Падзяліцца:
«Ад прадзедаў спакон вякоў...» Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.07.2022
«Ад прадзедаў спакон вякоў...» Радыёблог Навума Гальпяровіча

«Што, на ваш погляд, азначае «любіць сваё?», – такое пытанне я звычайна задаю падчас запісаў тэлепраграмы «Суразмоўцы» кожнаму з гасцей. І ўражвае шырыня і глыбіня адказаў. Кожны знаходзіць важкія словы, кожны прапускае праз сваё сэрца гэтую любоў да Радзімы, сям'і, запаветнага куточка дзяцінства, да родных і бацькоў.

Мой бацька нідзе акрамя франтавых дарог і паездак у санаторыі для ветэранаў вайны, акрамя Полацка не бываў. Я не ведаю, як бы ён адказаў на запытанку, але я ведаю, што за свае 87 гадоў ён напоўніцу праявіў любоў і да свайго роднага горада, і да дзяцей і ўнукаў.

Памятаеце песню «С чего начинается Родина?». Як гэта знаёма многім: і карцінкі ў буквары, і школьныя сябры, і ўвогуле ўвесь размаіты свет дзяцінства, роднага дома.

Часам можна пачуць «Я чалавек сусвету» або «Там дом, дзе добра». Нехта з лёгкасцю мяняе Радзіму на больш утульнае і выгаднае месца, нехта з іроніяй і сарказмам адгукаецца на такія паняцці як «родны дом, свая зямля», нехта шукае лепшай долі за марамі і акіянамі. Нехта, выгадаваны на іншай культуры і традыцыях, не прымае сваёй культуры, звычак свайго народа.

Кажуць ёсць «агульначалавечыя каштоўнасці». Так. Але гэта як у Бібліі – не забі, палюбі бліжняга і гэтак далей. Безумоўна, чалавецтва праз доўгі шлях выпрацавала пэўныя ісціны для большасці цывілізаваных народаў.

Але ў матчыных калыханках, народных спевах для кожнага этнаса хаваецца сваё, спрадвечнае, якім трэба даражыць, якому варта раўняцца. Адмаўлячыся ад гэтага «свайго», чалавек становіцца калі не манкуртам, дык міжвольным эпігонам, другасным па сваёй сутнасці, а часцей за ўсё паслухмяным выразнікам чужых ідэй і правілаў.

Так, можна і трэба ведаць розныя мовы, любіць розныя гарады, слухаць розныя песні, таньчыць розныя танцы. Але тым мы і цікавыя свету, што маем сваё аблічча, што мы нясём у сабе спадчыну нашых продкаў. Як сказаў аднойчы наш пясняр «Ад прадзедаў спакон вякоў...»

Патрыятызм пачынаецца тут, на роднай зямлі. Гэта і сівая гісторыя народа, гэта подзвігі і высакародныя ўчынкі землякоў, гэта роднае слова… Гэта ўменне прыслухацца да ўласнага сэрца, адчуць асалоду ад судакранання да спрадвечных ісцін, да сваёй зямлі.

Як сказаў другі наш класік:

«Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля – аснова ўсёй айчыне»

Так вось і выходзіць, што любіць сваё – любіць Айчыну, якая ў нас «ад прадзедаў спакон вякоў».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: