Падзяліцца:
 “Вердыкт. Незалежнасць і суверэнітэт” – Радыёблог Леаніда Новікава
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.07.2020
 “Вердыкт. Незалежнасць і суверэнітэт” – Радыёблог Леаніда Новікава

Сцяг, Герб, Гімн – нашы дзяржаўныя сімвалы… Сімвалы свабоды беларускага народа… Да сваёй незалежнасці беларусы ішлі больш за тысячу гадоў. Праўдзівы сэнс такіх паняццяў, як бяспека, свабода, суверэнітэт і незалежнасць выяўляецца на стромкіх паваротах гісторыі, у цяжкіх выпрабаваннях.

Так адбылося, што стагоддзі выразнікамі нашай волі на сваёй беларускай зямлі былі выключна каранаваныя асобы. І толькі ў ХХ стагоддзі на адвечнае пытанне “А хто там ідзе?” знайшоўся лёсавызначальны адказ. У вельмі складаных умовах трох рэвалюцый, Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў на гістарычную сцэну падняўся беларускі народ – мудры і цягавіты працаўнік, сапраўдны абаронца і захавальнік Радзімы.

Першая нацыянальная дзяржава была створана пасля Вялікай кастрыніцкай рэваюцыі на савецкай аснове. Мы помнім савецкую эпоху, якая дала беларусам магчымасць упершыню ў сваёй гісторыі пабудаваць эканамічны падмурак будучай легітымнай дзяржавы – рэспубліку з усімі нацыянальнымі атрыбутамі.

Мірную працу ў Савецкай краіне перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Вайна за жыццё, за існаванне нацыі, за месца беларусаў у гісторыі, за месца маладой савецкай рэспублікі на карце свету. Страшэнны лёс рыхтавалі фашысты беларусам. І гэта магло стаць рэальнасцю. Назапашаныя каштоўнасці маглі быць страчаныя назаўсёды, калі б не гераічная барацьба савецкага народа і Вялікая Перамога.

Менавіта гераічныя падзеі мінулага фарміруюць нацыянальную ідэнтычнасць народа і аб'ядноўваюць яго. Змянілася чатыры пакаленні беларусаў. Але памяць пра герояў, якія падарылі нам будучыню, жыве ў нашых сэрцах. Памяць пра іх дае кожнаму новаму пакаленню пачуццё самадастатковасці і гонару за сваё паходжанне, робіць нацыю моцнай і незалежнай.

Падчас урачыстасцей, прысвечаных Дню Незалежнасці Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння мала падхапіць гістарычны сцяг Перамогі бацькоў і дзядоў, горда пранесці яго і перадаць дзецям. Настаў час абараніць гонар сцяга пераможцаў. Любыя спробы дыскрэдытаваць пакаленне пераможцаў будуць расцэньвацца як замах на суверэнітэт, носьбітам якога з'яўляецца беларускі народ. Звяртаючыся да ветэранаў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адноўлены імі мір у Беларусі захоўваецца як самая вялікая каштоўнасць у жыцці…

Наша краіна, на шчасце, дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць здабыла без крыві. Быў зроблены выбар на пераемнасць палітычных, культурных і сацыяльных традыцый. Калі мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі, трэба жыць за свой кошт, сваёй працай. Беларусам чужога не трэба, але і свайго не аддадуць. Беларускі народ зрабіў выбар на карысць бяспекі і стабільнасці свайго развіцця.

Незалежнасць як яе разумеюць у Беларусі, - унутраная свабода, якая жыве ў сэрцы кожнага. Яна і дапамагае чалавеку захаваць сувязь з продкамі, роднай зямлёй, зберагчы нацыянальную ідэнтычнасць, веру і мову. Менавіта сэрцам беларускі народ заўсёды выбіраў гістарычны шлях і тым самым даказаў, што годны суверэннага права вяршыць свой лёс.

Беларусь свята захоўвае памяць пра гераічнае мінулае. Аднак сёння не пакінуты спробы пэўных сіл перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны ці аддаць яе забыццю. Гэта азначае адно: вайна, на жаль, не скончылася. Яна працягваецца ў культурнай, інфармацыйнай, палітычнай і эканамічнай сферах. І тут вельмі важна паказаць сваю годнасць, адзінства і павагу да гісторыі, нашых сучасных дасягненняў, каб быць упэўненымі ў сваёй будучыні і будучыні сваіх дзяцей!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: