Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Літаратурныя сядзібы Беларусі». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.05.2020
«Адлюстраванні. Літаратурныя сядзібы Беларусі». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Сёння, у Міжнародны дзень музеяў, прапаную згадаць беларускія «Ясныя Паляны» – літаратурныя сядзібы класікаў, што параскіданы па карце нашай краіны ў самых розных яе куточках. Можна нават скласці свой адмысловы маршрут, які геаграфічна будзе звязаны з лёсам беларускай літаратуры. Кажуць, муры продкаў даюць чалавеку тую сілу, якая здольная пераўтварыць самыя недасяжныя мроі ў рэальнасць. Але і мастацкае слова таксама становіцца рэальнасцю, калі яно дапамагае нам пачуваць сябе годна на сваёй зямлі.

Менавіта такім пачуццём пранікаешся, калі ходзіш зямнымі сцежкамі Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кузьмы Чорнага, Адама Міцкевіча, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Івана Мележа, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна – спіс можна доўжыць. Беларуская зямля спрадвеку была багатая на літаратурныя таленты.

Напрыклад, мясцін, якія помняць нашага славутага Купалу, на Беларусі вельмі шмат. Самыя знакавыя з іх – Вязынка, Яхімоўшчына, Акопы, Ляўкі, сёння гэта – філіялы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, дзе можна атрымаць шмат цікавай інфармацыі і па-іншаму адчуць самога паэта. А потым захочацца абавязкова перачытаць штосьці з яго твораў. І гэтая духоўная повязь будзе яшчэ доўга трымаць душу ў палоне Купалавага слова…

Мінск, Гародня, вёска Ракуцёўшчына на Маладзечаншчыне помняць яшчэ аднаго класіка – Максіма Багдановіча, які, на жаль, вельмі мала пражыў у самой Беларусі. У Ракуцёшчыну ён прыехаў летам 1911 года з Вільні. У гэтай старасвецкай ваколіцы Максім правёў два месяцы свайго жыцця: багатых на ўражанні, прыгажосць і творчасць. Пасля літаратуразнаўцы трапна назавуць той перыяд «Ракуцёўскім летам» паэта. Цяпер тут працуе філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Калі вас цікавіць сувязь літаратурных сядзіб з мастацкімі творамі, то, бадай, самы унікальны прыклад – гэта паэма «Новая зямля» Якуба Коласа. Кіруемся на Стаўбцоўшчыну, дзе знаходзіцца філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Менавіта там, у Альбуці, з 1890-га па 1904-ы жыла сям’я Міцкевічаў. У паэме “Новая зямля” Колас называе яе Парэччам. У адным з лістоў ён прызнаецца: “Гэта строга аўтабіяграфічная паэма як па тых асобах, якія ў ёй апісаны, так і па тых падзеях, пра якія гаворыцца ў паэме…” У сучаснай сядзібе Альбуць гісторыю “Новай зямлі” можна расчытаць дзякуючы літаратурна-мемарыяльнай экспазіцыі, якая і створана паводле паэмы.

Музей-сядзіба Адама Міцкевіча “Завоссе” (цяпер гэта Баранавіцкі раён) паверне нашы думкі да яго славутай паэмы “Пан Тадэвуш”, і нам захочацца канструяваць той час, у якім жыў класік польскай літаратуры беларускага паходжання. Менавіта ў Завоссі Навагрудскага павета, у калядную ноч 1798 года ён нарадзіўся, тут прайшло яго дзяцінства, падлеткам прыязджаў разам з братамі на летнія вакацыі, студэнтам спяшаўся сюды, каб сустрэцца з Марыляй Верашчакай з Туганавіч, яго першым адзіным каханнем…

Францішак Багушэвіч вельмі любіў сваю сядзібу Кушляны, якая знаходзіцца на сучаснай Смаргоншчыне. Так атрымалася, што зямны ўсход і захад паэта сыйшліся ў яго родавым фальварку. Сёння Багушэвічавы Кушляны – дужа прыгожая мясціна і рэальная магчымасць для кожнага з нас апынуцца побач з паэтам у ХІХ-м стагоддзі.

Ушацкі раён самай паўночнай вобласці Беларусі можа падарыць нам сустрэчу з трыма народнымі пісьменнікамі: Петрусём Броўкам, Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным. Да вытокаў іх жыцця і творчасці вяртаюць родныя мясціны класікаў – Пуцілкавічы, Бычкі і Ушачы.

Між іншым, залатое літаратурнае кола Беларусі кожны можа скласці на свой густ, каб адчуць хаду самога жыцця, адкуль, дарэчы, і пачынаецца мастацкае слова.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: