Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Парадаксальная сіла класікі...» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.01.2021
«Адлюстраванні. Парадаксальная сіла класікі...» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Мінуў амаль тыдзень новага года. А сённяшні вечар праваслаўным вернікам падорыць радасць сустрэчы вялікага свята – светлага Нараджэння Хрыстова. Пачынаюцца і Калядныя дні з іх даўнімі народнымі традыцыямі, у якіх столькі жыццёвай мудрасці і глыбіні! Увогуле пачатак кожнага года настройвае, праграмуе нашу душу, я б сказала, на стваральны матыў. Праўда, яго трэба адчуць, і тое ўжо залежыць ад кожнага канкрэтнага чалавека.

Зрэшты, у гэтым нам можа дапамагчы і мастацкае слова. Літаратурны твор заўсёды быў і застаецца адлюстраваннем тых ці іншых жыццёвых калізій, нават калі ён цалкам прыдуманы. А класіка ўвогуле мае парадаксальную сілу. Чым далей ў гісторыі застаецца сам аўтар, тым бліжэй яго спадчына новым пакаленням чытачоў.

Сёлетні год – юбілейны для Максіма Багдановіча, у снежні – 130-годдзе з дня яго нараджэння. Зорка «Максіма-кніжніка», як называюць паэта даследчыкі, дасюль прыцягвае сваёй таямнічасцю і унікальнасцю. Праз самоту і фізічную хваравітасць, нягледзечы на кароткі зямны век, ён паспеў сказаць тое, што было наканавана лёсам, хаця, вядома, цалкам не выказаў сябе. Аднак яго адзіны зборнік «Вянок» застаецца ўзорам высокага спалучэння зместу і формы, які дасюль нікім не паўтораны. Багдановіч быў адкрывальнікам і шукальнікам таго новага ў нацыянальнай паэзіі, што загаварыла яго вуснамі «таленавіта на ўвесь свет». Ён застаўся маладым ў памяці сучаснікаў, і гэтая акалічнасць лёсу зрабіла паэта сімвалам прыгажосці і надзеі ў беларускім слове.

А наступныя, добра вядомыя нам, Багдановічавы радкі больш чым праз стагоддзе гучаць заклінаннем і мальбою ўсім сённяшнім жыхарам нашай планеты:

Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?..

У сакавіку – 125-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы, бліскучага паэта-сатырыка і выдатнага драматурга. Калі б ён напісаў толькі адну сваю камедыю «Хто смяецца апошнім», і гэтага б хапіла, каб застацца ў гісторыі беларускай літаратуры. Выкрывальнік заган чалавечага жыцця сатырычным смехам, а часам і мяккім гумарам Крапіва пакінуў нам у спадчыну творы, як кажуць, «навыраст». Яны – як выратавальныя лекі ад агульных хвароб грамадства на розных этапах гісторыі. А колькі крылатых выслоўеў байкапісца дасюль засталіся папулярнымі ў народзе! Яго доўгажыхарства, а пражыў Кандрат Кандратавіч 94 гады, некаторыя даследчыкі звязваюць з эстэтычным крэда пісьменніка, галоўнай зброяй якога быў менавіта смех.

І яшчэ пра два сёлетнія прыгожыя літаратурныя юбілеі хацелася б нагадаць нашым слухачам. Гэта – 100-годдзе народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна і Івана Мележа. Абодва нарадзіліся на Гомельшчыне, 30 студзеня – Іван Пятровіч, 8 лютага – Іван Паўлавіч, у літаратуру прыйшлі на пачатку саракавых, належаць да пакалення беларускіх пісьменнікаў-франтавікоў. Але пры пэўным падабенстве біяграфій – мастакі розныя па выяўленні свайго таленту. Ваенная тэма для абодвух была вельмі важнай. І ўсё ж чытачы больш ведаюць, скажам, «Палескую хроніку» Івана Мележа, чым яго раман «Мінскі напрамак». Незакончаная трылогія, у якую было ўкладзена столькі сіл! Меўся быць і працяг, калі б не заўчасны адыход пісьменніка. Пра сваё роднае Палессе Мележ казаў, што зямля гэтая дарагая яго сэрцу, «як ніякая іншая». Ён пакінуў пра яе ў спадчыну беларусам унікальны твор – сваю «Палескую хроніку»!

А раман-пенталогія Івана Шамякіна «Трывожнае шчасце» лічыцца кнігай аднаго пакалення, дзе ваенны складнік досыць моцны, і якая прызнана адным з шэдэўраў. Увогуле ім напісана нямала твораў пра вайну, глыбокіх, трагічных, неадназначных. Шамякіна справядліва называюць летапісцам свайго часу. Як мастак і гуманіст, ён сказаў сваё слова пра цэлую эпоху, у якой выпала яму жыць да пачатку 2000-х гадоў.

У нашых радыйных фондах захоўваецца шмат цікавых радыёспектаклей і пастановак паводле творчасці згаданых пісьменнікаў-юбіляраў. І на хвалях Першага нацыянальнага вы зможаце сустрэцца з героямі вядомых твораў класікаў. Прынамсі, першая такая сустрэча дакладна адбудзецца ў канцы студзеня, на «Юбілейным тыдні» Івана Шамякіна ў «Тэатры Беларускага радыё».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: