Працоўныя правы грамадзян – з самых важных. З розных крыніц фарміруюцца даходы беларусаў. У структуры грашовых даходаў асноўнае месца займае аплата працы – 65 %, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, – амаль дзясятая частка, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і інш.) - пятая частка. Іншыя даходы, у тым ліку даходы ад уласнасці – каля 5 %. А значыць праца – асноўная крыніца даходаў насельніцтва.
Меры па спрашчэнні вядзення бізнесу, што прымаюцца ў краіне, будуць зведзены ў адзіным нарматыўным акце, які з'явіцца ўжо ў канцы першага квартала. Дакумент закліканы спрасціць, як пачатак бізнесу, так і яго вядзенне. І тады прыватны бізнес зможа яшчэ больш паўплываць на працаўладкаванне грамадзян. Такімі думкамі падзяліўся нядаўна намеснік старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі Сяргей Навіцкі.
Трэндам апошняга часу становіцца разняволенне ініцыятывы, прадпрымальнасці, у якім бачыцца вялікі рэзерв развіцця краіны. У гэтым шэрагу - ужо агучаная лібералізацыя санітарных норм і правілаў пры адкрыцці прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, патрабаванняў бяспекі і ўскладанне адказнасці за бяспечнае вядзенне работ на кіраўнікоў прадпрыемстваў і падраздзяленняў, зніжэнне інтэнсіўнасці праверак і давядзенне іх колькасці да разумных межаў.
І вось зараз лібералізацыя дайшла да будаўніцтва ў сельскай мясцовасці. Сярод мер у гэтым рэчышчы – ўрэгуляваныя Указам № 69 Прэзідэнта пытанні ўзвядзення аб'ектаў сельгаспрызначэння гаспадарчым спосабам. Цяпер выкананне будаўніча-мантажных і іншых спецыяльных прац, у прыватнасці, прац па ўладкаванни саманясучых сцен і перагародак, аддзелачных прац, работ па добраўпарадкаванні, запаўненні праёмаў і іншыя работы пры ўзвядзенни сельскагаспадарчых аб'ектаў другога - чацвёртага класаў складанасці гаспадарчым спосабам будзе ажыццяўляцца сельскагаспадарчымі арганізацыямі без распрацоўкі прадпраектнай дакументацыі і без наяўнасці атэстатаў адпаведнасці, а таксама без абавязковага патрабавання, каб гэтыя работы вялі атэставаныя спецыялісты. З палажэнняў прававога дакумента мы разумеем, што ўстараняецца зарэгуляванасць, якая замінала прадпрымальнікам, гаспадарнікам, будаўнікам весці сваю дзейнасць, развівацца сельскагаспадарчым прадпрыемствам.
Меры, што прымаюцца, мяне падштурхнулі паразважаць пра тое, з чым я сутыкнуўся ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Чаму я ўзяў для разважання гэтую тэму? Яна мне блізкая, бо чвэрць стагоддзя таму я папрацаваў арганізатарам будаўніцтва і мантажу абсталявання ў сельскай мясцовасці, і нават заснаваў прадпрыемства. Магчыма, калі б не зарэгламентавалі залішне ў свой час гэту дзейнасць, я б не вярнуўся ў журналістыку і педагагічную дзейнасць пакінуў бы, захапіўшыся канкрэтнай вытворчасцю. Мы займаліся мантажом кармацэхаў на жывёлагадоўчых фермах, агрэгатаў вітамінавай мукі, карусельных ільнасушылак, бульбасартавальных пунктаў – абсталявання, якое цэнтралізавана пастаўлялася сельгаспрадпрыемствам. Мантаж вялі людзі, якія не адзін дзясятак камплектаў да таго часу ўстанавілі. І ніхто не патрабаваў пацвярджэння кваліфікацыі. Заключаўся дагавор, даводзілі да пуску-наладкі і здавалі аб'екты камісіі, якую прызначаў кіраўнік гаспадаркі. І абсталяванне працавала. Мая задума была - падтрымліваць гэта сезоннае абсталяванне ў працоўным стане, весці наладку, каб яно працавала з сезона ў сезон, з года ў год.
Але здарылася так, што з'явіўся шэраг перашкод. Па-першае, з часам гэтыя працы сталі ліцэнзійнымі, а па-другое, я павінен быў як дырэктар і заснавальнік прадпрыемства набраць для вытворчасці работ не тых людзей, якія ўмеюць гэта рабіць, а якія маюць дакумент, кваліфікацыйнае пасведчанне. Што называецца, зусім зарэгламентавалі дзейнасць. І мой бізнес памёр, не развіўшыся на поўную сілу, як задумваўся, - з карысцю для справы і выгадай для сябе.
Тыя меры, якія рэалізуюцца ў дзяржаве па разняволенні бізнесу, я вітаю, бачу ў іх вялікую карысць, як у плане развіцця рэальнай вытворчасці ў рэспубліцы, так і пашырэння сферы занятасці грамадзян краіны, каб кожны мог рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на працу і ў выглядзе прадпрымальніцтва.