Падзяліцца:
«Паралелі. 2022 год: добрыя прагнозы». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 29.12.2021
«Паралелі. 2022 год: добрыя прагнозы». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

На святы людзі робяць падарункі, загадваюць жаданні, зычаць сваім блізкім здароўя, выканання ўсіх мар. І беларусы, і жыхары іншых краін спадзяюцца на хуткае заканчэнне пандэміі, вяртанне да звычайнага жыцця. А для гэтага ёсць перадумовы. У свеце актыўна ідзе прышчэпачная кампанія ад каранавіруса, а ў нашай краіне да канца гэтага года ўзровень вакцынацыі, як чакаецца, дасягне 50%.

Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус пажадаў людзям ва ўсім свеце шчаслівага, бяспечнага і, галоўнае, здаровага 2022 года. Ён выказаў упэўненасць, што гэта будзе год заканчэння пандэміі. Паводле яго слоў, вірус не абышоў бокам ніводную краіну, але цяпер мы маем шырокі набор інструментаў прафілактыкі і лячэння. Зараз глабальная мэта – да сярэдзіны 2022 года дасягнуць вакцынацыі 70% насельніцтва свету.

Гэту пазіцыю падзяляе адзін з багацейшых людзей планеты, заснавальнік Microsoft Біл Гейтс. Ён аптымістычна глядзіць на 2022 год і піша ў сваім блогу, што вострая фаза пандэміі пройдзе, нягледзячы на штам “амікрон”. “Цяпер свет значна лепш падрыхтаваны да барацьбы з новымі, больш агрэсіўнымі варыянтамі”, – лічыць Гейтс. Пры гэтым каранавірус стане эндэмічным захворваннем, значыць, характэрным для некаторых рэгіёнаў планеты.

Акрамя таго мільярдэр прагназуе прарыў у развіцці медыцынскіх тэхналогій. У прыватнасці, гэта тычыцца дыягностыкі здароўя дома. Што калі б у вас быў гаджэт, які па запыце ўрача памерыць ціск, а тэрапеўт змог бы паглядзець даныя з вашага разумнага гадзінніка, каб даведацца, як вы спіце і як скача ваш пульс? На думку Гейтса, усё гэта магчыма і вельмі хутка тэхналогіі дазволяць збіраць паказчыкі стану здароўя са смарт-гадзінніка пацыента.

Заснавальнік гіганта інтэрнэт-гандлю Amazon Джэф Безас упэўнены, што чалавецтву трэба больш актыўна асвойваць космас, каб выратаваць Зямлю ад перанаселенасці і экалагічнай катастрофы. Першыя крокі ў гэтым накірунку адбудуцца ўжо ў наступным годзе, абяцае бізнесмен. На яго думку, у 2022 годзе турыстычныя палёты ў космас стануць штодзённасцю. А ў далейшым людзі змогуць нараджацца ў космасе!

Генеральны дырэктар Google Сундар Пічаі прадказвае, 2022 год адзначыцца прарывамі ў распрацоўках штучнага інтэлекту, што паўплывае на чалавецтва больш, чым агонь, электрычнасць і інтэрнэт. Штучны інтэлект карэнным чынам зменіць наш лад жыцця, вытворчасць, адукацыю і ахову здароўя. Напрыклад, новы інструмент на базе штучнага інтэлекту дазволіць карыстальнікам атрымаць больш інфармацыі аб стане скуры. Пілотная версія прадукту з’явіцца ў 2022 годзе. Трэба на смартфон зрабіць некалькі здымкаў і адказаць на пытанні аб праблемах і сімптомах. Штучны інтэлект прааналізуе інфармацыю і складзе спіс магчымых дыягназаў. Пасля гэтага карыстальнік павінен сам вырашаць, ці трэба яму ісці да ўрача.

А яшчэ ў бліжэйшыя гады большасць віртуальных сустрэч будуць праходзіць у метасусвеце. Ідэя ў тым, што віртуальная прастора будзе імітаваць адчуванне прысутнасці ў рэальным пакоі іншых людзей. Ужо ў 2022 годзе плануецца выпусціць версію тэхналогіі, якая выкарыстоўвае вэб-камеру для стварэння такой анімацыі.

Эканамічныя аналітыкі прагназуюць, што 2022 год адзначыць не толькі канец пандэміі, але і поўнае аднаўленне сусветнай эканомікі, якая ўпершыню пераадолее адзнаку 100 трыльёнаў долараў. Кітай працягне шлях, які зробіць яго першай эканомікай свету. Праўда з-за пандэміі і санкцый прыйдзецца патраціць на два гады больш, каб зрушыць ЗША з першага месца па аб’ёме ВУП. Эканамічны глабальны лідар зменіцца ў 2030 годзе.

Калі 2022 год і стане часам, калі жыццё пойдзе нармальным ходам, але так, як раней, ужо не будзе. Глабальны крызіс назаўжды змяніў навуку, бізнес, штодзённае жыццё. І часта ў лепшы бок! Культурныя і моўныя адрозненні губляюць сваю значнасць, а свет перастае быць англацэнтрычным. У музыцы ўсё часцей глабальную папулярнасць набываюць песні на іншых мовах. Гэта заслуга сацыяльных сетак, якія даюць карыстальнікам магчымасць адкрыць для сябе трэндавыя мелодыі з усяго свету. Адукацыя таксама стане больш адкрытай. З-за масавага пераходу на дыстанцыйнае навучанне стала прасцей атрымаць адукацыю ў іншым горадзе, а якасць анлайн-навучання вырасла. Эксперты Vogue лічаць, што мода 2022-га адлюструе адчуванне прыходу новай посткавіднай эры. Адзенне будзе больш яркім і смелым.

Хочацца верыць, што некаторыя з гэтых прагнозаў спраўдзяцца. Як збудуцца нашы мары і пажаданні, якія мы дорым блізкім!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: