Літаральна ўчора, 18 красавіка, адзначаўся Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Беларусі маюць больш за 5,5 тысяч аб'ектаў. У спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны Мірскі замак, палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы, Нацыянальны парк «Белавежская пушча», Дуга Струвэ.
Беларусь здаўна называлі краінай замкаў. Сапраўды, за ўсю гісторыю на нашай зямлі іх было пабудавана сотні і самых розных. Былую веліч і прыгажосць можна пазнаць нават ў тых руінах і знаках, што захаваліся дасюль насуперак усім войнам і разбурэнням няўмольнага руху часу. Сёння спецыялісты вырашаюць пытанні рэстаўрацыі або кансервацыі гістарычных культурных аб’ектаў, каб яны засталіся нашчадкам у сваёй матэрыяльнай прысутнасці. А мастакі слова ствараюць ім кніжныя помнікі, працягваючы іх жыццё ў духоўнай прасторы.
За апошнія гады выйшла нямала такіх кніг. Мне, напрыклад, адразу згадваецца серыя мастацка-дакументальных выданняў пісьменніка Анатоля Бутэвіча: “Таямніцы Мірскага замка. Падарожжа па сівых мурах з Адамам Міцкевічам”, “Таямніцы Нясвіжскага замка. Падарожжа ўглыб стагоддзяў з Уладзіславам Сыракомлем”, “Таямніцы Крэўскага замка. Падарожжа па нашай гісторыі з Вітаўтам Вялікім”. Усе тры выходзілі ў “Выдавецкім доме “Звязда”. Эмоцыя аўтара і гістарычны факт вядуць чытача па лабірынтах замкавых таямніц і пакідаюць жаданне абавязкова наведаць гэтыя мясціны, нават у другі ці трэці раз, таму што гэта – гісторыя тваёй зямлі, і яе жывое дыханне можна адчуць толькі так. Улюбёнец многіх сучасных чытачоў пісьменнік Уладзімір Караткевіч казаў, што “гісторыя – метад мыслення чалавека. Ён і дае магчымасць роздуму над мінулым, сучаснасцю і будучым, бо гісторыя мадэлюе грамадскія працэсы”. Знакаміты раман самога Караткевіча “Чорны замак Альшанскі” таксама нагадвае нам, хаця і ненаўпростава, пра рэальны гістарычны помнік Беларусі – Гальшанскі замак.
У Выдавецкім доме “Беларуская навука” выйшла кніга вядомага паэта Ізяслава Катлярова, якая мае метафарычную назву “Замковое время Беларуси”. Можна сказаць, гэта своеасаблівы працяг яго папярэднега выдання геральдычных санетаў “О, Беларусь, ты гербная держава!”. Жанр новага твора вызначаны, як летапісная паэма, пераклад на беларускую мову Соф’і Шах.
Творчая рызыка, на якую свядома ідзе аўтар, думаю, справакавана не толькі пошукам новых форм і самавыяўлення, але найперш патрабаваннем душы паэта. Грамадзянская і духоўная сталасць дазваляе яму пайсці на такі эксперымент, каб выказаць свой непакой пра захаванне нашай спадчыны. На гэты раз ён выбірае новы ракурс – замкі Беларусі, як маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Іх красамоўныя лёсы, у якія ўплецены жыцці знакавых гістарычных асоб, падзеі, што разгортваюцца вакол гэтых непаўторных твораў дойлідства, узрушваюць чытача. Любіць сваю зямлю, берагчы традыцыі продкаў – значыць ведаць гісторыю, разумець сутнасць рэчаў і быць адказным за дзень наступны.
На працягу паэмы аўтар дазваляе сабе апынуцца ў розных стагоддзях, каб вачыма сведкі данесці праўду, каб стварыць пераканаўчы вобраз. І, як справядліва заўважыў аўтар прадмовы да кнігі доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя: “…вялікі па памеры тэкст паэмы пераклікаецца з маштабнасцю замкавай гісторыі Беларусі, якая спрадвеку знаходзіцца ў няпростым геапалітычным становішчы на скрыжаванні шляхоў зносін”. Мова паэмы асаблівая, з рытмікай летапіснага стылю. Эпічнасць твора – у панарамнасці і шматмернасці гістарычных падзей і часу. А пафас заключных радкоў натуральна пераходзіць у алегорыю чалавечай мудрасці: