Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Код непадробнай любові». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 05.04.2021
«Адлюстраванні. Код непадробнай любові». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

У каторы раз пераконваюся, што паэты складаюць сабе біяграфіі і сваімі радкамі таксама. Можа, гэта закон паэтычнага космасу? Ці праўда аголенай душы творцы, які адчувае ўсё роўна больш, чым выказвае? І з гэтым адчуваннем жыве штодня, нясе ў сабе сваю наканаванасць. Таму, мусіць, як ніхто іншы здольны «прадбачыць» і «прабачыць».

Усё прадбачу – дні і ночы…
Усім прабачу – смех і грэх…
І добры спеў, і злыя вочы,
І гром вясны з дажджыстых стрэх…
І – цішыню, бы ў Бога ў вусе,
Каб зноў, праменнем у траве,
Шапнуць на вушка Беларусі:
Твая дачка яшчэ – жыве! (2000 г.)

Валянціна Коўтун – аўтар працытаванага вышэй верша. Заўтра, 6 красавіка, ёй бы споўнілася 75. І ўжо 10 гадоў яе няма з намі. Выдатная пісьменніца, аўтар цудоўных зборнікаў паэзіі: «Каляровыя вёслы», «На ўзлёце дня», «На зломе маланкі», «Метраном» ды іншых. Гэта яна рызыкнула напісаць гістарычны раман-дылогію «Крыж міласэрнасці» пра Алаізу Пашкевіч – Цётку, паплечніцу Купалы і Коласа, таленавітую жанчыну-творцу пачатку ХХ стагоддзя. А захапілася Валянціна Міхайлаўна гэтай тэмай, калі была студэнткай Львоўскага ўніверсітэта, дзе ў свой час вучылася і Цётка. І праз увесь свой жыццёвы і творчы лёс пранесла дарагі ёй вобраз паэтэсы. Напэўна, трэба трапіць у адно сілавое поле, каб так разумець сваю гераіню і так аддана весці творчы дыялог.

Пасля з не меншай адказнасцю і апантанасцю Валянціна Коўтун ўзялася за новую працу: разгадаць таямніцу яшчэ адной жанчыны ў гісторыі Беларусі – святой Еўфрасінні Полацкай. Так быў напісаны раман-жыціе «Пакліканыя», прысвечаны лёсу славутай палачанкі. А да гэтага – больш за 10 гадоў аддадзена грамадскай працы на пасадзе старшыні Міжнароднага жаночага фонду святой Еўфрасінні Полацкай. Потым усіх здзівіў яе паэтычны зборнік «Малітва да Калымы», які выйшаў пад псеўданімам Леся Беларуска, і пра які сама аўтарка ў пасляслоўі напісала, што гэта «метафарычна абагулены паэтычны помнік усім вядомым і невядомым паэтэсам, што так і не змаглі данесці свае галасы да Айчыны…» Згаданае выданне, па-сутнасці, папярэднічала новай глыбокай задуме Валянціны Коўтун – раману пра часы Сталінскага ГУЛАГу. Твор быў толькі пачаты, нават меў рабочую назву, але застаўся незакончаным…

Сваю апошнюю прыжыццёвую кнігу, якая выйшла ў 2006-м годзе, яна назвала «Свяча любові». Помню, як рыхтуючы выданне да друку, шмат пра гэта разважала. Менавіта свяча, а не свечка. Як сімвал, як знак, як дарагі сасуд, які ўтрымлівае любоў і надзяляе ёю ўсіх, хто жадае прыняць гэты Боскі дар.

Паводле творчасці Валянціны Коўтун у фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат цікавых мастацкіх работ: радыёспектакль «Крыж міласэрнасці», запіс рамана «Пакліканыя» ў выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч, некалькі цудоўных кампазіцый паводле вершаў, а таксама гутаркі з самой пісьменніцай.

Валянціна Міхайлаўна была частым госцем літаратурных праграм Беларускага радыё. На ўсе творчыя прапановы адгукалася лёгка, з асаблівым зацікаўленнем. Выдатная субяседніца – глыбокая, удумлівая! Як яна ўмела імправізаваць! Думка нараджалася адразу ў студыі ў працэсе размовы. І так цікава было за гэтым сачыць, весці дыялог. У ім аднолькава ярка прысутнічала лагічнае і эмацыянальнае, тое, што называюць жывым эфірным дыханнем. Яна заўсёды вельмі тонка адчувала зададзеную тэму гутаркі. Цяпер я разумею, гэта быў стан яе душы: ў пастаянных думках пра літаратуру, сцвярджэнні сябе праз мастацкае слова і праўдзівы вобраз.

Што наракаць?! І так для пчолак-словаў
Мы залатымі ліпамі цвіцём,
Каб так пісаць, як жыць і быць – нанова,
І паміраць нанова ўсім жыццём…

Гэтыя словы Алаізы з драматычнай паэмы Валянціны Коўтун «Суд Алаізы» тлумачаць вышыню духу і ахвярнасць лёсу абедзьвюх пісьменніц, што засталіся яркімі постацямі ў беларускай літаратуры. А іх спадчына ўспрымаецца сёння як код непадробнай любові найперш да сваёй зямлі…

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: