Падзяліцца:
«АДЛЮСТРАВАННІ. БОЛЕВЫ ПАРОГ МАСТАЦКАЙ ПРАЎДЫ». РАДЫЁБЛОГ ГАЛІНЫ ШАБЛІНСКАЙ (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.06.2021
«АДЛЮСТРАВАННІ. БОЛЕВЫ ПАРОГ МАСТАЦКАЙ ПРАЎДЫ». РАДЫЁБЛОГ ГАЛІНЫ ШАБЛІНСКАЙ (аўдыё)

Раніца 22 чэрвеня сёлета засведчыць у гісторыі журботную лічбу 80. Столькі год ўжо аддзяляе нас ад той бяды, што пачалася ў далёкім 41-м і закранула кожную беларускую сям’ю.

Шмат змянілася ў нашым жыцці за гэты час. Засталіся памяць і боль. У кожным родзе – свае. У цэлага народа – агульныя. Тыя, што мацуюць дух і нацыю. Нядаўна прачытала ў інтэрв’ю з Аляксеем Дударавым, што для яго як драматурга «любы твор сапраўдны, калі ў ім ёсць спачуванне чужому болю, і абавязкова перспектыва… Без болю за чалавека, яго лёс, яго сусвет мастацтва няма».

Узровень такога болю заўсёды вызначаў лепшыя творы пра Вялікую Айчынную вайну. У беларускай літаратуры найвышэйшую планку ваеннай праўдзе, болевы парог якой «прабіваў» самую чэрствую душу, ўзняў сваімі аповесцямі франтавік народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. «Жураўліны крык», «Альпійская балада», «Пайсці і не вярнуцца», «У тумане», «Знак бяды», «Кар’ер», «Мёртвым не баліць», «Пастка», «Воўчая зграя» – урэшце, можна назваць любы з яго твораў, каб пераканацца ў сапраўднасці мастацкага слова, што адлюстроўвала рэальны час і падзеі. Без прыхарошвання і пафаса, а так, як бывае ў самім жыцці… З болем, пакутамі. І, канечне, – верай, якая перамагла! Маральны крытэрый быкаўскай ваеннай прозы аказаўся настолькі высокім, што яна сталася кропкай адліку новай плыні ў нацыянальным мастацтве. І адпаведна да яе адразу пачалі звяртацца іншыя творцы: рэжысёры, мастакі, кампазітары.

Дарэчы, паводле вышэй згаданых аповесцей Васіля Быкава на Беларускім радыё пастаўлены аднайменныя радыёспектаклі, якія пастаянна гучаць у нашым эфіры. Яны ставіліся рэжысёрамі розных пакаленняў, пачынаючы яшчэ з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, і да нашага часу, а ролі выконваюць лепшыя беларускія артысты! Я б сказала, што гэта такое своеасаблівае прычашчэнне ваеннай прозай Быкава для кожнага ўдзельніка радыёспектакля. Праца над імі заўсёды пакідала асаблівае адчуванне. І я зразумела, чаму такая атмасфера была ў студыі. Таму што дачыненне да тых падзей мае кожны беларус – і ў другім, і ў трэцім пакаленнях… Гэта досвед роду, які генетычна перадаецца нашчадкам. А таму мастацкі твор выклікае ва ўсіх нас свае асабістыя пачуцці і асацыяцыі. Працуеш напоўніцу, як сказаў адзін артыст пасля завяршэння запісу радыёспектакля «Воўчая зграя»: «Я выклаўся на ўсе 100, я вельмі ўзрушаны, што мне даверылі гэтую ролю». А я дазволю сабе згадаць яшчэ радкі з ліста мінчанкі Марыі Іванаўны Арочка: «Знаходжуся пад вялікім уражаннем ад радыёспектакля «Воўчая зграя». Думаю, усе, хто слухаў яго, застаўся вам удзячны за тое, што вы дакрануліся да Вялікай прозы Вялікага пісьменніка Васіля Быкава. Праз выдатнае выкананне артыстамі роляў герояў аповесці яшчэ больш абвострана ўспрымаеш усю трагедыю вайны, якую прыйшлося перажыць беларускаму народу. Дакладна раскрыта галоўная ідэя твора. Жыццё перамагае!..».

Сапраўды, гаварыць пра перажыты боль і жахлівую трагедыю мільёнаў ахвяр Вялікай Айчыннай вайны можна рознымі сродкамі. Літаратура і мастацтва дапамагаюць нам вяртацца ва ўчарашні дзень, каб будаваць заўтрашні. Да праўдзівых успамінаў жывых сведкаў ваенных падзей ў нашай памяці застаюцца лепшыя ўзоры мастацкіх твораў пра вайну, якія выклікаюць глыбокія пачуцці і перажыванні. Яны нясуць моцны зарад кожнай душы, неабыякавай да гісторыі, здольнай разумець свет асацыятыўна і шукаць у ім сваё месца побач з іншымі.

Гэтымі днямі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае наведаць філіял «Музей-дача Васіля Быкава». З 19-га чэрвеня (дзень нараджэння Васіля Уладзіміравіча) па 22-е тут традыцыйна ладзяць Быкаўскія дні – дні памяці народнага пісьменніка. Сёлета яму споўнілася б 97 гадоў. Да 30-га чэрвеня працягвае працаваць мастацкая экспазіцыя «Партрэты Васіля Быкава ў творчасці беларускіх мастакоў», на якой прадстаўлены 16 работ у розных выяўленчых жанрах: графіцы, афорту, скульптуры, габелену, маляванцы.

А ў «Тэатры Беларускага радыё» сёння і заўтра ў 22 гадзіны 5 хвілін слухайце радыёспектакль «Цытадэль славы» па вядомай п’есе драматурга Кастуся Губарэвіча «Брэсцкая крэпасць», якая вяртае нас ў пякельныя дні гераічнай абароны цытадэлі над Бугам…

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: