Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Энергія аўтарскай думкі». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.11.2020
«Адлюстраванні. Энергія аўтарскай думкі». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Лістапад не хоча адпускаць юбілейную дату Беларускага радыё, з якім звязаны лёсы вельмі многіх творчых людзей, знакавых асоб нашай краіны. І ў сённяшнім «Радыёблогу» я б хацела згадаць пра дзвюх цудоўных жанчын – народную артыстку Беларусі Марыю Захарэвіч і пісьменніцу Валянціну Коўтун.

Немагчыма ўявіць гісторыю беларускага эфіру без голасу Марыі Георгіеўны Захарэвіч. У яе творчым актыве – сотні роляў, сыграных ў радыёспектаклях і пастаноўках, яна – выключны майстра мастацкага чытання ў радыёэфіры. Сапраўды, без перабольшвання, можна гаварыць пра радыётэатр Марыі Захарэвіч на Беларускім радыё, творчае супрацоўніцтва з якім доўжыцца дзесяцігоддзі.

Радыйная біяграфія Марыі Захарэвіч – прыклад таго благаславёнага супадзення, калі асоба, час і атмасфера пошуку знаходзяцца ў адной плоскасці. Аднак жа перадусім – асоба артысткі. Бо што такое талент? Боскі дар сто разоў памножаны на працу і яшчэ раз працу. Па словах самой Марыі Георгіеўны, «калі ты не патрацішся, нічога не атрымаецца». І яна ніколі не шкадавала сябе. Радыйны мікрафон, самы чуйны інструмент да ўсялякага фальшу голасу і душы, толькі ўзмацняў вобразы яе гераінь, захоўваючы крохкую мяжу шчырасці і глыбіні. Гэта выдатна разумелі ўсе радыёрэжысёры і кожны запрашаў Захарэвіч да ўдзелу ў сваіх спектаклях. Але самы плённы творчы тандэм склаўся ў іх з Соф’яй Гурыч. Гэты быў той самы шчаслівы выпадак, калі артыст і рэжысёр размаўляюць на адной мове. Не ў сэнсе поўнай згоды, а найперш адчування высокай задачы сваёй працы і адпаведнай адказнасці за яе. Дарэчы, радыёспектакль «Рыбакова хата» паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа ў пастаноўцы Соф’і Гурыч, дзе ў галоўных ролях Данілы і Марыны Смык заняты народныя артысты Беларусі Валянцін Белахвосцік і Марыя Захарэвіч, атрымаў у свой час Дзяржаўную прэмію Беларусі.

А колькі выдатных твораў беларускай літаратуры прачытана ў эфір Марыяй Захарэвіч! Яе голас заўсёды чакаюць прыхільнікі паэзіі і прозы. Эмацыянальная ўзрушанасць і сардэчная глыбіня выканання робяць сапраўдныя цуды! Слова набывае іншую вагомасць, яно стварае выразны свет вобразаў і пачуццяў, якія перадаюць слухачу энергію аўтарскай думкі і вышыню духу. А яшчэ пераконваюць у якасці напісанага.

Разам з гасцямі нашай студыі мы па-сутнасці ствараем радыёлетапіс беларускага мастацкага слова. Таму што прамоўленае тут і зараз сёння – заўтра становіцца гісторыяй. І ў гэтым літаратурным радыёлетапісе заўсёды вельмі натуральна і выбітна гучаў голас пісьменніцы Валянціны Коўтун. Валянціна Міхайлаўна была частым госцем літаратурных праграм Беларускага радыё. На ўсе творчыя прапановы адгукалася лёгка, з асаблівым зацікаўленнем. Выдатная субяседніца – глыбокая, удумлівая! Як яна ўмела імправізаваць! Думка нараджалася адразу ў студыі ў працэсе размовы. І так цікава было за гэтым сачыць, весці дыялог. У ім аднолькава ярка прысутнічала лагічнае і эмацыянальнае, тое, што называюць жывым эфірным дыханнем. Яна заўсёды вельмі тонка адчувала зададзеную тэму гутаркі. Цяпер я разумею, гэта быў яе стан душы: ў пастаянных думках пра літаратуру, сцвярджэнні сябе ў гэтым свеце праз мастацкае слова і праўдзівы вобраз. Я помню, у яе была любімая фраза: «Трэба рабіць сваю работу». Гэта значыла: не плакацца, не скардзіцца, а высока і годна спраўджваць дадзены Богам талент…

Паводле творчасці Валянціны Коўтун у фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат цікавых мастацкіх работ: радыёспектакль «Крыж міласэрнасці», пастаўлены па аднайменным рамане, які прысвечаны Алаізе Пашкевіч-Цётцы, запіс рамана «Пакліканыя», прысвечаны святой Еўфрасінні Полацкай у выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч, некалькі цудоўных кампазіцый паводле вершаў, а таксама шмат цікавых гутарак з самой Валянцінай Міхайлаўнай.

Насамрэч, духоўныя каштоўнасці не падуладныя часу. Яны застаюцца праз гісторыю і адлегласць. І гэтым самым трымаюць нас, пакідаюць спадзеў на лепшае і сутнаснае.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: