Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Быць у дарозе…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 11.03.2021
«Адлюстраванні. Быць у дарозе…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Паводле выказвання французскага класіка Анатоля Франса: «Адзін дзень, праведзены мастаком ў дарозе, лепш за дзесяць, якія прайшлі дома. Столькі навакольных уражанняў застаецца для чуйнай душы!» А наш сучаснік пісьменнік Яраслаў Пархута, аўтар шматлікіх кніг эсэ пра Беларусь, ухваляў дарогі за іх незабыўныя сустрэчы: «Перш за ўсё з людзьмі, лёсы якіх гэтак розняцца!..»

Дарогі, сапраўды, вызначаюць творчы і жыццёвы лёс пісьменніка. Дзякуючы ім, надараюцца незабыўныя падзеі, яны пашыраюць геаграфію кантактавання творцы з цэлым светам, гістарычна звязваюць яго з Радзімай, урэшце, канцэнтруюць вялікі і малы свет у мастацкім слове аўтара. Быць у дарозе – значыць рухацца наперад, шукаць шляхі да паляпшэння сваіх ведаў і ўдасканалення ўласнай душы.

Адзін з першых нашых вандроўнікаў Францыск Скарына яшчэ ў XVI стагоддзі ажыццявіў сваю галоўную місію першадрукара і асветніка, дзеля чаго пабываў у многіх тагачасных краінах Еўропы. Яго жыццёвы і творчы шлях, як сцвярджаюць даследчыкі, быў звязаны з Вільняй і Кракавам, Познанню і Капенгагенам, Падуяй і Прагай, Вітэнбергам, Масквой, Кёнігсбергам. І з гэтай прычыны Скарыну справядліва называюць чалавекам свету.

Класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч, аўтар хрэстаматыйнага выслоўя: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!», вельмі любіў сваю сядзібу Кушляны, якая знаходзіцца на тэрыторыі сучаснага Смаргонскага раёна. Тут ён правёў і свае апошнія гады. А да гэтага – насычанае падзеямі жыццё ў Вільні і Пецярбургу, Доцішках і Нежыне, Чарнігаве і Валагодскай губерніі, іншых мясцінах. Геаграфія шляхоў аказалася досыць шырокай. І, можна сказаць, на іх выходзіць першы зборнік Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская» пад псеўданімам Мацей Бурачок у 1891 годзе ў Кракаве.

Адам Міцкевіч, класік польскай літаратуры, беларус па паходжанні, быў моцна звязаны з беларускай зямлёй. Жыццёвыя сцежкі будучага паэта пачыналіся на Навагрудчыне, а затым праляглі праз Вільню, Коўна, Маскву, Еўпаторыю, Бахчысарай, Пецярбург, Рым, Дрэздан, Веймар, Лазану, Парыж, Лондан, Стамбул. У лёсе Адама Міцкевіча сыйшлося ўсё тое, што вызначае вялікі талент: зямля, якую ён моцна любіў, адданая сябрына ў маладосці, якая ў гісторыі беларускай літаратуры засталася Таварыствам філаматаў і філарэтаў, нешчаслівае першае каханне, якое нарадзіла шмат геніяльных радкоў, доля выгнанніка, якому суджана было памерці на чужыне.

«У вандроўцы жыццё маё, у вандроўцы», – услед за паэтам мог бы паўтарыць Максім Гарэцкі. І за свае ўсяго 45 зямных гадоў класік беларускай літаратуры, сапраўды, зведаў сотні самых розных дарог. Тых, што выпадалі яму па волі лёсу: жаданыя і вымушаныя, доўгія і кароткія. Іх геаграфія не абмяжоўвалася роднай Беларуссю. Але які б клопат часу не турбаваў пісьменніка, усё ж галоўным для яго было пісаць. Гэтым ён займаўся паўсюль і заўсёды: у дарозе, дома, у высылцы...

Пісьменніца Алаіза Пашкевіч-Цётка рана пачала свой шлях у вялікі свет. Ураджэнка Гродзеншчыны, Цётка зведала розныя маршруты ў сваім жыцці. На яе лёсавых сцяжынах перакрыжаваліся Вільня і Пецярбург, Львоў і Кракаў. Яна цудоўна апісала свае падарожжы ў Фінляндыю, Швецыю, Германію, Італію. Але, як заўважыла некалі даследчыца творчасці Цёткі, аўтар рамана-дылогіі «Крыж міласэрнасці» Валянціна Коўтун: «...перажыванні Алаізы былі найперш звязаны з лёсам таго краю, таго народа, якому напрыканцы жыцця сястра міласэрнасці і паэтка ахвяруе нават жыццё. Менавіта на грунце роздуму пра народны лёс і народны характар і фарміравалася сутнасць Цётчынай творчасці...»

Можна яшчэ прывесці шмат іншых прыкладаў з жыцця пісьменнікаў-класікаў, якія пераконваюць у адным – вялікі талент спраўджваецца праз вызначаны Богам лёс, а ён заўсёды пазначаны рознымі шляхамі-дарогамі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: