Поделиться:
Вердыкт. Прафесія як мэта! Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
2 ноября 2016
Вердыкт. Прафесія як мэта! Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Навіны ў галіне вышэйшай адукацыі і навукі падказалі тэму – адбор і практыка-арыентаваная падрыхтоўка спецыялістаў.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт адзначыў 95-годдзе. За гады існавання гэта найбуйнейшая і найстарэйшая ВНУ краіны падрыхтавала 150 тысяч спецыялістаў, якія ўнеслі значны ўклад у айчынную навуку, культуру і эканоміку. У віншаванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі калектыву адзначаны глыбокія веды і практычны вопыт выкладчыкаў, і тое, што іх беражлівае стаўленне да традыцый забяспечваюць высокі ўзровень падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, фарміруюць інтэлектуальнае багацце Беларусі і ўмацоўваюць прэстыж на сусветнай арэне.
Перад вышэйшай школай па-ранейшаму стаіць задача – выхоўваць сапраўдных прафесіяналаў і патрыётаў. Удасканаленне адбору абітурыентаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы і наданне практыка-арыентаванасці навучанню стала тэмай пры  узгадненні на пасаду новых рэктараў: Юрыя Кулажанкі – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, Івана Паляводы – Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сістэма вышэйшай адукацыі мае патрэбу ў аптымізацыі як па тэрмінах навучання, так і па зместу вучэбных  праграм з акцэнтам на тыя курсы, якія сёння патрэбны для канкрэтнага спецыяліста. Будучы спецыяліст у першую чаргу павінен вывучаць тыя прадметы, якія спатрэбяцца ў прафесійнай дзейнасці, а таксама атрымліваць веды па сумежных навуках. Навучанне ўжо з першага курса павінна быць арыентаваным на практыку, каб адразу ж студэнт акунаўся ў будучую прафесію. Так ён, зразумеўшы, што не туды трапіў, своечасова перагледзіць свой выбар. Гэта лепш, чым праз два-тры гады. Так меньш будзе адукаваных непрафесіяналаў.
Таму ж можа паспрыяць ўдасканаленне сістэмы адбору ў ВНУ. З тэстамі ВНУ прайшлі пэўны шлях. І сёння да тэсціравання адносіны неадназначныя. Старшакласнік пры падрыхтоўцы да паступлення часцей рыхтуюцца толькі вырашаць тэсты і завучваюць патрэбную інфармацыю. Што ж адбываецца з прафарыентацыяй? Загадзя арыентуецца чалавек быць юрыстам, эканамістам, чыгуначнікам, ваенным. Каб атрымаць адукацыю, абітурыент ідзе па шляху найменшага супраціўлення. Калі не прайшоў у адну ВНУ, нясе вынікі тэстаў у другую. Паступіць ён паступіў, вучыцца, але ж  ведае, што па спецыялнасці працаваць не будзе. Грамадства на гэтым  нямала страчвае. У самім працэсе тэсціравання не бачны чалавек.
У школах шмат таленавітых юнакоў і дзяўчат. Нехта з іх паступіць у ВНУ. Потым яны стануць спецыялістамі, кіраўнікамі, вучонымі. Патэнцыял чалавека выкладчык можа бачыць толькі калі размаўляе з ім. “Гавары, я цябе не бачу” – звяртаўся адзін мудрэц да свайго вучня. У размове раскрываецца чалавек, можна бачыць, якая перад табой асоба. Нейкія змены ў адборы абітурыентаў, безумоўна, адбудуцца. Прэзідэнт даручыў адукацыйнаму ведамству за зіму да зацвярджэння правілаў прыёму вырашыць гэту праблему. Будзе звернута ўвага на адбор па тых ці іншых спецыяльнасцях, у тыя ці іншыя ВНУ. І такія захады ўжо робяцца.
Мне прыгадваецца вопыт стварэння педагагічных класаў. Профільнае навучанне зробіць арыентаванымі на прафесію педагога, хто ёю захапіўся яшчэ ў школе. За тое, што старшакласнік арыентаваны на паступленне ў педкаледжы і ВНУ, будзе адказваць педагагічны калектыў сваёй рэкамендацыяй. Гэта цікавы вопыт. І ён павінен прынесці свой плён.
А вось практыка-арыентаванасць навучання ў той ці іншай ступені  ў нашай сістэме адукацыі прысутнічае і як прынцып, і як метад, і як тэхналолгія: практыкумы, майстар-класы, трэнінгі, дзелавыя гульні, праектныя і проблемныя методыкі, самастойныя даследаванні. І ўсе яны скіраваны на інтэнсіфікацыю працэсу пошуку, атрымання і назапашвання новых ведаў, уменняў і прафесійных кампетэнцый, на фарміраванне ў студэнтаў уласнай унутранай матывацыі навучання, мыслення, уяўлення, творчых здольнасцей, устойлівага пазнавальнага інтарэсу.  Іншая справа, што ўдасканаленню форм і зместу адукацыі няма мяжы і вынікі яго залежаць ад творчага патэнцыялу выкладчыка, дацэнта, прафесара.
Веды, культура і духоўнасць – гарантыі стабільнасці і росквіту дзяржавы. Таму ў Беларусі робіцца ўсё магчымае, каб адукацыя была якаснай, даступнай і дапамагала кожнаму знайсці сваё месца ў жыцці. Пра гэта мы павінны сёння задумацца ўсе разам, каб пры выбары прафесіі малады чалавек не памыліўся і правільна абраў траекторыю жыцця, не мяняў прафесійныя арыенціры на паўдарозе да дыплому. А выбраць у сістэме  прафесійнай адукацыі ў нас ёсць што.
Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: