Падзяліцца:
«23 лютага – свята ўсенароднае! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 23.02.2023
«23 лютага – свята ўсенароднае! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч

Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць. І сёння свята тых, хто стаіць на варце рубяжоў Беларусі на зямлі і ў паветры, хто гарантуе абароназдольнасць і бяспеку краіны, падтрымлівае баявы патэнцыял Узброеных Сіл і рэалізуе ваенную палітыку, якая аператыўна адказвае на сучасныя пагрозы і выклікі.

У нашай краіне гэта ўсенароднае свята, якое нясе сімвалічнае яднанне мінулага і сучаснасці. Узгадаем, што яго гісторыя пачынаецца ў гады Першай сусветнай вайны. Менавіта 23 лютага 1918 года атрады Чырвонай Арміі атрымалі свае першыя перамогі пад Псковам і Нарвай над рэгулярнымі войскамі кайзераўскай Германіі. У 1922 годзе гэта дата была афіцыйна аб’яўлена Днём Чырвонай Арміі, з 1946 года штогод адзначалася ў СССР як Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту. А ўжо ў найноўшы час, з 1998 года 23 лютага лічыцца Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – згодна з Указам Прэзідэнта краіны.

Сёлета свята з асаблівым акцэнтам: Узброеным Сілам Беларусі – 105 гадоў. Таму сёння з асаблівай удзячнасцю ўзгадваем усіх тых, хто прайшоў франтавымі дарогамі, абараніў нашу свабоду і незалежнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны, хто быў прыкладам адданага служэння Радзіме ў пасляваенны час і сваёй ратнай працай мацаваў баявую моц Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, хто з гонарам выконваў інтэрнацыянальны абавязак.

Сённяшнія воіны беларускіх Узброеных Сіл захоўваюць і памнажаюць баявыя традыцыі старэйшых пакаленняў, удасканальваюць баявое майстэрства, паспяхова вырашаюць складаныя вучэбна-баявыя задачы і актыўна займаюцца з будучымі абаронцамі Айчыны. Прадстаўнікі многіх воінскіх часцей прыйшлі ў школы і каледжы. Ваенна-патрыятычныя класы, пошукавыя атрады, грамадска-патрыятычныя клубы ўсё больш прывабліваюць падлеткаў. Там яны знаёмяцца з ваеннымі прафесіямі, вывучаюць узоры ваеннай тэхнікі, займаюцца краязнаўчай і пошукавай работай, даглядаюць помнікі і мемарыялы, ладзяць спаборніцтвы па спартыўна-прыкладных відах спорту. І што цікава, азы пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ахвотна асвойваюць не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі.

Да знамянальнага 105-гадовага юбілею Узброеных Сіл Беларусі па ўсёй краіне праходзіць шмат рознапланавых мерапрыемстваў – маштабныя патрыятычныя акцыі, конкурсы і канцэрты, сустрэчы з вайскоўцамі і ветэранамі, паказальныя выступленні і майстар-класы ад байцоў-прафесіяналаў, дні адчыненых дзвярэй у ваенных навучальных установах, выставы спецыяльнай тэхнікі і ўзбраення, ваенна-гістарычныя рэканструкцыі, у якіх прымаюць актыўны ўдзел і дарослыя, і дзеці. А маленькія грамадзяне краіны ў сваіх малюнках і вершах шчыра, па-дзіцячы выказваюць сваё разуменне вайсковай службы, любові да Радзімы. Мяне вельмі кранулі такія радкі:

Я мечтаю стать, ребята,
замечательным солдатом.
Охранять свою страну,
маму-мамочку мою.

Так, у нашай краіне Дзень абаронцаў Айчыны – сапраўднае ўсенароднае свята. У гэты час мы аддаём даніну памяці мужнасці і гераізму ўсіх пакаленняў воінаў, якія абаранілі незалежнасць Беларусі. Шчыра дзякуем сённяшнім абаронцам Айчыны, якія доблесна стаяць на варце міру і спакою роднай зямлі. Бо ўсё больш разумеем: наша стваральная праца і мірная будучыня краіны залежаць ад людзей у пагонах.

Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: