Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Мегрэ загаварыў па-беларуску». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 15.11.2021
«Адлюстраванні. Мегрэ загаварыў па-беларуску». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Да 96-й гадавіны Беларускага радыё Першы нацыянальны канал падрыхтаваў нашым шаноўным слухачам адмысловы падарунак. Сёння, 15 лістапада, мы пачынаем доўгачаканую прэм’еру радыёсерыяла «Мегрэ і чалавек на лаўцы» паводле аповесці Жоржа Сіменона.

У цэнтры сюжэта – папулярны герой, камісар паліцыі Мегрэ, якога сам Сіменон называў «лекарам людскіх лёсаў». У адрозненні ад іншых знакамітых сышчыкаў сусветнай літаратуры, як, напрыклад, Шэрлак Холмс або Эркюль Пуаро, што здзіўляюць глыбінёй эрудыцыі, вастрынёй розуму, Мегрэ падкупляе сваёй чалавечнасцю, увагай да лёсаў простых і сумленных людзей. Нешматслоўны і стрыманы, з абвостраным пачуццём справядлівасці ён здольны разабрацца ў самых заблытаных справах. На гэты раз забойства, якое здарылася ў Парыжы на бульвары Сэн-Мартэн, таксама патрабуе ад камісара пільнай ўвагі і засяроджанасці…

Новы пастановачны праект падкрэслівае не толькі захаванне традыцый «Тэатра Беларускага радыё», але найперш – пошук іншых сучасных форм менавіта ў аўдыяфармаце. Пры гэтым застаецца галоўная ўмова нашай работы. За аснову мы бяром якасную літаратуру. Сіменон – не проста майстра сусветнага дэтэктыва. Для пісьменніка важны сацыяльна-псіхалагічны аналіз матываў злачынства. Яго Мегрэ даследуе чалавечую душу і часта выступае ў ролі абаронцы пакрыўджанага, аднаўляе ісціну. Аповесць, якая стала асновай радыёсерыяла, адлюстроўвае крызіс сямейных каштоўнасцей у пасляваеннай Францыі (год напісання твора – 1953). І на прыкладзе лёсу звычайнага чалавека аўтар сцвярджае вартасць маральных прынцыпаў паводзін у грамадстве.

А жанр радыёсерыяла спрыяе таму, каб сумясціць само дзеянне з гукавым напаўненнем, прыдаць яму дынаміку, сканцэнтраваць увагу слухача на галоўных дэталях. Радыё валодае багатым гукавым спектрам: жывы акцёрскі голас, музыка арыгінальная ці падабраная гукарэжысёрам, натуральныя шумы. Разам яны ствараюць вобраз праўдзівы і загадкавы, які пазбаўлены канкрэтнай карцінкі, таму кожны ўбачыць яго па-свойму. І значыць ва ўяўленні нашых слухачоў Мегрэ будзе розны, аднак і аднолькавы менавіта сваім жаданнем дапамагчы пакрыўджанаму.

Упершыню гэты герой Сіменона загаварыў па-беларуску ў новым мастацкім жанры дзякуючы перакладу аповесці «Мегрэ і чалавек на лаўцы» Алеся Асташонка. Аўтар радыёп’есы Уладзімір Сцяпан, рэжысёр пастаноўкі Алег Вінярскі, гукарэжысёр Валерый Бяляеў, рэдактар і кіраўнік праекта Галіна Шаблінская. Спецыяльна для радыёсерыяла напісана музыка кампазітарам Дзмітрыем Далгалёвым, якая гучыць у выкананні сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі, дырыжор Аляксандр Высоцкі.

Ролі выконваюць артысты вядучых беларускіх тэатраў. Ад Аўтара – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гарцуеў, камісар Мегрэ – артыст Ігар Сідорчык, стары бухгалтар – народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, паліцэйскія інспектары: Сантоні, Нэвэ, Лапуэнт і Люка – заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін і Аляксандр Шароў, артысты Сяргей Жбанкоў і Аляксей Сянчыла, мадам Турэ – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Лясная, Моніка Турэ – артыстка Кацярына Крылова, Антуанета Машэр – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ганна Маланкіна, Марыета Жыбон – артыстка Алена Пастрэвіч, кансьержка – артыстка Людміла Барташэвіч, акрабат Шрамэк – артыст Аляксандр Вергуноў, мадмуазель Леон – артыстка Раіса Астрадзінава, Альбер Жарыс – артыст Арцём Курэнь, Арлета – артыстка Вольга Здзярская, месье Турэ – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Леанід Улашчанка. У масавых сцэнах заняты артысты заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі.

Нагадаю яшчэ раз, прэм’еру дэтэктыўнага радыёсерыяла «Мегрэ і чалавек на лаўцы» паводле аповесці Жоржа Сіменона слухайце на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 15 па 28 лістапада ў 10.10 і 20.20. Больш падрабязную інфармацыю па кожнай новай серыі шукайце таксама на нашым сайце радыё.бел, у раздзеле «Перадачы – Літаратурна-мастацкае вяшчанне».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: