Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Дзве эпохі сыйшліся ў адну». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 14.07.2021
«Адлюстраванні. Дзве эпохі сыйшліся ў адну». Радыёблог Галіны Шаблінскай

145 гадоў спаўняецца гэтымі ліпеньскімі днямі вядомай беларускай пісьменніцы Алаізе Пашкевіч-Цётцы. Яе творы знаёмыя нам яшчэ са школьнай хрэстаматыі, а разуменне лёсу і жаночай ахвярнасці прыходзіць з часам.

Рана пачаўся шлях Алаізы ў вялікі свет. Яна нарадзілася ў маёнтку Стары Двор Лідскага павета ў шматдзетнай шляхецкай сям’і (цяпер гэта Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці). Вучылася ў Вільні і Пецярбургу, Львове і Кракаве. Невыпадковай была назва яе першага вершаванага зборніка “Скрыпка беларуская”, які выйшаў у 1906-м годзе. Так маладая аўтарка манефісціравала сваё служэнне роднаму краю праз паэтычнае слова. Але мы ведаем Цётку і як адну з пачынальніц беларускай прозы, таленавітага публіцыста. Яна цудоўна апісала свае падарожжы ў Фінляндыю, Швецыю, Італію. І ўсё ж, як адзначае сучасная крытыка, “...перажыванні Цёткі былі найперш звязаны з лёсам таго краю, таго народа, якому напрыканцы свайго шляху сястра міласэрнасці і паэтка ахвяруе нават жыццё. Менавіта на грунце роздуму пра народны лёс і народны характар і фарміравалася сутнасць Цётчынай творчасці…”.

Паводле ўспамінаў сучаснікаў, у ёй самой адчувалася вялікая ўнутраная сіла, незвычайная экспрэсіўнасць. І трэба сказаць, такім жа душэўным неспакоем Цётка надзяляла і сваіх героеў. Для аўтаркі перадусім быў ідэал Бацькаўшчыны, вольнай зямлі. Дух змагарства яднае і герояў яе вядомых твораў. Дарэчы, пад уплывам верша Цёткі “Вера беларуса” быў напісаны знакаміты купалаўскі шэдэўр “А хто там ідзе?”.

Зварот пісьменніцы да моладзі, у якой яна бачыла заўтрашні дзень Беларусі, гучаў занепакоена і вельмі натуральна: “На вас ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову, узбагачваць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!” Цётка была аўтарам “Першай чытанкі для дзетак-беларусаў”, галоўным рэдактарам першага беларускамоўнага часопіса для моладзі “Лучынка”. Як хрысціянка, яна здзейснілася праз педагагічную працу, прычым не проста як настаўнік, а тая цэнтрычная асоба, што прыцягвала маладыя душы сваёй духоўнай моцай. Ну і, канечне, яе лекарская жыццёвая практыка сястры міласэрнасці. Нават у эпідэмію тыфу яна ідзе да хворых і дапамагае ім, нягледзячы на смяротную небяспеку. Не засцераглася. Адыйшла ў высокія нябёсы, не маючы поўных 40 гадоў.

Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што сваім жыццём Алаіза Пашкевіч-Цётка сцвярджала імідж беларускай жанчыны, як стваральніцы нацыі, якая несла ў сабе пасіянарскі пачатак.

Яркі, харызматычны вобраз самой пісьменніцы ўвасоблены ў вершах і прозе, мастацкіх і скульптурных работах розных беларускіх аўтараў. Напрыклад, раман-дылогія “Крыж міласэрнасці”, паэмы “Суд Алаізы” і “На зломе маланкі”, прысвечаныя Алаізе Пашкевіч, напісаны нашай сучасніцай Валянцінай Коўтун. Яна ж прапанавала ў 90-х гадах інцэніроўку для Беларускага радыё, па якой пастаўлены радыёспектакль “Крыж міласэрнасці”. Паводле гэтага ж рамана рэжысёрам Дзіамарай Ніжнікоўскай знята і аднайменная кінастужка на студыі “Беларусьфільм”.

А захапілася Валянціна Міхайлаўна гэтай тэмай, калі была студэнткай Львоўскага універсітэта, у якім на пачатку ХХ стагоддзя вучылася і Цётка. Пры гэтым заўсёды падкрэслівала, што Алаіза сама паклікала яе да сябе. І гэтае лёсавае пакліканне расцягнулася на 10 гадоў плённай творчасці. Помню, як мы разам ездзілі на радзіму Цёткі, калі ў Беларусі адзначаўся яе 120-гадовы юбілей. Да гэтай даты прайшлі сустрэчы з удзелам навукоўцаў, пісьменнікаў, грамадскасці. Тады ж, у Шчучыне, на беразе возера, побач са старадаўнімі царквой і касцёлам, быў урачыста адкрыты помнік Алаізе Пашкевіч-Цётцы скульптара Алеся Ліпеня. Быццам прысела яна на хвіліну-другую перад доўгай дарогай. Трошкі стомленая, трошкі самотная. А позірк пранікнёна-удумлівы, крыху затоены. Быццам спытаць у нас штось хоча, углядаецца ў нашы вочы і спрабуе адчуць нашы сэрцы. Быццам дзве эпохі сыйшліся зараз у адну. Паядналіся прарочым радком паэтэсы “стану песняй у народзе…”.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: