выдаў шмат кніг для дзяцей і дарослых, драматург, п’ есы якога ставіліся ў тэатрах краіны, Пятро Васючэнка шмат і плённа супрацоўнічаў з Беларускім радыё.
Пісьменнік-казачнік і літаратуразнаўца-навуковец – гэтыя яго дзве іпастасі паспяхова рэалізаваліся ў радыёжанрах. Некалі, яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя, ён прынёс у дзіцячую рэдакцыю сваю першую п’есу-казку. А на сёння ў фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат радыёспектаклей і пастановак паводле яго твораў. Займелі сваю радыйную прапіску і знакамітыя паны Кубліцкі ды Заблоцкі, нават раней, чым выйшла серыя кніг пра іх дзівосныя прыгоды. Можна згадаць тут і больш познія радыёспектаклі: “Паэт і дзяўчына”,  прысвечаны Янку Купалу,  “Млечны шлях”  паводле рамана Кузьмы Чорнага, “Севярын і Гражына” паводле паэмы Уладзіміра Караткевіча “Чазенія”. З Пятром Васільевічам любілі працаваць радыёрэжысёры. Ён цудоўна разумеў спецыфіку радыёп’есы, у яго быў свой непаўторны стыль, дыялогі герояў будаваліся нязмушана і разам з тым вельмі дакладна. Насамрэч, ён меў вуха радыйнага драматурга.
Увесь гэты тыдзень у праграме “Тэатр Беларускага радыё” будуць гучаць радыёспектаклі і пастаноўкі паводле твораў Пятра Васючэнкі. Запісы з фондаў Беларускага радыё розных гадоў.
23 верасня -- радыёспектакль “Пра подзвігі паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”,
24 верасня -- музычны радыёспектакль “Жахлівы гам”,
25 верасня  – радыёпастаноўка “Яйка ад Куры Шчабятуры”,
26 верасня – урывак з рамана-бурлеска “Дванаццаць подзвігаў Геракла”,
27 верасня --  музычны радыёспектакль “Прыгоды новага калабка”,
28-29 верасня  – радыёспектакль “Паэт і  Дзяўчына”.

Пачатак эфіру – у 22 гадзіны 10 хвілін.
Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: