Гэты тыдзень для ўсіх нас пройдзе пад знакам юбілею народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. 7 ліпеня – 140 гадоў з дня нараджэння класіка, імя якога гучыць сімвалам незалежнай Беларусі. У яго асобе мы маем нацыянальнага прарока і патрыёта, які сваім мастацкім словам абудзіў гістарычную памяць беларусаў, вызначыў іх духоўныя арыенціры, сцвердзіў натуральнае жаданне народа быць вольным і самастойным у гурце іншых насельнікаў планеты.
«…Ў народ і край свой толькі веру / І веру ў самаго сябе…» – вось тая дзейсная Купалава формула жыцця, дзякуючы якой можна шмат што спраўдзіць на сваёй дарозе, нават калі яна і не надта простая. А хто сказаў, што ў геніяў бываюць простыя лёсы? Чым цікавейшая постаць, тым больш выпрабаванняў пасылае ёй жыццё. Але, насуперак абставінам, складаецца творчая біяграфія і застаецца спадчына, вартая ўвагі шматлікіх пакаленняў нашчадкаў.
Тое, што Янка Купала нарадзіўся некалі ў купальскую ноч, лічаць знакавым у яго творчым лёсе. Гэтая акалічнасць біяграфіі прынесла яму літаратурны псеўданім і падаравала адпаведны паэтычны тэмперамент, як падкрэсліваюць даследчыкі, «часам агністы, часам сцюдзёны». Сонца і сцюжа – нязменныя складнікі лірыкі Купалы. А ў яго светапоглядзе арганічна спалучыліся язычніцкія і хрысціянскія матывы.
Дзяржаўны літаратурны музей Песняра ў гэты ліпеньскі час ладзіць шэраг мерапрыемстваў, аб’яднаных агульнай назвай «Купалаўскія дні». Яны пачаліся 24 чэрвеня з «Купальскай ночы ў Купалавым доме», 2 ліпеня прайшло свята паэзіі «Купала заўсёды ў сэрцы маім» у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Ляўкі» – надзвычай прыгожай мясціне на высокім беразе Дняпра ў Аршанскім раёне. 7 ліпеня, у Дзень народзінаў Янкі Купалы, адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка Песняру ў Мінску і, калі ў вас атрымаецца, прынясіце Паэту яго любімыя белыя ружы. А ў суботу, 9 ліпеня, вы можаце скіравацца ў Вязынку. Якраз тут, на радзіме Купалы, пройдзе Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…». Менавіта адсюль, з фальварка Вязынка былой Радашковіцкай воласці, 140 гадоў таму і пачаўся адлік зямной і творчай хады будучага класіка беларускай літаратуры. У 1948-м быў адкрыты філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Ваколіцы Вязынкі спрыяюць таму, каб мы сёння змаглі адчуць жывую сувязь з паэтам, пранікнуцца яго беларускім космасам, зразумець душу і моц паэтычнага слова.
І ўвогуле, скарыстайцеся сёлетней святочнай нагодай, каб наблізіцца да Янкі Купалы, прайсціся яго зямнымі сцежкамі, на шчасце, у Беларусі іх нямала. Найперш знакавыя мясціны яго жыцця, якія можна наведаць спрыяльным летнім часам: Вязынка, Яхімоўшчына, Акопы, Ляўкі. Пачытайце ці перачытайце хаця б асобныя вершы класіка, яго цудоўныя паэмы. Вы атрымаеце безліч асалоды і новыя імпульсы для ўласных думак і разважанняў.
А яшчэ звяртаю вашу увагу, шаноўныя слухачы, што ў «Тэатры Беларускага радыё» сёння пачынаецца «Юбілейны тыдзень» народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У нашай эфірнай тэатральнай зале прагучаць радыёспектаклі паводле вядомых п’ес класіка: «Прымакі», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», радыёпастаноўка «Яна і я» па матывах аднайменнай паэмы, а таксама вы пачуеце знакамітую «Бандароўну» ў выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч і народнага артыста СССР Віктара Тарасава. Заключным юбілейным акордам стане праграма «Дабравесце ад паэзіі» ў нядзелю, 10 ліпеня. Слухайце цудоўную кампазіцыю «Шэпчуцца явар з калінаю...» паводле лірычных вершаў Янкі Купалы ў выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Шарова.
Феномен класічных твораў якраз у тым, каб да іх звярталіся новыя пакаленні. Расчытвалі Купалава слова і адчувалі яго жывую прысутнасць у духоўным жыцці беларусаў.