Поделиться:
«Розгалас. Вайна сусветаў». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 23.03.2022
«Розгалас. Вайна сусветаў». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Facebook і Instagram у Расіі цяпер забароненыя. Маскоўскі суд прызнаў экстрэмісцкай карпарацыю Meta (раней яна называлася Фэйсбук, як аднайменная сацыяльная сетка). WhatsApp – да нядаўняга часу самы папулярны ў Расіі месенджар, – які таксама ўваходзіць у склад карпарацыі, пакуль што блакіравацца не будзе.

Можна па-рознаму ацэньваць эфектыўнасць такой забароны з пункту гледжання інфармацыйнага супрацьстаяння. Так, напрыклад, афіцыйна заяўлена, што ніякай адказнасці для простых карыстальнікаў, якія пакінуць свой акаунт у Facebook або Instagram, не будзе. І пакуль не выпадае казаць, што расійскі сегмент гэтых сацсетак памёр. Пра гэта сведчаць даныя даследчыцкай кампаніі Mediascope, якая традыцыйна замярае паказчыкі СМІ і інтэрнет-медыя ў Расіі.

Пасля забароны колькасць карыстальнікаў Facebook скарацілася з 10 да 6 мільёнаў. У Instagram паказчыкі лепшыя: было каля 40 мільёнаў карыстальнікаў з Расіі, цяпер іх засталося 34 мільёны. Зрэшты, такое даследаванне можа зрабіць любы карыстальнік Instagram: зайдзіце ў акаунты расійскіх знакамітасцяў і ўбачыце – практычна ўсе яны працягваюць карыстацца сацсеткай. Тэхнічныя магчымасці абыйсці забарону пакуль што ёсць.

Аднак, відавочна, што рашэнне маскоўскага суда – гэта не пра інфармацыйнае супрацьстаянне, гэта сімвалічны крок. Проста нельга было пакідаць без адказу абсалютна абуральнае рашэнне кампаніі Meta. Нагадаю, там дазволілі публікаваць на сваіх платформах заклікі да насілля ў адносінах да расійскіх ваенных, а таксама – да Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Простымі словамі, карыстальнікам Facebook і Instagram сказалі: хочаце заклікаць да забойства – калі ласка, заклікайце, мы вам не будзем перашкаджаць.

«Гэта ўвогуле як?!» – самае мяккае з пытанняў, якія пасыпаліся на Meta нават з боку сваіх, заходніх, СМІ і экспертаў. Магчыма, у карпарацыі зразумелі, што перайшлі ўсе межы і парушылі нават свае правілы, таму паспрабавалі хуценька адкруціць назад. Аднак, зразумела, нічога адкруціць ужо не атрымаецца. Як у вядомай рускай прымаўцы, «поздняк метаться».

І вось што важна разумець. Гэта не гісторыя пра тое, як дрэнная Расія “душыць” свабоду слова і выкідвае светлую і дэмакратычную амерыканскую сацыяльную сетку са сваёй інфармацыйнай прасторы. Сёння дзейнасць Facebook (і падобных глабальных медыя) выклікае ўсё больш пытанняў у саміх заходніх дэмакратыях. Так, у ЗША ў апошнія гады ўсё гучней галасы палітыкаў, якія патрабуюць падзяліць Meta і іншыя буйныя карпарацыі на асобныя часткі. Яны не хаваюць, што іх непакоіць: усё большы палітычны ўплыў і эканамічная моц такіх кампаній.

У заходніх краінах Facebook сёння мае вельмі негатыўны імідж. Спіс прэтэнзій пастаянна расце: сачэнне за карыстальнікамі, гандаль персанальнымі данымі, распаўсюджванне фэйкаў, нянавісці. Самае абуральнае, што кампанія часта ведае аб праблемах, але нічога не робіць, каб іх вырашыць.

Так, зусім нядаўна Аўстралія падала ў суд на Facebook з-за ашуканскай рэкламы. Аказалася, што ў сацсетцы публікавалі фальшывыя запісы ад імя знакамітых у краіне людзей, выкарыстоўваючы іх фота. Яны быццам бы рэкламавалі інвестыцыйныя магчымасці, і ў выніку людзі гублялі сотні тысяч долараў. У судовым іску сцвярджаецца, што Meta зрабіла гэта свядома і не змагла прадухіліць махлярства нават пасля таго, як даведалася пра яго.

Нічога дзіўнага няма: любая рэклама ў сацыяльнай сетцы – гэта яе прамы даход. Нават ашуканская рэклама. Проста для разумення, пра што ідзе размова: летась кампанія Meta атрымала глабальны даход ад рэкламы ў памеры 115 мільярдаў долараў! Маючы такі вялікі кавалак пірага, можна заплюшчваць вочы на многія этычныя моманты.

Праўда, ёсць падазрэнне, што проста так заплюшчваць вочы і далей стрыгчы купоны карпарацыі ўжо не дадуць. Восенню мінулага года прадстаўнікоў Meta пачалі выклікаць на слуханні ў сенат ЗША пасля серыі расследаванняў амерыканскіх журналістаў. Высветлілася, напрыклад, што карпарацыя дала дабро на распрацоўку дзіцячай версіі Instagram. І гэта пры тым, што ў Meta цудоўна ведаюць пра негатыўны ўплыў сацсетак на юных карыстальнікаў.

Адзін з амерыканскіх сенатараў тады вобразна параўнаў Instagram з першай дзіцячай цыгарэтай, на якую падлеткаў падсаджваюць з ранняга ўзросту. Сацсетка гуляе на жаданні дзяцей быць папулярнымі сярод сваіх аднагодак і вымушае іх падвяргаць небяспецы сваё здароўе – напрыклад, рэкламуючы экстрэмальныя дыеты для пахудання.

Яшчэ адна прэтэнзія да Facebook, якая прагучала ў расследаванні амерыканскіх СМІ, – у сацсеткі нібыта ёсць тайны спіс VIP-карыстальнікаў. Такіх людзей больш за мільён па ўсім свеце. Гэтыя карыстальнікі могуць спакойна парушаць правілы – распаўсюджваць фэйкі, заклікаць да насілля і рабіць іншыя непрыгожыя рэчы абсалютна беспакарана. Ёсць канкрэтныя прыклады з вядомымі палітыкамі, акцёрамі, спартсменамі.

А яшчэ ў сацсетцы ў апошнія гады становіцца ўсё больш публікацый з абразамі, агрэсіяй, заклікамі да насілля і загадзя ілжывай інфармацыяй. Так атрымалася пасля абнаўлення “разумных” алгарытмаў сеткі. Амерыканскія журналісты лічаць, што атрымалася ненаўмысна. А вы верыце ў гэта?

Але за ўсімі падрабязнасцямі, паміж радкоў, чытаецца галоўнае апасенне: Facebook стаў занадта вялікім. Амаль 3 мільярды карыстальнікаў – гэта ж “дзяржава” над дзяржавамі. А Цукерберг па такой логіцы – “прэзідэнт” над прэзідэнтамі. Сацсетка даўно перарасла межы асобных краін, нават вялікіх. І цяпер яе кіраўнікі спрабуюць змяніць правілы гульні ў цэлых рэгіёнах. Зразумела, гэта зусім не падабаецца кіраўнікам дзяржаў рэальных, а не віртуальных.

Так што, магчыма, гісторыя з Facebook – гэта першыя залпы вайны за ўладу. Вайны сусветаў, рэальнага і віртуальнага.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: