Вось і апошні месяц лета! Не паспеем азірнуцца, як сустрэнем свята, якое стала цудоўнай традыцыяй у незалежнай Беларусі. ХХVІІІ па ліку Дзень беларускага пісьменства сёлета пройдзе ў старажытным Капылі, багатым сваімі гістарычна-літаратурнымі традыцыямі краі. З ім звязаны лёс многіх пісьменнікаў, навукоўцаў, дзеячаў мастацтва. На Капыльшчыне нарадзіўся і класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны, стваральнік нацыянальнай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы.
Гэтае імя выклікае асаблівую пашану ў беларусаў. Сучаснікі з цеплынёй называлі яго “чалавекам вялікага сэрца”, а літаратурная моладзь з удзячнасцю лічыла сваім “хросным бацькам”. Да яго думкі заўсёды прыслухоўваліся, у сваіх крытычных адзнаках ён не хлусіў, а густу і таленту яму было не пазычаць. І Чорнаўскае “будзе друкавацца” для маладых гучала як пароль, як надзея, што яны абавязкова будуць працаваць у беларускай літаратуры.
Мы, чытачы прозы Кузьмы Чорнага ў ХХІ стагоддзі, цалкам пагаджаемся з даўнім вызначэннем крытыкі – “беларускі Дастаеўскі”. Сам пісьменнік код сваёй творчасці і мастацкага мыслення выказаў у лаканічным і добра вядомым выслоўі: “Чалавек – гэта цэлы свет”. Свет і святло яго душы застаюцца дасюль той загадкай, якая прыцягвае сваёй глыбінёй і праўдзівасцю.
Кароткім быў зямны век Чорнага – усяго 44 гады. Уражвае прага да працы, якая ніколі яму не здраджвала, ні пры якіх жыццёвых абставінах. Якую сілу волі трэба было мець і якое жаданне пісаць, каб працаваць да апошняга ўздыху і верыць у тое, што ты робіш. І яго апошні запіс у дзённіку, зроблены ў дзень смерці: “Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?..”, які цяпер часта цытуюць, гучыць як прысуд пісьменніцкага лёсу. Высакародства душы і нязломнасць духу засталіся.
Паводле глыбокага пераканання Кузьмы Чорнага: “Літаратура – гэта адна з найгалоўнейшых галін нашае культуры. І стварэнне літаратуры – гэта не ёсць забаўка чалавека, якога завуць пісьменнікам. Стварэнне літаратуры – гэта ёсць найадказнейшая вытворчасць. Працэс літаратурнае творчасці адбываецца і павінен адбывацца не толькі тады, калі пісьменнік садзіцца за стол з пяром у руках. Творчы працэс ідзе ў істоце пісьменніка несупынна і ў часе пісання набывае толькі больш выразныя і інтэнсіўныя формы…”.
Класічныя творы, канечне, пішуцца “навыраст”. І новае прачытанне класікі адбываецца ў кожнага пакалення. Спадчына Кузьмы Чорнага вяртае нас да спрадвечнага: зямля, чалавек, свет. І колькі будзе жыць чалавек на зямлі, ён будзе шукаць сваё месца ў гэтым свеце, будзе любіць свой дом і свой край, каб зразумець і спраўдзіць сваё “я”.
Сябра Кузьмы Чорнага, пісьменнік Васіль Вітка ў адным са сваіх артыкулаў пра яго адзначыў: “Любімы вобраз усёй творчасці Кузьмы Чорнага – дарога. Апісанне, паэтызацыю дарогі вы знойдзеце ў кожным яго рамане, аповесці, апавяданні. Нямала дарог, сцежак ён сам выхадзіў у жыцці. Нямногія ведаюць, што ўжо будучы аўтарам першых сваіх апавяданняў, паступаць у Беларускі дзяржаўны універсітэт з Цімкавіч у Мінск ён прайшоў пеша – каля ста пяцідзесяці кіламетраў. Чорны і цяпер у дарозе. Можа, ідзе ён у шырокі свет залішне разважліва, паволі, але затое надзейна”.
“Мне б на ўсё жыццё хапіла апісваць цімкаўцаў”, – часта гаварыў Кузьма Чорны. Тут, на радзіме класіка, яго добра ведаюць, любяць і шануюць. Шмат цікавых і карысных імпрэз праводзіць Літаратурны музей Кузьмы Чорнага. У вестыбюлі Цімкавіцкай сярэдняй школы, якая носіць імя пісьменніка, стаіць яго вядомы бюст скульптара Заіра Азгура. Я падумала, што гэтая сімвалічная сустрэча з ім штодня для школьнікаў не застаецца незаўважанай. Вобраз жыве ў падсвядомасці, ён прысутнічае як духоўны знак і цёплы ўспамін пра родную школу і месца нараджэння.
Сёлета, дарэчы, стагоддзе, як Кузьма Чорны пачаў друкавацца. Першае апавяданне “Гузік” з’явілася ў беларускім дзіцячым часопісе “Зоркі” 25 лютага 1921 года тады яшчэ за подпісам Міколы Раманоўскага. А ўся творчасць класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага была і застаецца малітвай любові, адданасці і ахвярнасці Беларусі і роднаму слову.