
На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 3 па 9 красавіка 2017 года пройдзе «Юбілейны тыдзень» лаўрэта Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніка Алеся Жука, прысвечаны 70-годдзю з дня яго нараджэння.
Алесь Жук – адзін з самых цікавых сучасных празаікаў. У яго мастацкім лёсе адлюстраваліся пошукі цэлага пакалення творцаў, якія прыйшлі ў беларускую літаратуру ў 70-я гады ХХ стагоддзя.
Чалавек і яго радзіма, навакольны свет і мера адказнасці за яго захаванне, адчуванне свайго роду і высакародства як матыў паводзін у грамадстве, вернасць бацькоўскім запаветам і адвечныя пытанні сэнсу жыцця… Гэтыя галоўныя тэмы вы знойдзеце на старонках аповесцей і апавяданняў пісьменніка, якія пакідаюць уражанне глыбокай жыццёвай праўды і наталяюць душу святлом і верай.
У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат цікавых мастацкіх работ паводле прозы Алеся Жука. На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» вы пачуеце:
у панядзелак і аўторак (3 і 4 красавіка) – радыёспектакль «Не забывай мяне»,
ў аўторак (4 красавіка) прагучыць апавяданне «Садоўнік»,
у сераду (5 красавіка) – радыёпастаноўка «Сок манга» і апавяданне «На вартавой сцяжыне»,
у чацвер (6 красавіка) – радыёспектакль «Максімка»,
у пятніцу (7 красавіка) – радыёспектакль «Праклятая любоў»,
у суботу і нядзелю (8 і 9 красавіка) – радыёспектакль «Паляванне на Апошняга Жураўля», у нядзелю слухайце таксама радыёпастаноўку «Белая ноч».
Пачатак эфіру праграмы «Тэатр Беларускага радыё» штодзень ў 22 гадзіны 5 хвілін.