1925 год

Першая перадача Беларускага радыё выйшла ў эфір 25 лістапада 1925 года. Радыёстанцыя РВ-10 імя Саўнаркама БССР стала трансліраваць перадачы ў радыусе да 300 км працягласцю 30 хвілін на суткі. У Беларусі фарміравалася радыёперадаючая сетка. У Мінску і Гомелі былі ўсталяваны моцныя радыёперадатчыкі тыпу "Малы Камінтэрн", у 25 раённых цэнтрах - радыёпрыёмнікі калектыўнага карыстання "Радыёліна". У Мінску пабудавана 75-метровая драўляная мачта, побач была абсталявана студыя. Выйшлі ў эфір першыя радыёгазеты: рабочая (штодзённая) і сялянская (3- 4 разы на тыдзень), "Беларуская радыёгазета".

1926 год

У ліпені 1926-га радыёстанцыя РВ-10 імя Саўнаркама БССР стала працаваць у структуры АТ "Радыёперадача". З'явіліся перадачы для розных катэгорый слухачоў: "Беларуская вёска", "Чырвоная змена", "Піянер Беларусі", перадаваліся выступленні членаў літаратурнага аб'яднання "Маладняк".

1927 год

Таварыства сяброў радыё правяло першы Усебеларускі дзень радыё.

1928 год

З 1928 года ў рэспубліцы пачало развівацца правадное вяшчанне. На Беларускім радыё ўведзена тыпавая тыднёвая сетка вяшчання, у якой была закладзена адраснасць перадач у залежнасці ад прафесійнай і ўзроставай прыналежнасці слухачоў, створаны сімфанічны аркестр і першы радыёуніверсітэт з тэхнічным, сельскагаспадарчым і агульнапалітычным факультэтамі. Нароўні з перадачамі са студыі Белрадыёцэнтра пачаліся трансляцыі перадач з тэатраў і клубаў. Упершыню ў рэспубліцы праведзена радыёпераклічка гарадоў СССР з удзелам Мінска.

1929 год

Для радыёфікацыі раёнаў Беларусі быў распрацаваны 10-ватны ўзмацняльнік. На шклозаводзе "Кастрычнік" Бабруйскага раёна абсталяваны першы радыёвузел.

30-я гады

У пачатку 1930-х гадоў перадачы Беларускага радыё вяліся ў форме радыёгазеты. У эфір рэгулярна выпускаліся праграмы "Міжнародны аддзел", "За бальшавіцкія тэмпы", "У працоўны поўдзень", "Чырвонаармейская газета" і інш.

1931 год

Пабудавана магутная радыёстанцыя ў Калодзішчах пад Мінскам.

1933 год

Створаны Камітэт радыёфікацыі і радыёвяшчання пры СНК БССР па арганізацыі праграм для ўсіх радыёстанцый і радыёвузлоў Беларусі. З'явіліся новыя формы вяшчання, адкрыты сектары "Последних известий", грамадска-палітычнага, мастацкага, дзіцячага вяшчання, "У дапамогу самаадукацыі" і інш. З удасканаленнем тэхнічных сродкаў практыкаваліся прамыя эфірныя перадачы: рэпартажы з сустрэч, мітынгаў, сходаў, дэманстрацый.

1936 год

Устаноўлены апараты гуказапісу кшталту "Шоринофон", дзе ў якасці носьбіта гуку выкарыстоўвалася звычайная кінастужка. Пад рубрыкай "Радыётэатр" выходзілі драматычныя і музычныя перадачы, у тым ліку радыёінсцэніроўкі і радыёспектаклі паводле твораў беларускіх пісьменнікаў.

1938 год

Пачалося вяшчанне ў новым Доме радыё, дзе былі 3 новыя студыі, цэх механічнага вяшчання і гуказапісу. Наладжаны выпуск штодэкаднай газеты "Радыёпраграма".

1939 год

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР створана магутная радыёстанцыя ў Баранавічах. Пачалося будаўніцтва радыёпрымаючага цэнтра ў Прылуках (Мінскі раён), у Белрадыёцэнтры ўведзены ў эксплуатацыю 100-кілаватны лямпавы перадатчык. Развівалася абласное і раённае вяшчанне..

1941 год

У сувязі з акупацыяй Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941-ым радыёстанцыя РВ-10 імя Саўнаркама БССР часова спыніла сваю дзейнасць. На кароткіх хвалях у Маскве пачала работу радыёстанцыя "Савецкая Беларусь". Першая яе перадача выйшла ў эфір 1 студзеня 1942 года. Радыёстанцыя вяла выпускі "Последних известий" для партызан і падпольшчыкаў з аглядам газеты "Савецкая Беларусь" і газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну", складала зводкі Саўінфармбюро, рыхтавала "Партызанскія навіны", перадачу "У дапамогу фронту", сатырычную рубрыку "Партызанская сатыра ", спецыяльныя перадачы для рэдакцый падпольных газет, для камсамольцаў і моладзі акупіраванай тэрыторыі Беларусі і інш. Значнае месца ў эфіры адводзілася выступленням партыйных кіраўнікоў, дзеячаў навукі і культуры. За перыяд яе існавання (да 20 верасня 1944-га) выйшла 3270 перадач, радыёстанцыя правяла 15 трансляцый антыфашысцкіх мітынгаў.

1944 год

У вызваленым Гомелі ў 1944 годзе, а затым у Мінску зноў пачала працаваць радыёстанцыя РВ-10 імя Саўнаркама БССР. У 1945 годзе адноўленыя студыі Дома радыё і новае абсталяванне далі магчымасць пашырыць дыяпазон перадач. Спецыяльныя выпускі "Последних известий", новыя рубрыкі "Па гарадах нашай рэспублікі", "На вызваленай беларускай зямлі" і іншыя прысвячаліся новабудоўлям, аднаўленню сельскай гаспадаркі, адраджэнню навукі і культуры.

1946 год

Выйшла ў эфір радыёгазета "Юныя ленінцы", у 1949-ым - радыёальманах "Беларусь літаратурная". Практыкаваліся прамыя трансляцыі святочных дэманстрацый, народных свят, спартыўных спаборніцтваў.

50-я гады

Пачалася інтэнсіўная работа па паляпшэнні якасці радыёвяшчання. У Доме радыё было ўстаноўлена новае абсталяванне, якое дазволіла палепшыць якасць запісных перадач. З уводам ў 1955 годзе Мінскага тэлевізійнага цэнтра запрацавала 2-праграмная радыёвяшчальная станцыя на ўльтракароткіх хвалях. У эфір выходзілі аналітычная праграма "На гаспадарчыя тэмы", маладзёжная перадача "Беларусь фізкультурная", "Радыёчасопіс для жанчын". На Беларускім радыё развіваліся спецыфічныя для радыёжурналістыкі жанры: радыёнарыс, радыёрэпартаж, радыёкаментарый.

1960 год

Завершана поўная радыёфікацыя Беларусі.

1962 год

Пачалося рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. У выніку пераўтварэнняў у падрыхтоўцы і праграмнай сістэматызацыі перадач палепшыўся змест праграм. Сведчаннем творчай сталасці Беларускага радыё стала стварэнне новых радыёстанцый.

1963 год

У лютым 1963 гады выйшла ў эфір радыёстанцыя "Беларуская маладзёжная" з перадачамі "Зорная эстафета", "Шчырыя размовы", "Я вам пішу".

1964 год

У красавіку 1964 года выйшла ў эфір радыёстанцыя "Сельскае жыццё" з праграмамі "Сельская раніца" і "Вячэрнія зарніцы" . Папулярнасцю карысталіся сярод слухачоў праграма "Дзень нашага жыцця", перадача для старшакласнікаў "Рамантыкі", дыскусійны клуб "Суразмоўца", пастаянныя цыклы перадач "У абедзенны перапынак" і "Для вернікаў і няверуючых". Выходзіла "Працоўная радыёгазета". Дзеля паляпшэння падрыхтоўкі кадраў для радыё і тэлебачання на факультэце журналістыкі БДУ створана кафедра тэорыі і практыкі радыёвяшчання і тэлебачання.

70-я гады

Беларускае радыё пачало стэрэавяшчанне на ўльтракароткіх хвалях, уводзілася 3-праграмнае правадное вяшчанне. Сучаснае айчыннае і замежнае абсталяванне дало магчымасць пашырыць і палепшыць якасць радыёвяшчання.

1972 год

Пачала выходзіць у эфір інфармацыйна-палітычная і музычная праграма "Крыніца" з перадачамі "Любімыя мелодыі", "Маршрутамі выхадных дзён", "Для тых, хто ў дарозе", "Маладыя галасы" і інш. Значнае месца займалі цыкл перадач "Наватар", праграма "Спытаем сябе, таварышы!", "Актуальны мікрафон". Выходзілі інфармацыйныя выпускі "Навіны рэспублікі" і "Мінскія навіны". На тэрыторыі Беларусі працавалі 22 радыёвяшчальныя станцыі, развівалася мясцовае радыёвяшчанне.

80-я гады

На пачатку 1980-х гадоў у Беларусі было 6 рэдакцый абласнога, 115 раённага, 12 гарадскога і 32 фабрычна-заводскага радыё. Пачаўся працэс рэфармавання структуры Беларускага радыё, яго праграмнай, ідэалагічнай і творчай установак. Асноўнай інфармацыйна-прапагандысцкай і літаратурна-мастацкай праграмай радыё заставалася 1-я праграма радыё. Істотнае месца ў ёй сталі займаць палемічныя выступленні па пытаннях нацыянальнай гісторыі, адраджэння беларускай мовы і культуры, стану навакольнага асяроддзя, маральна-этычная тэматыка. З'явіліся радыёнарысы новага зместу: "Голас дэмакратыі", "Дарога ў заўтра", "Абнаўленне", "Высокае званне - настаўнік" і інш.

