«За адзіную Беларусь!» З такім дэвізам праходзяць у краіне аўтапрабегі пад дзяржаўнай сімволікай.
Мабыць, самы доўгі маршрут быў у аўтапрабегу ад усходняй да заходняй мяжы краіны – 600 кіламетраў. На досвітку калона з амаль паўтысячы машын пачала рух ад мяжы Расіі ў Віцебскай вобласці ля мястэчка Дуброўна. Маршрут праходзіў па вядомай магістралі М1. Кароткія прыпынкі па суседстве з райцэнтрамі і буйнымі гарадамі, дзе далучаліся ўсё новыя машыны. Адна з самых масавых калон утварылася ў Мінску. Менавіта тут у свой час і была ініцыявана акцыя, якая ператварылася ў рэспубліканскую.
Першы аўтапрабег у сталіцы прайшоў 21 жніўня. З таго часу, як мінімум раз на тыдзень, на вуліцах і дарогах краіны з’яўляюцца аўтамабілі з дзяржаўнай сімволікай. За гэты час да іх далучыліся тысячы аднадумцаў на колах. Ну, а тыя, хто пешшу сустракае такія калоны, гучна і эмацыянальна вітаюць удзельнікаў.
Аўтапрабег Мінск-Магілёў таксама стаў адным са шматлікіх. На шляху руху калоны праз Смілавічы, Чэрвень, Бярэзіну да акцыі далучаліся аўтамабілісты з іншых населеных пунктаў. Па нумарах на машынах было бачна, што сабраліся людзі з усіх куткоў краіны. У абласным цэнтры аўтакалону сустракалі ў новым парку на беразе Дняпра, дзе разам разгарнулі вялікі дзяржаўны сцяг.
Што яднае гэтых людзей розных прафесій, узросту? Што рухае іх патрыятычны парыў? Многія ўдзельнічаюць у аўтапрабегу практычна з першых дзён. А іншыя, як гаворыцца, па ходзе сядлаюць свайго сталёвага каня і далучаюць разам са сваімі роднымі і сябрамі. Так і ствараецца моцны рух неабыякавых да лёсу Бацькаўшчы людзей. Яны так і гавораць: «Мы – за незалежную, непадзельную і квітнеючую Беларусь, за мір і стабільнасць у нашай краіне».
Сваю прыхільнасць да міру і спакою на роднай зямлі яны дэманструюць і асаблівым стаўленнем да гераічнага мінулага дзяржавы, яе гісторыі, нацыянальнай свядомасці.
Ці заўважылі вы агульную адметнасць такіх акцый? У маршруце кожнай – абавязковае наведванне святых для кожнага сумленнага беларуса месцаў. Падчас аўтапрабегу Мінск-Гомель ім стаў мемарыяльны комплекс «Ала» ў Светлагорскім раёне, што ўзведзены на месцы спаленай нацыстамі вёскі. У Віцебску ўдзельнікі сабраліся на плошчы Перамогі ля манумента «Тры штыкі», які вянчае надпіс «Слава героям». У Магілёве на плошчы Славы ўсклалі кветкі да Вечнага агню і аддалі даніну памяці героям вайны ў мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле». А фінальным пунктам маршруту ад усходняй мяжы краіны сталі заходнія вароты Беларусі – Брэская крэпасць-Герой, месца, дзе словы аб патрыятызме і вернасці Айчыне маюць асаблівы сэнс.
І вось думаецца: а чаму ж маршруты так званых «неверагодных змагароў» ніколі не пралягаюць у Хатынь, да Кургана Славы, на тое ж Буйніцкае поле, дзе сіла прыцягнення гэтых месцаў прымушае схіліць галовы, моўчкі пастяць і падумаць… Іх распаленага варожымі тэлеграм-каналамі розуму хапае толькі, каб абразіць памяць абаронцаў Айчыны. Як зрабіў гэта 20-гадовы мінчанін, размаляваўшы бронзавую скульптуру Радзімы-Маці ля Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Гэта асаблівае месца памяці для кожнага беларуса агрэсіўныя малойчыкі і недавучаныя шкаляры не аднойчы імкнуліся пераўтварыць у пляцоўку вар’яцкага шабашу. Размахваючы сцягамі, пад якімі нацысты і найміты-калабаранты забівалі іх дзядоў і прадзедаў, яны заклікаюць разбурыць дзяржаву, забыць гісторыю і дасягненні мінулых пакаленняў. Замежныя куратары настройваюць іх на радыкальныя ўчынкі і парушэнне закону. І ўжо ад лозунгаў агрэсіўна настроеныя грамадзяне перайшлі да праяў экстрэмізму. Дзейнасць арганізаваных пад гэтымі варожымі сцягамі злачынных груп можна кваліфікаваць не інакш як акты тэрарызму. Блакіраванне аўтаматыкі на чыгунцы, спроба захопу будынку міліцыі, устаноўка міны-пасткі – што гэта, калі не пагрозы жыццю сваіх суграмадзян?!
Для пераважнай большасці беларусаў такое не зразумела і не прымальна! Яны галасуюць за адзіную, мірную і спакойную Беларусь. Падчас аўтапрабегаў, на дыялогавых пляцоўках, у сацыяльных сетках, і нават простай паўсядзённай працай і вучобай.
На адным з форумаў неяк сустрэўся моцны па эмацыянальным накале заклік: «Сябры! Нікому не дазволім растаптаць гістарычную памяць і раз’яднаць нас, беларусаў!»
Думаецца, пад ім падпішуцца мільёны і мільёны грамадзян Беларусі.