З 2 мая на Першым нацыянальным канале пачынаецца «Дэкада памяці» да 77-й гадавіны Вялікай Перамогі. Штовечар у нашай эфірнай тэатральнай зале будуць гучаць спектаклі і пастаноўкі паводле мастацкіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну.
У радыйных фондах захоўваюцца сотні пастановачных работ і паэтычных кампазіцый, прысвечаных ваеннай тэме. І гэты мастацкі радыёлетапіс ствараўся на працягу ўсіх пасляваенных гадоў. Лепшыя творы беларускіх аўтараў абавязкова знаходзілі ўвасабленне ў жанры радыёспектакля. Гэта проза і драматургія пісьменнікаў-франтавікоў і пісьменнікаў з пакалення «дзяцей вайны», а таксама тых, хто нарадзіўся ў мірны час і прыйшоў у літаратуру значна пазней. Нагадаю хаця б некалькі імён: Іван Мележ і Васіль Быкаў, Кастусь Губарэвіч і Кузьма Чорны, Іван Шамякін і Кандрат Крапіва, Іван Чыгрынаў і Алесь Адамовіч, Віктар Казько і Барыс Сачанка, Міхась Стральцоў і Аляксей Дудараў ды многія іншыя. У кожнага з іх – свой мастацкі спосаб адлюстравання тых трагічных падзей ХХ стагоддзя, але адна праўда пра Вялікую Перамогу, якая забрала кожнага трэцяга беларуса…
Стылістыка ваенных радыёспектаклей таксама вельмі розная. Гэта і батальныя гераічныя палотны, і камерныя псіхалагічныя пастаноўкі, і бязлітасныя натуральнасцю жахлівых падзей балады-рэквіемы, і нечаканыя лірычнымі матывамі гісторыі сяброўства і кахання. Хаця, вядома ж, абсалютна кожнаму з іх найперш уласцівы матывы болю і гневу. Пачуцці, з якімі жылі, змагаліся, ішлі на смерць альбо цудам выжывалі ўсе, хто набліжаў чаканую Перамогу.
За апошнія гады мы запісалі некалькі новых радыёспектаклей паводле ваенных твораў беларускіх аўтараў. Частку з іх вы пачуеце гэтымі майскімі днямі ў «Тэатры Беларускага радыё». У панядзелак прагучыць радыёфільм «Пісьмы, вернутыя з небыцця…» – пра лёс старэйшага сына народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы Барыса, які загінуў пад Сталінградам і ўспамінам пра якога для сям’і засталіся толькі сціплыя салдацкія трохкутнічкі. Пра іх нам расказала ўнучка Кандрата Крапівы мастацтвазнаўца Алена Атраховіч. Так нарадзіўся дакументальна-мастацкі аўдыясюжэт.
З 3 па 5 мая слухайце радыёспектакль «Найдорф» паводле аповесці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніка Івана Пташнікава. Твор напісаны на рэальных фактах, звязаных з жыццём самога аўтара, на той час – падлетка. У яго памяці назаўсёды засталіся жахі карніцкіх аперацый і вобразы сапраўдных герояў, што ратавалі ад ворага родны край. Пра аповесць «Найдорф» сам Пташнікаў пісаў: «Мне хацелася на былых рэальных фактах, сваіх вясковых, стварыць вобраз мужнага чалавека Вялікай Айчыннай, аратага і партызана, які араў, сеяў, быў верны сваёй зямлі і тут жа злёг у зямлю, баронячы яе ад фашызму… Гэта быў час, калі гарэлі ў лютым агні беларускія вёскі… У гэты час згарэла Дальва з людзьмі, згарэла мая хата ў маёй вёсцы…».
З 6 па 8 мая «Дэкаду памяці» на Першым нацыянальным канале працягне радыёспектакль «Млечны Шлях» паводле аднайменнага рамана класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага. Задуму свайго твора аўтар сфармуляваў як «беларускі чалавек сярод сваіх еўрапейскіх суседзяў у часе Айчыннай вайны». Гэта філасофскае прачытанне ваеннай тэмы, як агульнага зла для ўсіх народаў Еўропы, роздум пра лёс чалавецтва і лёс цывілізацыі, якая цалкам залежыць ад чалавека. А Млечны Шлях – сімвал вечнасці і чысціні, што аб’ядноўвае не толькі персанажаў твора, але і ўсе пакаленні людзей, якія калі-небудзь жылі на Зямлі, з намі, сучаснікамі.
І завершыць гэты эфірны рэквіем радыёспектакль «Воўчая зграя» паводле аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, які прагучыць на нашых хвалях з 9 па 11-е мая. Яшчэ адна драматычная гісторыя праўды мінулай вайны пераказана слухачу ў мастацкім пастановачным жанры. У аснове сюжэта – лёс маладога партызана Ляўчука, які ў ходзе карніцкіх аперацый, сам паранены, выратоўвае жыццё нованароджанаму хлопчыку. Яны сустрэнуцца толькі праз 30 гадоў пасля Перамогі…
Вядомая ісціна, гісторыя паўтараецца тады, калі чалавецтва забывае пра мінулае, а душа чалавека ратуецца памяццю. Яе галоўнымі захавальнікамі цяпер становяцца новыя пакаленні беларусаў – нашчадкі ўдзельнікаў мінулай вайны. Дзеля гэтага варта і чытаць, і слухаць лепшыя мастацкія творы «ваеннага летапісу».