Гэта першы ў гісторыі айчыннага радыёвяшчання радыёсерыял.
Асновай аудыяпастаноўкі стала аповесць класіка дэтэктыўнага жанру сусветнай літаратуры французскага пісьменніка Жоржа Сіменона «Мегрэ і чалавек на лаўцы» у перакладзе на беларускую мову пісьменніка Алеся Асташонка.
У цэнтры сюжэта – папулярны літаратурны герой, камісар паліцыі Мегрэ, якога сам Сіменон называў «лекарам людскіх лёсаў». Нешматслоўны і стрыманы, з абвостраным пачуццём справядлівасці Мегрэ здольны разабрацца ў самых заблытаных справах.
На гэты раз забойства здарылася ў Парыжы, на бульвары Сэн-Мартэн. Расследаванне з кожным крокам ускладняецца, але фінал, які няўмольна набліжаецца, аказваецца непрадказальным.
Аповесць адлюстроўвае крызіс сямейных каштоўнасцей у пасляваеннай Францыі (год напісання твора – 1953). На прыкладзе лёсу простага чалавека аўтар падкрэслівае важнасць захавання маральных прынцыпаў паводзін у грамадстве.
заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гарцуеў (Аўтар), артыст Ігар Сідорчык (Мегрэ), народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў (стары бухгалтар), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін (паліцэйскі Сантоні), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шароў (паліцэйскі Нэвэ), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Лясная (мадам Турэ), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ганна Маланкіна (Антуанета Машэр), артыст Аляксандр Вергуноў (акрабат Шрамэк), артыстка Алена Пастрэвіч (Марыета Жыбон), артыст Сяргей Жбанкоў (паліцэйскі Лапуэнт).