18 сентября 2019
Цырк, цырк, цырк... Свята яркае і прывабнае, гэта – чараўніцтва. Ён прыцягвае да сябе як дзяцей, так і дарослых, ва ўсіх куточках планеты, бо цырк - гэта заўсёды радасць, весялосць, жарты, смех, неверагодныя трукі і самае дасканалае майстэрства артыстаў-цыркачоў. Гэта, безумоўна, можна сказаць і пра наш Беларускі дзяржаўны цырк, які сёлета адсвяткаваў свой юбілей – 60 гадоў.
Кожнае прадстаўленне цырка па-свойму ўнікальнае і цікавае. Ён заўсёды радуе нас незвычайнымі праектамі. Так, заўтра ў Мінску стартуе Другі Мінскі Міжнародны Фестываль цыркавога мастацтва. Форум стане яркай культурнай падзеяй не толькі ў жыцці Беларусі, але і для знаўцаў цыркавога мастацтва з усяго свету.
Мінчане і шматлікія госці сталіцы атрымаюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з лепшымі дасягненнямі сусветнага цыркавога мастацтва! Гэта сапраўднае свята прыгажосці і грацыі.
Сёння госці праграмы «Творчы вечар» прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага цырка: мастацкі кіраўнік Вітаўтас Грыгалюнас і галоўны рэжысёр Ала Нікалаева-Аліева.
16 сентября 2019
Верасень для музычнай грамадскасці краіны адметны 90-гадовым юбілеем выдатнага кампазітара, народнага артыста СССР Яўгена Глебава. Гэта дата стала нагодай для правядзення некалькіх цікавых творчых праектаў. Бадай, самы буйны - “Музычная спадчына Радзімы”, канцэртны тур студэнцкага духавога аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Калектыў на чале з дырыжорам Максімам Расохам выступіў у шасці гарадах краіны. Гастрольны тур завяршыўся ў Мінску 10 верасня ў дзень нараджэння кампазітара. На плошчы Свабоды сабралася вялікая аўдыторыя - аматары, заўсёднікі, што пастаянна наведваюць канцэрты на вольным паветры ў Верхнім горадзе, і, канечне ж, музыканты. Так, сапраўды, было многа знаёмых. З некаторымі даўно не бачыліся, таму ўдвая прыемна, што асоба Яўгена Аляксандравіча Глебава не толькі аб’яднала розных людзей, але і дала магчымасць аднавіць некаторыя сяброўскія кантакты. Атмасфера вечара адрознівалася асаблівай душэўнасцю, у тым ліку і таму, што выпадковых людзей там практычна не было. Аркестр прапанаваў праграму кінамузыкі Яўгена Глебава, тыя творы, што даўно жывуць самастойна. Уражанне гарманічна дапаўнялі фрагменты з фільмаў, што дэманстраваліся на экране. Асобна варта сказаць пра дырыжора Максіма Расоху, які падрыхтаваў цікавы канцэрт і ва ўсіх сэнсах цудоўна яго правёў. Не толькі стварыў неабходную эмацыянальную танальнасць, але і аздобіў праграму змястоўнымі каментарыямі. Своеасаблівай прэлюдыяй да гэтага вечара стала камерная сустрэча ў Беларускім саюзе кампазітараў, якую наведала Ларыса Васільеўна Глебава – жонка, сябар, паплечнік, муза, сакратар, надзейны тыл... Напэўна, гэтых слоў недастаткова, каб перадаць сутнасць узаемаадносін кампазітара і яго жонкі. Разам яны правялі амаль 40 гадоў і, як кажуць, прараслі адно ў аднаго. Ларыса Васільеўна беражліва захоўвае святая святых - аўру кабінета, у якім працаваў Яўген Аляксандравіч Глебаў. Асноўным месцам яго творчага існавання быў стол, за якім кампазітар пісаў музыку. А яна гучала ў яго душы. Яўген Аляксандравіч адчуваў унутраным слыхам усё, што дыктавалася небам і толькі пасля таго, як занатоўваў, правяраў за фартэпіяна. А яшчэ ён нікому, нават Ларысе Васільеўне, не давяраў свае музычныя таямніцы, бо, магчыма, і сам не ведаў. А на пытанне, адкуль бяруцца такія мелодыі, жартаваў - з кішэні. Яўген Аляксандравіч любіў працаваць з дастойнымі парнёрамі, калі адно трапнае слова магло навесці на ідэю, уваходзіла ў сэрца і абуджала ў душы тую неабходную, непаўторную мелодыю. Так было са знакамітым Адажыа з балета “Маленькі прынц”. Як успамінае Ларыса Васільеўна, яго зерне нарадзілася са слоў рэжысёра Валерыя Рубінчыка, які замовіў Яўгену Глебаву музыку да фільма “Дзікае паляванне караля Стаха”. Ён сказаў кампазітару: “Мне патрэбна тэма вечнасці”. Перад тым як узяцца за працу, Яўген Аляксандравіч прабурчаў – а дзе ж я яе вазьму? Тым не менш, неўзабаве з’явілася боская мелодыя, якая не толькі ўвайшла ў фільм, потым у балет, але і для многіх стала сімвалам музыкі Яўгена Глебава. На жаль, часта здараецца, магчыма, нават несправядліва, што шырокую вядомасць атрымлівае далёка не ўсё напісанае, вартае ўвагі і прызнання. Гэта тычыцца лёсаў практычна ўсіх кампазітараў. Што да Яўгена Глебава, то ўся яго творчасць прасякнута цудоўнымі мелодыямі. Ён быў перакананы: там, дзе няма мелодыі - няма музыкі. А ў музыцы жыцця самога Яўгена Аляксандравіча асобнай тэмай была сям’я. Кампазітару спакойна працавалася тады, калі ўсе былі разам – і жонка, і сын. Ларыса Васільеўна не дазваляла сабе дзесьці затрымацца, напрыклад, пасля работы, бо ведала, што дома яе не проста чакаюць, але і кожны раз “рыхтуюць сваё сэрца да сустрэчы”. Што ж, мяркую, хоць аднойчы, пачуўшы такія словы, кожная жанчына старалася б адпавядаць. Прызнаюся, падчас размовы з Ларысай Васільеўнай мне не раз успаміналася даволі распаўсюджанае меркаванне, што за кожным паспяховым мужчынам, выдатнай асобай стаіць моцная любячая жанчына, якая не толькі здольна падтрымаць псіхалагічна, але і дапамагчы ў творчасці. Так атрымалася, што Ларысе Васільеўне выпала стаць аўтарам лібрэта некалькіх твораў Яўгена Глебава. Як самы шчаслівы перыяд у жыцці яна ўспамінае напісанне оперы “Майстар і Маргарыта” паводле рамана Міхаіла Булгакава. Гэта быў працэс не толькі сатворчасці, але і цудатворства. Оперу паставілі на сцэне Вялікага тэатра ў 1992 годзе, але, на жаль, ішла яна нядоўга. Хаця выдатны оперны рэжысёр Сямён Штэйн ацаніў твор высока, нават сказаў, што трэці акт – на ўзроўні геніяльнасці. Што ж, далёка не ўся спадчына Яўгена Аляксандравіча Глебава адкрыта і па заслугах ацэнена сучаснікамі. Але тое, што гучала і працягвае гучаць, сведчыць, што творчасць кампазітара – здабытак не толькі беларускай, але і сусветнай музычнай культуры.