Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Болевы парог памяці…». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Творчы вечар
  • Дата: 05.01.2022
«Адлюстраванні. Болевы парог памяці…». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Сёння, 5 студзеня, – саракавіны вядомага паэта і перакладчыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Мікалая Міхайлавіча Мятліцкага.

Ён – аўтар шматлікіх кніг паэзіі, першая з якіх мела назву “Абеліск у жыце” і гэтым адразу вызначыла болевы парог нашай памяці. Сам паэт заўсёды казаў, што яго дзяцінства прайшло ў пасляваенныя гады, і сувязь з тым суровым часам была моцнай і абсалютна канкрэтнай. Праз гісторыю яго родных і аднавяскоўцаў. Пачатак, як правіла, вызначае працяг. Занепакоенасць лёсам бацькоўскай зямлі стала галоўнай у творчасці Міколы Мятліцкага. Вёска Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці – малая радзіма паэта. У канцы 80-х ХХ стагоддзя яна апынулася ў зоне Чарнобыльскай аварыі.

Кут мой забыты, безабаронна
Зорыш пагаслых крыніц вачыма.
Некаму ты –
Ачужэлая зона,
Сэрцу майму ты да скону –
Радзіма!

Такія радкі не проста складаюцца, яны выдыхаюцца праз пакуту сэрца і душы. І зноў жа, па прызнанні самога аўтара, чарнобыльская бяда падзяліла яго жыццё на дзве паловы: да красавіка 1986-га года і пасля… І не пісаць пра гэта ён проста не мог. Некалькі кніг паэзіі прысвечаны балючай тэме: “Горкі вырай”, “Палескі смутак”, “Шлях чалавечы”, “Бабчын. Кніга жыцця”, “Хойніцкі сшытак”.

Магчыма, перажыўшы вось такую ўласную трагедыю, Мікола Мятліцкі ў апошнія гады шмат і плённа займаўся перакладамі. Асабліва яго цікавіла кітайская паэзія, гісторыя якой праецыравалася на агульначалавечыя праблемы. У выніку скрупулёзнай і натхнёнай працы выйшлі дзве грунтоўныя анталогіі: “Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая” і “Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Паэты Кітая ХХ стагоддзя”. Тонкі і крохкі паэтычны свет матэрыялізаваў радасць і боль жыцця розных пакаленняў, пакідаючы ў духоўнай прасторы свету шлях аўтара.

Мікола Мятліцкі не раз браў удзел у літаратурных праграмах Беларускага радыё, і гэтае творчае супрацоўніцтва пачалося яшчэ са студэнцкіх гадоў. У нашых фондах захаваліся некалькі кампазіцый паводле яго вершаў, а таксама – гутаркі з паэтам.

У вяшчальным сезоне 2018-2019 гадоў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё разам з часопісам “Маладосць” праводзілі літаратурны конкурс “Бацькаўшчына светлая мая…”, прысвечаны Году малой радзімы. Старшынёй журы, якое складалася з дзевяці чалавек, адразу нефармальна стаў Мікола Мятліцкі. Па-праўдзе, я была ўражана, з якой адказнасцю ён аднёсся да гэтай працы. На працягу года мы атрымлівалі шмат лістоў ад удзельнікаў конкурсу, штомесяц у эфіры праграмы “Творчы вечар” вызначалі лепшых. Мікалай Міхайлавіч кожны твор аналізаваў падрабязна, вельмі тактоўна рабіў заўвагі, даваў парады на перспектыву. І ва ўсім было столькі сардэчнасці, столькі ўвагі да кожнага аўтара! Ён быў проста ў захапленні, як з кожным месяцам расла колькасць добрых густоўных вершаў, эсэ. І вельмі цешыла яго тое, што геаграфічна наш конкурс ахапіў усю Беларусь! А мы былі вельмі ўдзячны яму за такія выключныя адносіны да гэтага творчага праекта.

Дазволю сабе адну цытату з яго выступлення на цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў, што адбылася ў Вялікай студыі Дома радыё 5 лістапада 2019 года: “Дарагія суайчыннікі, мне было так хвалююча-годна дакрануцца да той творчай энергіі, якой былі акрылены вашы сэрцы на працягу цэлага года нашага творчага марафона… Я хачу яшчэ раз, з вялікай вераю ў наша мастацкае слова, сказаць наколькі па-сапраўднаму таленавіты беларускі народ. Магчыма, і высокія словы, але яны сягоння, як ніколі, адпавядаюць самой ісціне. Я думаю, што так будзе з веку ў век на Беларусі. Таму што ў нашага народа глыбінная душа, якая памятае многае і ў самых жорсткіх выпрабаваннях не страціла нічога з той светлыні, якая перадаецца ад пакалення да пакалення…”

…Нядаўна перабірала стос старых нумароў штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” і ў адным з іх прачытала радок Міколы Мятліцкага “спяшацца ў Вечнасць стылую зарана…”. Цяпер, з вечнасці, яго душа будзе пільна ўглядацца на зямлю, якую паэт так аддана любіў і служыў ёй беларускім словам…

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: