Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Метафара лёсу». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 17.05.2021
«Адлюстраванні. Метафара лёсу». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Заўтра – Міжнародны дзень музеяў, якія іначаць наша жыццё, напаўняюць яго жывой сувяззю з багатай гісторыяй і культурай. Тым больш, што ў апошнія гады ў Беларусі набірае сілы і такі цудоўны праект, як Міжнародная акцыя «Ноч музеяў». Адчуць яе атмасферу можа кожны жадаючы, праграмы прапануюцца вельмі цікавыя і нават нечаканыя. Сёлета яна пройдзе ў суботу, 22 мая.

Маючы асаблівы сантымент да літаратурных музеяў, хачу сказаць, што яны заўсёды ў гэтыя майскія дні ладзяць для сваіх наведвальнікаў шмат розных імпрэз і сустрэч. Напрыклад, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы 18 мая запрашае на адкрыццё выставы «Ад прадзедаў спакон вякоў…», дзе будуць прадстаўлены работы скульптураў Льва і Сяргея Гумілеўскіх. Значнае месца ў творчасці гэтай сямейнай дынастыі займае постаць Янкі Купалы. Адзін з самых вядомых сумесных твораў – помнік Янку Купалу ў Маскве 2007 года. А ўвогуле на вернісажы будзе прадстаўлена больш за 30 работ, дзевяць з якіх – упершыню.

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры заўтра адкрыецца часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць». Праект падрыхтаваны сумесна з Літаратурна-мемарыяльным музеем Ф.М.Дастаеўскага ў Санкт-Пецярбургу. Сёлета ў рускага класіка з беларускімі каранямі – двухсотгадовы юбілей і гэта яшчэ адна цудоўная нагода сустрэцца з яго творчасцю ў такім музейным фармаце. Арганізатары абяцаюць паказаць банерную выставу з Санкт-Пецярбургскага музея пісьменніка, пераклады яго твораў на беларускую мову, крытычныя і аналітычныя працы вядомых даследчыкаў творчасці Дастаеўскага, а таксама – заўважце! – выданні твораў Фёдара Дастаеўскага канца ХІХ стагоддзя з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Менавіта з беларускай вёскі Дастоева Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці паходзіць род Дастаеўскіх. І хаця сядзіба не захавалася, цяпер тут усталяваны помнік вялікаму рускаму пісьменніку Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў «Ноч музеяў» вырашыў канцэптуальна аб’яднаць дзве сёлетнія даты – 130-годдзе класіка і 40-годдзе музея. І прапануе наведвальнікам заглыбіцца ў гісторыю, каб зразумець беларускасць Максіма. А таму святочная праграма пачнецца з музейнага квіза «Загадка Багдановіча» і працягнецца рознымі іншымі цікавосткамі.

Літаратурны музей Петруся Броўкі 22 мая запрашае разам здзіўляцца і адкрываць новае ў розных формах і жанрах: ад класічнай лекцыі з гістарычнай тэматыкай да настольнай гульні «Растлумач мне, калі ласка!», квэста «Пасланні продкаў» і чэленджа «Як прыручыць дракона». Самых кемлівых і ўвішных удзельнікаў «Ночы музеяў» чакаюць прызы. Дарэчы, у музеі працягвае працаваць першая выстава, прысвечаная знакамітаму суседу Петруся Броўкі – акадэміку, гісторыку Мікалаю Нікольскаму, з якой таксама будзе не лішне пазнаёміцца. Магчыма, такі нечаканы выбар тэмы музейшчыкі зрабілі і дзеля гэтага. Ну а больш падрабязна святочную праграму чытайце на сайтах музеяў і іх старонках у сацыяльных сетках.

Такімі майскімі днямі думаецца яшчэ і пра тое, што, выбіраючы летнія вандроўкі, можна скласці для сябе адмысловы маршрут, геаграфічна звязаны з лёсам літаратуры. Дарэчы, не толькі беларускай, але і польскай, рускай, украінскай ды іншымі. І, можа, на гэтых бальшаках і гасцінцах мы больш зразумеем, як рэалізоўваўся талент пісьменніка ў звязку з перыпетыямі жыццёвага і творчага шляху? Куды вялі яго дарогі з роднага краю і ці заўсёды вярталі назад? І якая сіла давала магчымасць выказацца напоўніцу?

Паспрабуйце, хаця б на адзін дзень, разбурыць стэрэатыпы сваіх жыццёвых раскладаў і ступіце на сцежкі, якія помняць хаду Купалы ці Коласа, Чорнага альбо Багушэвіча, Быкава ці Караткевіча… На шчасце, спіс гэтых імёнаў такі багаты. А тое, што адлюстравалася праз іх вялікія і складаныя лёсы ў цудоўных творах беларускай літаратуры, робіць гонар ўсёй нашай нацыі і не дазваляе кожнаму губляць уласную самадастатковасць. Каб захаваць для нашчадкаў спрадвечнае купалаўскае «людзьмі звацца».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: