Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Годна і немітусліва». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 22.01.2021
«Адлюстраванні. Годна і немітусліва». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

24 студзеня – 90-годдзе з дня нараджэння вядомага вучонага, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхася Мушынскага.

Яшчэ пры жыцці яго называлі падзвіжнікам беларускай навукі. Такую назву ён сам некалі даў сваёй кнізе пра Максіма Гарэцкага «Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі», творчасць якога скрупулёзна даследаваў многія гады. Як і Міхася Зарэцкага, якому прысвечана цудоўная манаграфія «Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці». Гэтыя дзве грунтоўныя працы спецыялісты лічаць «якасна новым этапам у развіцці беларускага літаратуразнаўства».

Міхась Мушынскі прызнаны самым аўтарытэтным у Беларусі коласазнаўцам. Ім заснавана новая школа беларускага літаратуразнаўства. Яго ведаюць як выключнага тэкстолага – на працягу амаль чвэрці стагоддзя працаваў загадчыкам аддзела выданняў і тэксталогіі акадэмічнага Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы.

Але ў сённяшнім «Радыёблогу» я хачу згадаць пра доўгае і плённае супрацоўніцтва Міхася Іосіфавіча Мушынскага з Беларускім радыё. У адным са сваіх артыкулаў пра Якуба Коласа ён напісаў: «Усё сваё свядомае жыццё Колас бараніў годнасць пісьменніка, годнасць літаратуры як высокага мастацтва, як увасаблення творчай энергіі народа». Тое ж самае рабіў і сам Міхась Іосіфавіч увесь свой зямны век. Годна, немітусліва, з дня ў дзень.

Для мяне ён – класічная асоба вучонага. У яго ва ўсім найперш адчувалася грунтоўнасць. І ў тым, як рыхтаваўся да радыёэфіраў, з якой адказнасцю ставіўся да іх – таксама. Ён не шкадаваў для гэтага свайго часу, ведаючы пра вялікую колькасць слухацкай аудыторыі Беларускага радыё. Яго важкае слова даследчыка можна было пачуць у розных літаратурных радыёпраектах. Помню, у 90-я гады ён актыўна падтрымаў ідэю маёй праграмы «Нанава» – новае прачытанне беларускай класікі, у якой прымалі ўдзел супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. І Міхась Іосіфавіч прапанаваў тады свае вельмі цікавыя каментарыі па асобных творах Якуба Коласа, Міхася Зарэцкага, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага.

На працягу доўгіх гадоў мы працавалі з ім разам у эфіры такіх маіх праграм, як «Дыялог над разгорнутай кнігай», «Крылы», «Нам засталася спадчына», «Дыярыуш», «Гаспода» ды іншых. Ён быў удумлівым і глыбокім субяседнікам, з якім ля мікрафона пачуваешся лёгка і нязмушана, таму што ёсць адкрытасць і даверлівасць. Яго імправізацыя заўсёды была добра падрыхтаванай. Дарэчы, гэта быў час, калі пад навуковым кіраўніцтвам Міхася Мушынскага выходзілі новыя акадэмічныя Зборы твораў Янкі Купалы (у 10 тамах) і Якуба Коласа (у 20 тамах), адпаведна ладзіліся і радыёпрэзентацыі асобных тамоў. Ёсць і юбілейная гутарка, якая была падрыхтавана да яго 80-годдзя. Усцешна сёння, што многія з тых праграм засталіся ў нашых фондах. Прыходзіў ён да нас і са сваімі новымі кнігамі, часам прабачаўся: «Галіна, не магу падпісаць – сігнальны экземпляр!» Але я ж разумела, якая гэта радасць для аўтара!

Пасля запісу, калі была хвіліна, Міхась Іосіфавіч заставаўся ля ўжо адключанага мікрафона, і тут жа штосьці яшчэ даводзіў, выказваў новыя думкі, якія нарадзіліся адразу пасля гутаркі, працягваў пачаты дыялог. А мог прапанаваць і тэму наступнай сустрэчы. Мне здавалася, яму цікава ўсё. Дробязей не было ні ў чым. Калі перадачы яшчэ запісваліся на магнітную стужку, яго захапляў сам вытворчы працэс. Выходзячы са студыі, мог спыніцца ў апаратнай і перапытаць ў гукааператараў: а як вы манціруеце? Ці можна паглядзець? Яго любілі слухаць, апаратная адразу напаўнялася вельмі жывой усмешлівай атмасферай. Яму падабаўся гэты перапынак у гурце людзей іншых прафесій, якія сваёй працай таксама стваралі беларускі эфір.

Што мяне здзіўляла і радавала, як радыйнага чалавека, Міхась Іосіфавіч пры ўсёй сваёй занятасці слухаў Беларускае радыё. А не толькі быў нашым паважаным аўтарытэтным аўтарам, якога мы вельмі цанілі. Яму рупіла абавязкова падзяліцца якімсьці важным ўражаннем – і тое ўжо неістотна, са знакам плюс ці знакам мінус. Пры сустрэчах згадваў, аналізаваў, а то і абураўся – ну як так можна? Званіў пасля асобных перадач. Помню, якое захапленне выклікала ў яго паэма «Новая зямля» Якуба Коласа ў выкананні цудоўнага артыста-купалаўца Аляксандра Уладамірскага з вядомай тэатральнай дынастыі. Гэты твор быў запісаны на Беларускім радыё ў 1994-м годзе. Міхась Іосіфавіч смакаваў кожнае слова і радасць яго была бязмежнай. Ён высока ацаніў і наш новы радыёспектакль «Млечны Шлях», які быў пастаўлены ў 2014-м годзе паводле рамана Кузьмы Чорнага. Увогуле ён быў актыўным і неабыякавым слухачом «Тэатра Беларускага радыё», як літаратуразнаўца цікава разважаў над тым ці іншым творам, які пастаўлены ў жанры радыёспектакля.

Пра свае клопаты як тэкстолага ён таксама, бывала, расказваў. І часта наракаў на недахоп часу. Так шмат яму хацелася паспець зрабіць галоўнага, а штодзённае жыццё падкідвала іншыя праблемы, грамадскія і навуковыя, якія па тых ці іншых прычынах здаваліся яму менш вартымі. Цяпер мне так зразумелы гэты яго неспакой…

«Свайму часу і вечнасці» – так назваў Міхась Мушынскі артыкул, з якога пачынаецца дваццацітомны Збор твораў Якуба Коласа. Тое, што зрабіў у свой час сам Міхась Іосіфавіч дзеля беларускай літаратуры, таксама застанецца ў вечнасці беларускага духоўнага космасу.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: