Анёлам надзеі, абярэгам будучых дзён для Беларусі застаецца праўдзівае слова пісьменніка. Яно лучыць мінулае з сучаснасцю, наводзіць масты духоўнай сувязі паміж рознымі пакаленнямі. І гэтым снежаньскім днём мне б хацелася згадаць Валянціну Міхайлаўну Коўтун. Сёлета ёй бы споўнілася 75 і ўжо 10 гадоў яе няма з намі.
Выдатная пісьменніца, аўтар цудоўных зборнікаў паэзіі: “Каляровыя вёслы”, “На ўзлёце дня”, “Метраном”, “Свяча любові” ды іншых. Гэта яна рызыкнула напісаць гістарычны раман-дылогію “Крыж міласэрнасці” пра Алаізу Пашкевіч – Цётку, паплечніцу Купалы і Коласа, таленавітую жанчыну-творцу пачатку ХХ стагоддзя. Пасля з не меншай адказнасцю і апантанасцю ўзялася за новую працу: разгадаць таямніцу яшчэ адной жанчыны ў гісторыі Беларусі – святой Еўфрасінні Полацкай. Так з’явіўся раман-жыціе “Пакліканыя”, прысвечаны лёсу славутай палачанкі.
Валянціна Міхайлаўна была і частым госцем літаратурных праграм Беларускага радыё. На ўсе прапановы адгукалася лёгка, з асаблівым зацікаўленнем. Выдатная субяседніца – глыбокая, удумлівая! Як яна ўмела імправізаваць! Думка нараджалася адразу ў студыі ў працэсе размовы. І так цікава было за гэтым сачыць, весці дыялог. У ім аднолькава ярка прысутнічала лагічнае і эмацыянальнае, тое, што называюць жывым эфірным дыханнем. Яна заўсёды вельмі тонка адчувала зададзеную тэму гутаркі.
Па-праўдзе, я дзівілася яе імпэту і жаданню “выйсці” да слухача. Далёка не кожны пісьменнік рашаецца на такія пастаянныя публічныя іспыты. Цяпер я разумею, гэта быў стан яе душы: ў пастаянных думках пра літаратуру, сцвярджэнні сябе праз мастацкае слова і праўдзівы вобраз. Магчыма, таму спрыяў і статус кандыдата філалагічных навук. Часам яна сама прапаноўвала тэму для эфірнай сустрэчы. І гэта было звязана з тым, над чым яна на той момант працавала.
У розныя часы нашага творчага сяброўства Валянціна Міхайлаўна ў чымсьці нагадвала мне сваіх гераінь, а перадусім, канечне, Алаізу Пашкевіч-Цётку і Еўфрасінню Полацкую. Не ў сэнсе саміх вобразаў, а памкненняў духу, які здольны сягаць у розныя часы агульнай гісторыі. І апантанай веры ў тую справу, якая табе прадвызначана. Яна сама прапанавала для Беларускага радыё інсцэніроўку паводле рамана-дылогіі “Крыж міласэрнасці”, назваўшы яе радыёраманам, каб Алаіза Пашкевічанка са сваёй эпохай засталася ў папулярным жанры радыёспектакля, які даступны шматлікім слухачам. Рэжысёр пастаноўкі Ігар Лапцінскі, у галоўнай ролі Алаізы – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Бальчэўская.
Захоўваюцца ў нашых фондах і асобныя фрагменты рамана-жыція “Пакліканыя” Валянціны Коўтун у выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч, некалькі кампазіцый паводле вершаў, у тым ліку – і дзіцячых твораў, а таксама шмат цікавых гутарак з ёю. Я спрабавала падлічыць, аказалася недзе каля трыццаці!
Галоўным клопатам пісьменніцы найперш была літаратура. Пакідаючы мне аўтограф на адной са сваіх паэтычных кніг, яна пажадала “любові і новых глабальных поспехаў у Літаратуры і радыёкраіне”. Думаю, невыпадкова слова “літаратуры” было напісана менавіта з вялікай літары. Валянціна Міхайлаўна ўспрымала гэта як агульную духоўную прастору, аддаючы належнае ролі беларускага эфіру ў папулярызацыі творчасці сучасных аўтараў і, безумоўна, – нацыянальнай класікі.
Мне вельмі імпанавалі ў ёй імпульсіўнасць і выверанасць у адносінах да сітуацый як творчых, так і жыццёвых. Можна сказаць, погляд лірыка і прагматыка ў адной асобе. Помню, як яна абуралася, радавалася, захаплялася, але каб скардзілася – не…
Апошняя гутарка на тэму “Далёкае і блізкае”, якую мы запісалі з Валянцінай Міхайлаўнай для праграмы “Нам засталася спадчына”, выйшла ў эфір 14 лютага 2011 года і была прысвечана 90-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Мая госця паспела яшчэ раз прызнацца ў любові і ўдзячнасці свайму настаўніку, які падтрымаў маладую паэтку на пачатку яе літаратурнага шляху. Жыццё пацвердзіла, што словы класіка не засталіся авансам, пісьменніца Валянціна Коўтун усёй сваёй творчасцю апраўдала яго высокі давер.