90-е годы

Пачаўся новы этап развіцця Беларускага радыёвяшчання. У існуючых сацыяльна-палітычных умовах яно захавала сваё традыцыйнае месца ў сістэме Белдзяржтэлерадыё. Вялася работа па рэарганізацыі Мінскага абласнога радыё. Знізілася колькасць праграм раённага (рэгіянальнага) радыё (40). Значна павялічыўся аб'ём палітычнага вяшчання, укараняліся новыя формы падачы матэрыялу.

1991 год

Упершыню выйшлі ў эфір інфармацыйна-аналітычныя праграмы "Радыёфакт" і "Пастфактум".

1994 год

У маі 1994 года радыёстанцыі "Крыніца" і "Беларуская маладзёжная" аб'ядналіся ў новую праграму "Радыё-2" з папулярнымі рубрыкамі "Слова для душы", "Жыццяпіс", "Мястэчка" і інш. У гэтым жа годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, якая стала кіраваць усім працэсам ад стварэння да выхаду ў эфір радыёпраграм.

1995 год

Развіваецца камерцыйнае радыёвяшчанне.

1998 год

Рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць выйшла ў эфір пад назвай радыёстанцыя "Сталіца". Беларускае радыё вядзе рэтрансляцыю перадач на рэгіёны Расіі, іх слухаюць жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны.

2000-х гг.

У пачатку 2000-х гг. Асноўнымі крытэрыямі вяшчальнай палітыкі Беларускага радыё застаюцца аператыўнасць, актуальнасць, дакладнасць, кампетэнтнасць.

2003 год

Пераход у 2003 годзе на лічбавае вяшчанне дазволіў больш эфектыўна і якасна весці запісы перадач. Удасканалена вёрстка эфірнага дня, эфір стаў больш дынамічным і жывым. Праведзена камп'ютарызацыя працоўных месцаў журналістаў, створаны ўмовы для падрыхтоўкі праграм на конкурснай аснове. У эфіры сталі дамінаваць прамыя кантакты са слухачамі, інтэрактыўныя перадачы, рэпартажы, апытанні, каментарыі экспертаў і інш.

2005 год

Усе каналы і радыёстанцыі Беларускага радыё трансліруюцца ў рэжыме рэальнага часу ў сетцы Інтэрнэт.

У цяперашні час

Беларускае радыё вядзе перадачы па двух агульнанацыянальных каналах - Першы нацыянальны канал і "Культура", трох радыёстанцыях - "Беларусь", "Сталіца" і "Радыус-FM".

У структуры Беларускага радыё працуе аб'яднанне музычных калектываў: заслужаны калектыў акадэмічны хор, сімфанічны аркестр, заслужаны калектыў ансамбль народнай музыкі "Бяседа".

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё - галоўны інфармацыйны і грамадска-палітычны радыёканал краіны, які забяспечвае асвятленне дзяржаўнай унутранай і знешняй палітыкі з дапамогай аб'ектыўнага і аператыўнага інфармавання слухачоў пра асноўныя падзеі ў палітычным, эканамічным, грамадскім, культурным і спартыўным жыцці краіны. Характар вяшчання канала вызначаны прынцыпамі вяшчальнай палітыкі, заснаванай на спалучэнні інфармацыйных, грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных, культурна-асветніцкіх і забаўляльных праграм для мэтавай аўдыторыі.

Прыярытэт вяшчання - аператыўная і дакладная інфармацыя (выпускі "Навін" у пачатку кожнай гадзіны, ранішняя інфармацыйная праграма "Радыёфакт", вячэрняя інфармацыйна-аналітычная праграма "Пастфактум"). Інфармацыйная служба поўна і з дакладнай перыядычнасцю паведамляе пра падзеі, якія маюць грамадскую значнасць і шырокі рэзананс. У інфармацыйных выпусках асноўная ўвага надаецца дзейнасці вышэйшых органаў дзяржаўнай улады, найважнейшым падзеям у палітычным, эканамічным, культурным і спартыўным жыцці краіны і замежжа.

Стратэгія развіцця інфармацыйнага вяшчання прадугледжвае шырокае асваенне інфармацыйнай прасторы рэспубліканскага і міжнароднага маштабу. Актыўна вядзецца работа па ўдасканаленні дзейнасці карэспандэнцкай сеткі, яе геаграфічнага ахопу ў цесным узаемадзеянні з абласнымі тэлерадыёкампаніямі, прадстаўніцтвамі Рэспублікі Беларусь у краінах блізкага і далёкага замежжа.

На Беларускім радыё выкарыстоўваюцца сучасныя лічбавыя тэхналогіі вяшчання, што дазволіла практычна адмовіцца ад ферамагнітнай стужкі. Наяўная лакальная камп'ютарная сетка з выхадам у Інтэрнэт дазваляе аператыўна атрымліваць, апрацоўваць і перадаваць інфармацыю ў эфір.