Свята паэзіі «Купала заўсёды ў сэрцы маім…» становіцца добрай традыцыяй на Аршанскай зямлі, якая была важным этапам у жыцці народнага паэта. Вось і сёлета, у юбілейны год Песняра, разам з супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Ляўкі адправіўся творчы дэсант. Па дарозе хтосьці з гасцей задаў рытарычнае пытанне, маўляў, і чаму Купала так далёка ад Мінска выбраў месца для дачы? Хаця гэты факт біяграфіі класіка добра вядомы ўсім.
Паводле ўспамінаў народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі, Янка Купала на пачатку лета 1935 года прапанаваў яму разам «з’ездзіць і пажыць на вёсцы». І ўдакладніў, што запрашае на адпачынак яго добры сябра, старшыня Аршанскага райвыканкама Міцькоў. Ён і ўладкаваў пісьменнікаў побач з вёскай Ляўкі, ва ўрочышчы Копыскага лясніцтва, на высокім беразе Дняпра, у сям’і ляснічага Шыманскага. Той першы прыезд выклікаў шмат цудоўных уражанняў, аказаўся плённым на творчасць. Купала напісаў за месяц амаль 20 вершаў, літаратуразнаўцы пазней назавуць іх «ляўкоўскім цыклам». А колькі было запамінальных цёплых сустрэч з мясцовымі жыхарамі! І, калі ўрадам была прынята пастанова да 30-годдзя творчай дзейнасці народнага паэта пабудаваць дачу, ён выбраў менавіта гэту мясціну на Аршаншчыне з ціхаплынным Дняпром і стогадовымі соснамі…
Сёння тут працуе Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі» – філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Песняра. Калі трапляеш на яго тэрыторыю пасля шумнага горада, адразу мяняецца парадыгма настрою. У думках вяртаешся ў тыя далёкія гады, а бег часу запавольваецца. Дакладней, ты яго проста не адчуваеш. А раптам тут, на якой сцежцы, і сустрэнеш Івана Дамінікавіча?.. Думаеш яшчэ і пра тое, што менавіта адсюль пайшоў ён у сваю вечнасць, развітаўся з роднай Беларуссю назаўсёды.
У такіх знакавых мясцінах падсвядома шукаеш моцную эмацыйную кропку. Нечакана для мяне ёю аказаўся помнік Купалу скульптара Анатоля Анікейчыка, які ўразіў і ў першы раз, калі я трапіла ў Ляўкі гадоў 10 таму познім лістападам. Хаця кампазіцыя названа “Восень паэта”, я не адчула у ёй песімістычных журботных настрояў. Тады, пры апалай лістоце, яна падалася мне філасофскім знакам жыцця, напоўненага мудрасцю, цішынёй і спакоем. Цяпер, назіраючы з якімі усмешкамі сядалі побач з бронзавым дзядзькам Янкам удзельнікі свята, каб сфатаграфавацца, я адчувала сапраўдны вір жыцця, якому ніколі не будзе зводу. І ў якім беларусам заўсёды будзе чутна Купалава слова…
А побач – рызыкоўны спуск да Дняпра, са стромкага берага трэба адолець 210 прыступак, хтосьці налічыў нават 242! І вось яна – стыхія вады і дзяўчаты ў купальскіх вянках:
«На Купалле на святое
Рві, матуля, зерне тое,
Што ў нас папараць завецца!
І шчаслівым быць здаецца!..»
Так, паміж рэальнасцю і згадкамі мінулых падзей, вядомых хрэстаматыйных радкоў Купалы, можна бясконца хадзіць сцежкамі Ляўкоўскага запаведніка. Зайсці ў адбудаваную дачу, якая згарэла на пачатку вайны. У адноўленым інтэр’еры пакояў ёсць, дарэчы, і некалькі мемарыяльных рэчаў паэта: рабочы стол, радыёпрыёмнік, барометр. Побач – гараж са славутым «Шэўрале», на якім гаспадар прыехаў з палаючага Мінска ў Ляўкі, а 30 чэрвеня ўжо выехаў у эвакуацыю.
На будынку былой канторы Копыскага лясніцтва чытаем надпіс на мемарыяльнай дошцы: «З чэрвеня 1935 па чэрвень 1941 года ў Ляўках жыў і працаваў народны паэт Беларусі Янка Купала». Гэты дом цудам уцалеў у часы ваеннага ліхалецця. У 2015-м годзе тут створана новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя, асноўнай тэмай якой стала ўвасабленне вобраза «Госці». Як тлумачаць самі музейшчыкі, госцем прыехаў некалі ў гэтыя мясціны Янка Купала. Потым, як гаспадар дачы, сам прымаў гасцей – жыхароў навакольных вёсак, сяброў-пісьменнікаў. Госці па сённяшні дзень прыязджаюць у Ляўкі, каб прайсці Купалавымі сцежкамі. У гэтым доме захаваўся і пакой, у якім ён жыў, пакуль будавалася дача. Так што ў наведвальнікаў ёсць магчымасць у прамым сэнсе дакрануцца да аўтэнтыкі, а сучаснае мультымедыйнае абсталяванне экспазіцыі дазваляе пранікнуцца атмасферай таго часу і адчуць прысутнасць самога паэта. Ёсць чым захапіцца і дарослым, і дзецям.
А яшчэ мяне вельмі парадавала, калі ў разгар Ляўкоўскага свята да Купалы прыехаў вясельны картэж, пакланіцца гэтай зямлі і пакласці кветкі да помніка. Вобраз нявесты, маладой, Яе метафарычна праходзіць праз ўсю творчасць Янкі Купалы. І становіцца сімвалам маладой Беларусі, якая бачылася паэту вольнай і незалежнай.
«…Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..»
Пачаць знаёмства з мясцінамі, што помняць нашага Янку Купалу, ніколі не позна. Зрабіце гэта сёння. Пахадзіце, падыхайце тым паветрам. Падумайце пра нешта важнае для вас, каб перажыць час душэўнага катарсісу. Чалавеку гэта патрэбна заўсёды. Нават калі ён тое і не ўсведамляе сам…
Фота: kupala-museum.by
Больш цікавага ў нашым тг-канале: https://t.me/belradio_1