Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Фарбы душы». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 11.04.2022
«Адлюстраванні. Фарбы душы». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры працягвае радаваць сваіх наведвальнікаў цікавымі выставамі. Адна з іх – «Фарбы душы» – прысвечана юбілеям цудоўных беларускіх паэтэс: Раісы Баравіковай, Веры Вярбы, Дануты Бічэль-Загнетавай. Яна арганізавана ў вядомай серыі творчых музейных сустрэч «Вясна. Прыгажосць. Каханне». Сёлета да яе далучылася секцыя Беларускага саюза мастакоў «Верасень». Мастачкі Марына Эрэнбург, Вераніка Віткоўская, Ала Каласенцава і Ларыса Зарубіна прапанавалі свае настраёвыя работы. Так, у трох музейных залах, аб’ядналіся дзве музы – паэзія і жывапіс, якія стварылі атмасферу свята вясны. Калі вам хочацца зняць з душы цяжар зацягнутай шэрасці, зазірніце на Багдановіча, 13 і, я чамусьці ўпэўнена, вам ўсміхнецца святло. А разам з ім зменіцца і наваколле.

Арганізатары выставы невыпадкова выбралі такую тэму для новай сустрэчы. Мастацкае слова і жывапісны вобраз маюць найкароткі шлях да нашых эмоцый. Тым больш, калі яны аб’ядноўваюць лёсы таленавітых суайчыннікаў, спадчына якіх застаецца з намі. Паэзія Веры Вярбы, Дануты Бічэль-Загнетавай, Раісы Баравіковай – яркая старонка беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Кожная з паэтэс – непаўторная і прыцягальная самабытнай інтанацыяй. Пранізлівая лірычнасць і жаночая мяккасць, паяднанне зямнога і нябеснага пачаткаў жыцця, абвостранае адчуванне роднай зямлі, свайго, крэўнага, беларускага. І агульная трывога і адказнасць за лёс наступных пакаленняў…

На выставе можна ўбачыць эксклюзіўныя экспанаты з фондаў музея гісторыі беларускай літаратуры. Напрыклад, макеты вокладак і ілюстрацыі да кніг Веры Вярбы “Высакосны год” і “Белыя пісьмы” народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча, а таксама яго серыю унікальных эскізаў “Вярба Вера”, якія былі зроблены ў 60-х гадах ХХ стагоддзя. Шмат нечаканых фотаздымкаў розных гадоў, кніг з аўтографамі. Сярод якіх – Дануты Бічэль-Загнетавай прафесару Адаму Мальдзісу: “Адаму Мальдзісу жадаю лёгкіх адкрыццяў сярод глыбокіх стагоддзяў. 21.ІІ.73”, дарчы надпіс Раісы Баравіковай пісьменніцы Алене Васілевіч на зборніку паэзіі “Адгукнуся голасам жалейкі”: “Дарагой Алене Сямёнаўне, выдатнай пісьменніцы, цудоўнаму чалавеку, незвычайна мілай і абаяльнай. Вельмі сардэчна і з заўсёднай павагай. Рая. 15.ІХ.84г.”, паштоўка самаробная паэта Сяргея Грахоўскага да Раісы Баравіковай з жартоўным вершам “Як шчасця срэбная падкова…”, падпісаная 28 мая 1997 года. Прыклады можна доўжыць. Кожны з іх здзіўляе і чаруе сваёй самабытнасцю, адчуваннем пэўнага часу, які сёння для нас – ужо гісторыя. Тым больш важна яе ведаць, да яе далучацца. Куратар выставы, аўтар навуковай канцэпцыі Паліна Саўген, мастацкае афармленне Лізаветы Стрыгалёвай.

Пад казачным дубам
над Нёманам сінім
хлапец прызнаваўся ў каханні
дзяўчыне.
І рэхам той шэпт
адгукаўся між гаю:
Кахаю, кахаю…
Шапталі яго сенажаць і дуброва,
людзьмі перачутае,
некаму нова,
адзінае, дзіўнае светлае слова –
Кахаю, кахаю…
Люблю…
Беларускаму краю
Бясконца я слова “люблю” паўтараю…

Гэта фрагмент верша Дануты Бічэль-Загнетавай “Роднае слова”, які разам з творамі дзвюх другіх юбілярак, таксама ўведзены ў канцэпцыю выставачнага праекта “Фарбы душы”. Ну а багатую палітру прыроднай гармоніі ствараюць лірычныя сюжэты вядомых мастачак Марыны Эрэнбург, Веранікі Віткоўскай, Алы Каласенцавай і Ларысы Зарубінай. Адчуйце сапраўдную вясну разам!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: