Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Нястомны шукальнік праўды». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.09.2023
«Адлюстраванні. Нястомны шукальнік праўды». Радыёблог Галіны Шаблінскай

Канец верасня парадаваў выключнай літаратурнай падзеяй. У Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася прэзентацыя 1-га тома Збору твораў класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага ў 12 тамах. Гэта чацвёртае, найбольш поўнае навукова каментаванае выданне. Распачата вялікая справа, мэта якой прадставіць чытачу спадчыну пісьменніка ў яе жанравым багацці і стылёва-моўнай непаўторнасці, паводле творчай волі аўтара.

Кароткім быў яго зямны век – усяго 44 гады. Уражвае прага да працы, якая ніколі яму не здраджвала, ні пры якіх жыццёвых абставінах. І яго апошні запіс у дзённіку, зроблены ў дзень смерці: «Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?..» – які цяпер часта цытуюць, гучыць як прысуд пісьменніцкага лёсу. Светлыня душы і нязломнасць духу засталіся.

Паводле глыбокага пераканання Кузьмы Чорнага, «літаратура – гэта адна з найгалоўнейшых галін нашае культуры. І стварэнне літаратуры – гэта не ёсць забаўка чалавека, якога завуць пісьменнікам. Стварэнне літаратуры – гэта ёсць найадказнейшая вытворчасць. Працэс літаратурнае творчасці адбываецца і павінен адбывацца не толькі тады, калі пісьменнік садзіцца за стол з пяром у руках. Творчы працэс ідзе ў істоце пісьменніка несупынна і ў часе пісання набывае толькі больш выразныя і інтэнсіўныя формы…»

Класічныя творы пішуцца «навыраст». І новае прачытанне класікі адбываецца ў кожнага пакалення. Спадчына Кузьмы Чорнага вяртае нас да істотнага і спрадвечнага: зямля, чалавек, свет. Колькі будзе жыць чалавек на зямлі, ён будзе шукаць сваё месца ў гэтым свеце. Будзе любіць свой дом і свой край, каб зразумець і спраўдзіць сваё «я». У Чорнага гэта – наш беларускі дом і яго герой-беларус, якога аўтар любіць бязмежна. Разумее яго душу, мары і памкненні. Разам з ім пакутуе ад жыццёвых мітрэнгаў і выклікаў лёсу. І разам з ім думае пра лёс Бацькаўшчыны.

А прачытанне творчасці Кузьмы Чорнага ў розных відах мастацтва – яшчэ адно сцвярджэнне геніяльнасці таленту вялікага пісьменніка. Сярод іншых перастварэнняў вобразаў і сюжэтаў класіка на мову музыкі, тэатра, жывапісу, кіно можна асобна гаварыць пра такі ўнікальны мастацкі жанр, як радыётэатр, што існуе на Беларускім радыё яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Свая, самабытная, старонка належыць у ім і Кузьму Чорнаму.

У фондах Беларускага радыё паводле яго твораў захоўваюцца каля 20 радыёспектаклей, пастановак, інсцэніраваных апавяданняў. Першыя пастаноўкі «Вясковая ветэрынарыя» і «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» былі запісаны ў 1956-м годзе, а прэм’ера апошняга радыёспектакля «Млечны Шлях» адбылася ў 2014-м, да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сябра Чорнага, пісьменнік Васіль Вітка ў адным з артыкулаў адзначаў: «Любімы вобраз усёй творчасці Кузьмы Чорнага – дарога. Апісанне, паэтызацыю дарогі вы знойдзеце ў кожным яго рамане, аповесці, апавяданні. Нямала дарог, сцежак ён сам выхадзіў у жыцці. Нямногія ведаюць, што ўжо будучы аўтарам першых сваіх апавяданняў, паступаць у Беларускі універсітэт з Цімкавіч у Мінск ён прайшоў пеша – каля ста пяцідзесяці кіламетраў. Чорны і цяпер у дарозе. Можа, ідзе ён у шырокі свет залішне разважліва, паволі, але затое надзейна».

У дарозе і новы Збор твораў класіка ў 12 тамах, які, дарэчы, выходзіць у выдавецтве «Беларуская навука» і які абавязкова знойдзе свайго неабыякавага чытача. Таму што ўся творчасць Кузьмы Чорнага была і застаецца малітвай любові, адданасці і ахвярнасці Беларусі і беларускаму слову.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: