Сёння пра тое, як важна, нягледзячы ні на што, здзіўляцца. Усяму!.. Раніцы за вокнамі, адчуванню вясны – яна ўжо недзе тут, непадалёку! Ці пакуль што вось гэтым мудрагелістым зімовым ўзорам на дрэвах, платах, весніцах, дахах!.. А яшчэ добрым і шчырым чалавечым ўчынкам, паводзінам. І ўменню любіць жыццё.
Здавалася б, усё такое знаёмае, не раз пабачанае і пачутае. Але ж варта не стамляцца знаходзіць у гэтым спрадвечным нейкія новыя грані, адценні, вобразы. І тым самым настройваць сваю душу на прыгожае і пазітыўнае.
Пра гэта ў вашых лістах і тэлефанаваннях.
Наш пастаянны слухач з вёскі Янкавічы Расонскага раёна Аляксандр Іванавіч Матошка расказаў пра мост, які пабудавалі тры гады таму на Дрысе, паблізу Янкавіч і вёскі яго маленства Гараўцоў. У чым яго здзіўленне? А вось у чым. «Раней ля старога моста прытулілася такая ж старая хатка нашай аднавяскоўкі Ганны Маркаўны, – распавядае ён, – нахілілася, урасла ў зямлю. Але як толькі з’явіўся новы мост, хату набыў прадпрымальны гаспадар. Яна змянілася, нібыта ўверх паднялася, падрасла, заўсміхалася!.. Заўважыць такія змены, парадавацца за сваіх землякоў, адчуць у сваёй душы парасткі надзеі на лепшае, на тое, што жыццё працягваецца, чым не радасць?..» – зазначае Аляксандр Іванавіч.
Ці вось яшчэ ліст. Ад Зоі Мікалаеўны Пятровіч з Салігорска. Яна вельмі хораша распавядае пра мясціны свайго маленства, бацькоў і хату. Нават пра асобныя рэчы, якія некалі жылі з імі, малымі. «Тады, магчыма, мала хто з нас, дзяцей, надаваў ім належную ўвагу, а цяпер здзіўляемся і радуемся кожнай дробязі, – заўважае Зоя Мікалаеўна, – напрыклад, мая сястрычка Мірка (Міра Мікалаеўна), як самую дарагую рэліквію захоўвае камень, з дапамогай якога некалі наша маці адціскала сыры. Здавалася б, просты камень!.. Але ж ён захаваў цеплыню матуліных рук, тыя таямніцы і гісторыі бацькоўскай хаты».
Перад гэтым эфірам тэлефаную нашай знаёмай слухачцы, мінчанцы Крысціне Доўнар. Пытаюся: «Якім жыццёвым з’явам вы па-ранейшаму не перастаяце здзіўляцца»? Крысціна пачала ўзгадваць, а потым расказала пра відэаздымкі, якія ёй даслалі праз сацыяльныя сеткі. На адным з іх – дарога, па якой ідуць да храма пілігрымы. Дарослыя і дзеці... І бусел. То прыстроіцца за людзьмі, пратэпае сваімі цыбатымі нагамі, а то ўзляціць, апусціцца і зноў далучыцца да гэтай працэсіі. «Гэта і многае іншае не тое, што здзіўляе, а заварожвае, прымушае задумацца аб глыбокіх спрадвечных ісцінах», – дзеліцца з намі Крысціна.
Прыгадваю, як адзін з галоўных герояў аповесці пісьменніка Уладзіміра Ліпскага Зміцер Кажухоўскі, абаяльны ў сваёй непадробнай цікавасці да гісторыі, продкаў і які носіць мянушку «Цар» (засталася яму ад прадзедаў), кажа: «Калі не здзіўляешся, то ці варта жыць?..»
З гэтым, мяркую, пагодзіцца і наша слухачка з Чэрыкава Ніна Сцяпанаўна Лазарэнка. У яе лісце – пра гарадское возера, лебедзяў, пра гэтых, як яна піша, «вяльможных» птушак. Ці ж можна не здзіўляцца іх вернасці і адданасці?.. Прыгажосці паводзін і празе да жыцця.
Асабліва кранае «лебядзіная вернасць» людзей.
«Мне за 80. Вайна адняла ў нас дзяцінства», – радкі з ліста ад нашай пастаяннай слухачкі Соф’і Аляксандраўны Меляшкевіч з пасёлка Мар’іна Пухавіцкага раёна. І далей аповед пра жанчыну, якая да апошніх дзён сваіх чакала мужа з вайны. Ядвіга Ярмак жыла ў глухамані, амаль што ў лесе, на Смаргоншчыне. З таго часу, як яе муж пайшоў на вайну, і на працягу ўсяго свайго жыцця яна ні разу (!) не зачыніла дзвярэй ні ўдзень, ні ўначы. «Я акамянела, пачуўшы такое, – падзялілася з намі Соф’я Аляксандраўна. – Якая вернасць, якая надзея на сустрэчу! Сапраўдны ўчынак, якому здзіўляешся і захапляешся».
Ці вось, скажам, герой нашай радыёпраграмы «Галерэя», вядомы вучоны, даследчык у галіне геадэзіі Уладзімір Ваганавіч Мкртычан. Родам з Паўднёвай Грузіі, ён доўгі час жыве і працуе ў Беларусі. Ад таты яму застаўся невялікі дамок у гарах, і ён штогод, падчас водпуску, едзе за тысячы кіламетраў, каб пахадзіць па роднай зямлі, наталіцца яе сілай і прыгажосцю, выканаць татаў запавет. Здзіўляе?.. Так! Бо часам мы і тут, жывучы непадалёку, не знаходзім часу ды магчымасці зазірнуць да бацькоў.
А яшчэ можна здзіўляцца... лютым! Сёлета ён на дзіва снежны ды марозны! Дарэчы, вучоныя-псіхолагі адзначаюць, што гэты месяц з’яўляецца для чалавека самым складаным сярод іншых у гадавым цыкле. І самы горшы час для якаснага сну і засынання. У народзе пра гэта казалі так: «Не дае доўга спаць, трэба плугі ладзіць ды калёсы папраўляць». Можа таму старажытныя насельнікі Зямлі зрабілі яго самым кароткім.
І яшчэ. «Чалавек памірае, калі страчвае здольнасць здзіўляцца і захапляцца жыццём», – зазначыў некалі народны пісьменнік Беларусі Максім Танк. Так што давайце ўсё ж, нягледзячы ні на што, здзіўляцца і захапляцца! Радавацца такім простым жыццёвым імгненням.