Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры нагадаў нам адразу пра два цудоўных юбілеі.
Па-першае, 180-годдзе з дня нараджэння паэта-дэмакрата, публіцыста, грамадскага дзеяча і народнага адваката Францішка Багушэвіча. Гэта ён яшчэ ў далёкім 1891-м годзе перасцярог нас сваім, сёння ўжо класічным, запаветам: «Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам... Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы…» Цытата з вядомай прадмовы Багушэвіча да яго першага паэтычнага зборніка «Дудка беларуская».
30 гадоў сёлета і ўнікальнаму музею, які створаны на радзіме класіка беларускай літаратуры ў Смаргонскім раёне – «Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча «Кушляны». Дарэчы, гэта – адзін з дзевяці філіялаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. І адзіная ўцалелая літаратурная сядзіба ХІХ стагоддзя.
Маёнтак Кушляны быў куплены ў 1749-м годзе Антонам Багушэвічам, прапрадзедам паэта. Правёўшы тут маленства і юнацтва, Францішак Багушэвіч вярнуўся ў Кушляны напрыканцы свайго жыцця. Сучасны музей размешчаны ў хаце, якую пабудаваў пісьменнік у 1896-м годзе. З далёкага ХІХ стагоддзя захаваліся таксама каменная адрына, альтанка, старасвецкі парк і каштанавая алея.
Пра гісторыю сядзібы, родавыя карані, традыцыі шляхецкага выхавання ў сям’і Багушэвічаў і тое, як рэальнае жыццё фарміравала творцу, чаму ў асобе Францішка Багушэвіча мы сёння маем першага нацыянальнага паэта, адкуль вытокі яго непахіснай веры ў беларускае слова – пра ўсё гэта ды шмат іншых цікавостак вам абавязкова раскажа дырэктар Кушлянскага музея-сядзібы Францішка Багушэвіча паэт Алесь Жамойцін, які ўлюбёны ў свой край і шмат робіць дзеля захавання спадчыны і шанавання памяці славутага земляка.
А ў Мінску, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, працягвае працаваць часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Бласлаўлёныя Кушляны Францішка Багушэвіча». На ёй можна пазнаёміцца з радаводам Багушэвічаў, пабачыць рэдкія фотакарткі і рэчы, што належалі сям’і пісьменніка, рарытэтныя выданні твораў класіка і захапляльныя краявіды кушлянскага кутка, адлюстраваныя фотамайстрамі. Цэнтральнай кропкай экспазіцыі арганізатары лічаць мастацкі вобраз родных мясцін творцы. Сядзіба Багушэвічаў у Кушлянах наўпростава звязана з лёсам пісьменніка. Сам Францішак Багушэвіч у вершы «Мая хата» падкрэслівае:
Ролю паэта ў беларускай гісторыі абсалютна справядліва вызначыў некалі доктар філалагічных навук, прафесар Алег Лойка: «Між старабеларускай і новай беларускай літаратурай, што зараджалася ў ХІХ стагоддзі, быў Адам Міцкевіч, былі апаэтызаваныя ім ліцвіны. З гэтых ліцвінаў Ян Чачот стане сярод першых беларуска-польскіх паэтаў ХІХ стагоддзя, з гэтых ліцвінаў выйдзе і першы прафесійны беларускі пясняр Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, з гэтых ліцвінаў будзе і першы нацыянальны беларускі паэт Францішак Багушэвіч».
А знаны даследчык беларускай гісторыі, прафесар Адам Мальдзіс у музейнай кнізе водгукаў у Кушлянах пакінуў такі запіс: «Мы ўсе выйшлі з Багушэвіча, ён быў адзін з першых, хто думаў аб народзе».
Сапраўды, жыццёвы і творчы лёс класіка беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя Францішка Багушэвіча – гэта, можна сказаць, адзнака сталасці шляху, які пройдзены нацыянальнай літаратурай.
Ілюстрацыі прадастаўлены Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры