Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Нацыянальная скарбніца». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.10.2021
«Адлюстраванні. Нацыянальная скарбніца». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

6 кастрычніка – Дзень архівіста. І мне б хацелася згадаць адну з нашых самых унікальных архіўных устаноў – Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Ён быў створаны 9 чэрвеня 1960 года і на той час меў крыху іншую назву – Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва БССР.

Прайшло больш за 60 гадоў і сёння мы кажам, што БДАМЛіМ, як скарочана называюць яго многія навукоўцы і даследчыкі, з’яўляецца найкаштоўнай крыніцай па гісторыі культуры Беларусі. Тут захоўваюцца дакументы, паводле якіх можна вывучаць шлях развіцця беларускай літаратуры, музычнага жыцця, выяўленчага і сцэнічнага мастацтва, айчыннага кінематографа. А камплектаванне будучага літаратурнага архіва пачалося яшчэ ў арганізацыйны перыяд. Фонд №1 паэта Міхася Машары паступіў у красавіку 1960 года. Першы працоўны калектыў архіва складаўся ўсяго з трох супрацоўнікаў.

Цяпер у архіве-музеі налічваецца больш за паўтысячы фондаў, асноўную частку якіх складаюць асабістыя архівы пісьменнікаў, артыстаў, кампазітараў, рэжысёраў, мастакоў, а таксама фонды беларускіх тэатраў, кінастудыі «Беларусьфільм», творчых саюзаў. У апошнія дзесяцігоддзі фонды папаўняюцца і дакументамі дзеячаў беларускай культуры замежжа. Тут вы можаце сустрэць самыя вядомыя імёны: Янка Купала і Якуб Колас, Максім Гарэцкі і Цішка Гартны, Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч, Барыс Платонаў і Уладзімір Уладамірскі, Стэфанія Станюта і Аляксандра Клімава, Анатоль Багатыроў і Юрый Семяняка, Ларыса Александроўская і Міхаіл Забэйда-Суміцкі, Іван Ахрэмчык і Арлен Кашкурэвіч ды шмат-шмат іншых.

Адначасова з камплектаваннем архіўных фондаў БДАМЛіМ ствараў і навуковую бібліятэку. Асаблівая каштоўнасць яе ў тым, што сюды ўваходзяць кніжныя зборы дзеячаў літаратуры і мастацтва. Асабістая бібліятэка кожнага творцы здольна, дарэчы, рэканструяваць эпоху, у якой ён жыў, даць пэўнае ўяўленне пра яго асяродак, эстэтычныя і духоўныя прыярытэты. Яркім узорам такой бібліятэкі, якая паступіла з архіўным фондам, з’яўляецца асабістая бібліятэка народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. У ёй – каля пяцісот выданняў, большую частку якіх складаюць кнігі з дароўнымі надпісамі.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваюцца таксама мемарыяльныя рэчы вядомых творчых асоб. У гэты музейны фонд уваходзяць калекцыі фалерыстыкі, выяўленчых крыніц, пісьмовых прылад, музычных інструментаў, гадзіннікаў ды іншыя. Варта падкрэсліць, што яны актыўна выкарыстоўваюцца на розных выставах, якія ладзіць і сам архіў-музей, і супольна з калегамі ў іншых музеях Беларусі.

Сёння БДАМЛіМ з’яўляецца яшчэ і асветніцкім цэнтрам, дзе штогадова праходзяць дзве навукова-практычныя канферэнцыі: традыцыйна ў маі – «Узвышаўскія чытанні», а ў кастрычніку – «Архіўныя чытанні». Тут выдаюцца кнігі, ствараюцца цікавейшыя часовыя экспазіцыі, праходзяць прэзентацыі рэдкіх выданняў. Гэты архіў, які знаходзіцца ў культавым будынку на сталічнай вуліцы Кірылы і Мяфодзія, карыстаецца нязменнай павагай і любоўю ва ўсіх даследчыкаў, хто хаця б раз звяртаўся сюды ў пошуках патрэбных крыніц. Тут заўсёды пануе творча-працоўная атмасфера, якая напаўняецца асаблівым адчуваннем часу.

Архіўны дакумент дазваляе зазірнуць у глыбіню гісторыі. У ім ёсць свая прыцягальнасць і той патаёмны сэнс, які фактычна і робіць магчымым працэс даследавання. А значыць лучыць наш дзень з мінулым канкрэтнай інфармацыяй, жывой эмоцыяй. Наводзіць тыя масты духоўнасці, што аб’ядноўваюць пакаленні, працягваюць лепшыя традыцыі цэлага народа.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: